Зайшла Сынклета Лукічна. Маша збянтэжылася і пасля прывітання доўга маўчала, не ведаючы, аб чым начніц, гаворку, пра што спытаць, як трымаць сябе. Да гэтага яны сустракаліся так проста і шчыра, па некалькі разоў на дні хадзілі адна да адной. А цяпер... было прыкметна, што і Сынклета Лукічна адчувае сябе ніякавата, хвалюецца і таксама не ведае, як пачаць гаворку. Яна села каля стала, узяла ў рукі кнігу, заглянула ў другую, разгорнутую, заўважыла:
— Адразу відаць, каму што рупіць. У Машы — «Агранамія», у Сашы — вершы... — і зноў змоўкла.
Размову пачала Алеся і пачала, як кажуць, з лабавой атакі.
— А мы думалі — Максім, — нібы зусім абыякава, гартаючы кнігу, сказала яна.
— А мне вы ўжо і не рады? — паспрабавала пажартаваць Сынклета Лукічна, узрадаваная, што размова пачалася ў патрэбным ёй кірунку.
— Што вы, цётка Сыля! — прамовіла Маша, нездаволена глянуўшы на сястру.
— А я па даручэнню сына.
— А ён ужо дома? — хітра спытала Алеся, хоць добра ведала, што ён вярнуўся.
— У Шаройкі. Вечар там. Частуюць яго. І вось ён паслаў мяне, каб я цябе, Машанька, запрасіла... Там усе патр...
— Што-о? — Маша не дала ёй скончыць.
Яна працягнула гэтае слова ціха, здзіўлена, і Сынклета Лукічна спалохана змоўкла.
Маша адарвалася ад грубкі разам з гэтым працяглым «што-о...», хвіліну пастаяла нерухома і, раптам, адчуўшы нейкую дзіўную слабасць, села на ложак. У першы момант у грудзях зрабілася холадна, а потым усё нутро заліла балючая гарачыня. У скроні застукала кроў. Яна сашчапіла пальцы і моцна прыціснула далоні да грудзей. І можа ад гэтага стала цяжка дыхаць.
У адзін момант яна ўспомніла, як некалькі дзён назад уяўляла яго прыезд, сваю першую сустрэчу з ім.
— Максім прыехаў! — прынясе ў хату радасную вестку якая-небудзь дасціпная, цікаўная суседка ці не менш цікаўная дзяўчынка. (Так яно і здарылася потым.) Безумоўна, ён спачатку зойдзе да маці. Але праз поўгадзіны, ну, хай праз гадзіну, ён абавязкова прыдзе да яе, вось сюды, у гэтую новую светлую хату, якую збудавала ім дзяржава. Яна будзе адна, апранутая для сустрэчы па-святочнаму. (Яна жадала, каб у гэты момант нікога не было ў хаце, ні Пятра, ні Алесі.) Яна знарок стане спіною да дзвярэй, будзе глядзець у акно, або ў кнігу, нібы яна нічога не ведае, нікога не чакае і не бачыць яго. Ён ціха пакліча:
— Маша!
Яна павернецца.
— Максім!
Яны пойдуць адзін аднаму насустрач павольна, але яна не стрымаецца, яна кінецца і імкліва абдыме яго. Пасля яна будзе глядзець яму ў вочы — які ён стаў, — гладзіць яго шчокі, жартаўліва кратаць вусы.
— Максім!
Магчыма, што яна заплача. Хіба сорамна ў такі момант заплакаць? Яна-ж шэсць год чакала яго.
Чакала...
Маша схамянулася і ўспомніла другое: як яна, апранутая па-святочнаму, чакала яго ў дзень прыезду, і як яны з Алесяй рыхтаваліся да яго прыходу. Сорам, абраза і крыўда напоўнілі яе сэрца.
І вось, нарэшце, ён успомніў пра яе. Не, яму напомнілі... І... прыслаў маці запрасіць... Куды? На вечар... да Шаройкі... Маша падняла галаву, сустрэла нецярплівыя позіркі Сынклеты Лукічны і Алесі і зразумела, што яна занадта доўга маўчыць, што ад яе чакаюць адказу. Яна паднялася, наблізілася да стала і, хаваючы хваляванне, ціха, але выразна сказала:
— Скажыце вашаму сыну, што ён... — яна пашукала патрэбнага слова, не знайшла і, махнуўшы рукой, адвярнулася да акна.
Сынклета Лукічна апусціла галаву і доўга моўчкі перабірала складкі спадніцы. Потым вінавата сказала:
— Машанька, родная. Хіба-ж я... — і таксама не скончыла — праслязілася.
Маша схамянулася і хутка падышла да старой.
— Не трэба, цётка Сыля... Даруйце мне,— і ў самой на расніцах заблішчэлі слёзы.
13...
Замест снегу, якога чакалі з своеасаблівай сялянскай тугою, заходні вецер прыгнаў дождж. Ён пайшоў нечакана, пад раніцу, калі яшчэ не адлёг мароз. Усё — зямля, дрэвы, стрэхі — пакрылася звонкай ледзяной коркай.