Я ад 1995га працаваў на Рэвалюцыйнай, 8А на “Radio 101,2 FM”, а мысьляр, мастак і дудар Тодар Кашкурэвіч гаспадарыў у майстэрні на Рэвалюцыйнай, 6. Я Тодара ведаў, а вось ён мяне наўрад ці. Ну, віталіся і віталіся моўчкі — восем гадоў. І нарэшце пагаварылі.
Тым вечарам вялікая тусоўка з поўнымі торбамі ішла з “Цэнтральнага” за Дом афіцэраў, дзе такое файнае месца для пікніка! Перад тым доўга зьбіраліся, доўга блукалі ў перапоўненым увечары гастраноме, доўга вырашалі куды ісьці, толькі рушылі… і раптам Касю спыніў Тодар.
Мы адышлі, каб не замінаць размове. Хвіліна, другая, пятая, дзясятая… Ну дзе ўжо трываць?! Падыходжу, далікатна кажу:
— Вельмі перапрашаю, але… У адказ прыблізна наступнае:
— Калі зараз не адыдзеш, я табе рыла разаб’ю.
І вачыма шалёнымі зырк-зырк. Я адышоў. А Кася ўсьміхаецца. Пазьней кажа: “У момант, калі ты падышоў, Тодар прызнаваўся мне ў любові”. Праз шмат гадоў па маўклівых вітаньнях.
P. S. Пазьней мы з Тодарам пачалі ня толькі вітацца, але размаўляць за кавай у “Акварыюме”. А драматычнасьць моманту выявілася не такой значнай, бо прызнаньне ў любові было ў шырокім сэнсе.
Вядомую асобу ў Менску сустрэць проста. Ды што там! З самім сабою завочна можна перасякнуцца! Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ў Менску былі прапісаныя каля мільёна васьміста тысячаў чалавек. Плюс некалькі сот тысячаў непрапісаных сталых жыхароў, а таксама колькі дзясяткаў тысячаў нелегалаў зь іншых (найперш постсавецкіх) краінаў. Але ці заўважна ў цэнтры, што ў Менску і ваколіцах жыве больш за два мільёны чалавек? Менск кампактны.
Неяк я зайшоў у офіс, дзе працаваў, зь вельмі задаволенай фізіяноміяй на твары, бо ведаў, што мяне чакае маленькае шоў: хутчэй за ўсё нямая, але выразная сцэна. У пакоі сядзелі Юля Ш. і Сьвета К. Яны засяроджана працавалі, і зь іхнага аблічча аніяк не вынікала, што спадарыні могуць калі-небудзь захоплена махаць рукамі, стоячы пасярод натоўпу, ды голасна
Спадарыні на момант аслупянелі, пасьля зачырванеліся і разгублена захіхікалі. Яны спрабавалі штосьці адказаць, але ня ведалі, што канкрэтна… Яны не ўяўлялі, як рэагаваць, і глядзелі на мяне. Але паколькі гісторыя мяне ўразіла падобраму, я супакоіў: маўляў, усё ОК. І мы засталіся сябрамі.
А рэч у тым, што ў той дзень мне затэлефанавала веееельмі далёкая знаёмая, зь якой ня бачыліся мільён гадоў. Яна азадачыла мяне пытаньнем: “Севярын, а ў цябе прозьвішча Квяткоўскі?” “Так”. — “А што такое па-беларуску “лайдак”?” — “Лодыр, а што?” — “Ды разумееш, я ўчора іду па краме “На Нямізе”, стаяць дзьве дзяўчыны і вельмі захоплена штосьці абмяркоўваюць. Я хутка іх мінаю, але да мяне далятае фраза: “…і нават ТАКІ лайдак, як Квяткоўскі…”
“А хто гэта ў нас завёўся, па-беларуску гаворыць?” — “А ты ня ведаў? Гэта ж новы прыкол менскіх панкаў!”
Дыялёг, падслуханы на колішняй гіпанскай тусоўцы побач з крамай “Нэктар” на вуліцы Чырвонай у Менску на пачатку 1990-х. Гаворка ішла пра майго прыяцеля Андруся. Размаўляць са сваімі сябрамі-гіпі па-беларуску было для яго сапраўдным учынкам: нібы кідаўся на амбразуру расейшчыны. Але і Андрусь, і я, і нашыя сябры амаль фізычна адчувалі, як зьмяняецца стасус мовы з “калгаснага” на “элітарны”.
Мы, першакурсьнікі, лавілі сапраўдны кайф, калі абмяркоўвалі па-беларуску нашыя студэнцкія праблемы. Мову перасыпалі процьмай слэнгавых, а часам і табуяваных слоўцаў. Перад тым я бачыў жывых беларускамоўных людзей адно на сустрэчах зь пісьменьнікамі ды пару разоў у электрычцы Менск — Маладэчна. Цяпер я ведаю, што бачыў майстроўцаў, якія ехалі ладзіць ці то Гуканьне вясны, ці то Купальле. Я чуў мову зь вялікай літары, дзе не было месца мітусьлівым тэмам. Я чуў сакральную Мову.
Калі ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гаварыць па-беларуску на вуліцы было ўчынкам, дык і цяпер маўленьне ў грамадзкім месцы для многіх ёсьць чынам. Аднойчы з прыяцелем сядзелі ў кавярні. Я зрабіў афіцыянтцы заўвагу — па-расейску. Прыяцель разьюшыўся: “Ты дома, калі ніхто ня бачыць, можаш гаварыць па-расейску. А гэтых… Гэтых трэба строіць па-беларуску”. (З чым я катэгарэчна не пагадзіўся, бо ўдома і ёсьць усё сапраўднае.) Той жа прыяцель спавядае правіла не казаць па-беларуску, калі ён знаходзіцца ў няёмкім становішчы: напрыклад, калі відавочна ня мае рацыі, кепска паголены ці зь перагарам з роту.
Мова ці словы мовы застаюцца ці робяцца для многіх сакральнымі. “Жыве Беларусь!”, “Незалежнасьць!”, “Ганьба!” — скандуюць расейскамоўныя ў жыцьці дэманстранты. Адзін малады калега неяк абурыўся: “Божухна, зь якім жахлівым расейскім акцэнтам гаворыць Барыс Хамайда, віцебскі апазыцыянэр!” “Дык што лепш, — пытаем, — па-расейску зь беларускім акцэнтам ці наадварот, па-беларуску з расейскім?” Для мяне адказ відавочны. Памятаю этыёпа Адэру з гістфаку БДУ, які вітаўся наступным чынам: “Добрі дзень, на якой мове сёньня размаўляемь, на белярускай ці рюскай?” Гэтага чалавека хацелася абняць, як брата.
Колькі беларусаў, столькі беларускіх моваў. Ведаю ў Менску Сержука, які распрацоўвае “свэйную” мову паводле прынцыпу абынепадобнадарасейскай. У Сержуковым лексыконе няма “фотаапарата”, а ёсьць, напрыклад, “сьвятларыс”. Гэтаксама няма “магнітафонаў”, “электрычнасьці”, “бэнзіну”, “батарэек”… Сяржук, відавочна, унікум. Што да большасьці, ужо растуць новыя, натуральным чынам беларускамоўныя дзеткі, а іхныя бацькі так і блытаюцца між “верталётам” і “гелікоптэрам”, “хакеем” і “гакеем”, “Вітабскам” і “Віцебскам”, “Палестынай” і “Палясьцінай”. Часьцяком праскокваюць знаёмыя зь дзяцінства “вілка”, “табурэтка”, “стул”… “Дыван” блытаецца з “канапай”, а “фатэль” з “крэслам”. Але калі заходзіць пра філязофскія спрэчкі, сытуацыя зьмяняецца. Паспрабуй адразу перакласьці на расейскую “рэчаіснасьць”!..
Паза працай, домам і сяброўскім колам беларуская мова дагэтуль застаецца палітыкай. Хочам мы таго ці не. Сыходзіць пакаленьне натуральных носьбітаў мовы: бабулі й дзядулі. Тыя бабулі й дзядулі, якія гаварылі “папросту”, “па-тутэйшаму”, якія галасавалі за тых палітыкаў, якія ня хочуць нават згадваць пра беларушчыну як такую. Але застаемся мы, новыя беларусы. Усё часьцей мне ў часе вулічных апытаньняў маладыя людзі адказваюць па-беларуску. Гэта ня значыць, што яны й у паўсядзённым жыцьці карыстаюцца беларускай мовай. Але калегі-журналісты, слухаючы маё вулічнае апытаньне, ужо перасталі жартаваць: “Ты што, пад філфакам стаяў?”
Мала таго, што я авалодаў літаратурнай мовай, дык я пераняў ад Лявона Вольскага ды іншых “музыканцікаў дарагіх” інцелягенцкую трасянку, такі наваствораны сьцёб-слэнг. І вось, аднойчы на мосьце празь Сьвіслач на праспэкце Скарыны я пачуў сабе ў сьпіну: “Молодой человек, вы очень неправильно говорите по-белорусски”. Жанчынка сярэдніх гадоў зрабіла заўвагу. Цяпер на літаратурную вэрсію мовы часьцей пачуеш: “Як вы хораша гаворыце па-беларуску” ды хіба “А зачем вы говорите по-белорусски?”.
А ў 1990-х публіка яшчэ нэрвавалася. Прыяцель Альгерд Н. распавёў, як нават быў вымушаны ў трамваі даць у пысу грамадзяніну, які наяжджаў на мову і “не хацеў супакойвацца”. Альгерд распавёў, што грамадзянін зь віскатам упаў на падлогу трамвая, а публіка была задаволеная. Мая гісторыя адбылася ў тралейбусе. Без мардабою, але зь фіналам, які мяне агаломшыў.
Годзіку ў 1999м сеў я ля цырку ў тралейбус, каб пад’ехаць адзін прыпынак да пляцу Перамогі. Дакладней, ушчаміўся. Сьледам ушчаміўся калдыр. Побач быў прышчэмлены дзядзька з інтэлігенцкай бародкай. Дзядзька запытаўся ў калдыра: “Прабачце, вы выходзіце на наступным?” Калдыр узьвіўся, маўляў, “ты што, по-русски не умееш? Да вы достали со своей мовай. Да нету такого языка, попридумывали, мля…” Я пачакаў, інцелягент патупіў вочы і маўчыць. А калдыр працягвае. Тады я кажу, маўляў, “заткні пасьць, яшчэ слова скажаш, вылеціш з тралейбуса разам зь дзьвярыма”. І народ маўчыць, слухае. Зрэшты, прыпынак кароткі. Высыпалі мы з тралейбуса, як гарохі, і…
Якія вэрсіі? Ну, ясна, калдыр адразу кінуўся — налева. А інцелягент? Я меркаваў, што хоць бы “дзякуй” скажа за падтрымку… Ламануўся направа, як заяц.
А ў правінцыі твая беларуская мова надае падвойнае сталічнасьці! Едзем з прыяцелямі мікрааўтобусам на бераг рэчкі Аўсянкі ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласьці. Адтуль пачнецца нашая вандроўка на байдарках у бок расейскае мяжы. У Гарадку спыняем мясцовага хлопца, каб даведацца дарогі. Хлопец тлумачыць і пытаецца: “А вы што, из Минска?”— “Так, а як здагадаўся?” — “Хорошо по-белорусски говорите”.
Чым далей, тым усё меней трапляецца адмоўная рэакцыя на беларускую мову, кашталту: “А, пазьнякоўцы-нацыяналісты!” — часьцей даводзіцца чуць: “Вой, як хораша гаворыце!” У кожным выпадку, твая беларуская гаворка заўважная, ты вылучаесься з шэрага натоўпу. Калі ўвесь час — гэта стамляльна. Я не раблю з мовы чын. І за сабой, і за сваімі знаёмымі заўважаю, што часьцяком проста тыцкаю пальцам у патрэбную ў краме рэч. Без “калі ласка” і “дзякуй”. А вось расейскамоўная бармэнка кавярні “Тэатральны разьезд” паслугоўваецца толькі беларускімі “калі ласка” і “дзякуй”.
Вольга Гардзейчык распавядае:
“У 1990-х заходзім неяк зь сябрам у кавярню “Тэатральная” на каву. Па-турэцку там каву добрую рабілі (а мо й цяпер яшчэ робяць). Падыходзіць нашая чарга, і сябар кажа да бармэнкі:
— Дзьве кавы і шклянку соку. Дадаю:
— Шклянка — гэта стакан. А цётка, абурана:
— Разумею, ня зь вёскі!”
Гісторыя ад Уладзімера Цэсьлера, якую мне распавёў музыка джазбэнду “Apple Tea” Аляксандар Сапега.