Яшчэ здалёк, з канца вуліцы, Максім убачыў каля сваёй зямлянкі коней і людзей.
«Што такое?» — здзівіўся і нават на момант устрывожыўся ён. Але, падышоўшы бліжэй, убачыў, як людзі скатваюць у штабель бярвенні, і ўсё зразумеў. Шаройка выканаў сваё абяцанне.
«Вось гэта па-мойму: сказаў — зрабіў. Як-жа гэта я забыў?» — яму стала няёмка, што пакуль ён гуляў, людзі працавалі на яго.
Абапал зямлянкі ляжалі штабялі сухога сасновага бярвення. Да аднаго яшчэ пад'язджалі фурманкі, мітусіліся людзі.
Максіма сустрэлі шумна, вясёла.
— Здароў, Максім Антонавіч. Прымай работу!
— Глядзі, колькі наварочалі, пакуль ты гуляў!
— Ну, Максім, з цябе, брат, магарыч!
— Ён і не сніў, мабыць, што яго хата сёння дома будзе.
— Тут не хата, а добрых дзве з усімі прыбудовамі.
— Калгас!
— Аднаму на поўгода хапіла-б вазіць.
— Амяльян Дзянісавіч пастараўся!.. Ён калі захоча, з-пад зямлі...
— Вось іменна, калі захоча, — ціха азваўся нехта за спіною ў Максіма.
— Ну, хлопцы, узялі апошнія!
Максім скінуў шынель, узяў самы цяжкі дубовы кол, падхапіў ім камель тоўстага бервяна.
— А ну вазьмі, хлопцы! Так-так! Узялі! Узялі! — гучна камандаваў Іван Мурашка, і Максім дзівіўся, адкуль столькі спрыту ў гэтага хлопца.
— Яшчэ раз! — грымеў бас Андрэя Грыбача.
— Ды разок! —спяваў тонкі хлапечы голас.
— Гоп!
— Пайшла!
— Ляжы, мілка, пакуль цесляры не патурбуюць.
Бярвенні былі сухія, звонкія. Ударыш — увесь штабель гудзіць, нібы далёкі звон. Пахлі яны смалой, лясной прэласцю, ігліцай, што прымерзла да вуглаватых камлёў з белымі елачкамі падсочкі.
Максім ап'янеў ад работы. Ён крычаў разам з усімі, камандаваў па-гаспадарску смела і гучна, перабягаў з месца на месца. Пад руку трапіўся кол з маладой сасонкі, толькі што ссечанай у лесе, кара на ім аблузалася, і Максім запэцкаў рукі і гімнасцёрку ў ліпучую смалу. Але затое, як пахла яна, гэтая свежая смала! Жывым лесам. Сапраўды можна ап'янець, як п'янееш вясной, у маладым хвойніку, калі ён абсыпай жоўтай квеценню.
Хутка рос другі штабель. Разгружалі апошнія фурманкі.
Сынклета Лукічна тупала вакол, з ціхай мацярынскай радасцю і гонарам глядзела, як спрытна працуе сын і адначасова баялася за яго: яшчэ надарвецца. Бач, як хапае! Адзін калоду падымае. Трэба папярэдзіць, каб не надта натужваўся.
Потым яна ўспомніла аб другім і спалохана пляснула далонямі.
«Божачка мой! Людзей-жа пачаставаць трэба. А я і не падумала. Не вялікі цяжар пачаставаць. Слава богу, ёсць чым. Але дзе?»
Убачыўшы, што Максім на момант адарваўся ад работы, каб выцерці пот, яна падбегла да яго, паклікала ўбок.
— Максімка, людзей-жа пачаставаць трэба. Цалюткі дзень па марозе стылі...