Сапраўднае сьвята — калі мара хоць на імгненьне робіцца рэальнасьцю.
15 сакавiка 2000га, Марш Свабоды-II. Не даходзячы да пляцу Бангалор, збочваем зь сябрамi да ўнiвэрсаму “Рыга”, каб пагрэцца кавай ды гарбатай. У кафэтэрыi дзьве касы, дзьве прадавачкі. Зьмiцер Бартосiк падыходзiць да першай i замаўляе: “Калi ласка, бутэрброд з гарбушай i адну гарбату”. Калi Бартосiк уступае ў кантакт з паспалітым людам пабеларуску, ён рыхтуецца як найменш да сутычкi, таму крыху хвалюецца. Беларускiя словы, прамоўленыя неперадавальнымi ніжагародзкімі iнтанацыямi, умомант вырубаюць супернiка. “Што-што?” — перапытвае прадавачка, чарнявая дзяўчына гадоў дваццацi. “Гарбата” по-русски значит “чай”, — вясёла тлумачыць наш калега, журналіст Алег Дашкевiч. Сьледам раблю замову я: “Адну каву”. “Это кофе?.. Я по-белорусски не понимаю, я россиянка!” — дзяўчына адказвае агрэсiўна. “Россиянка?.. Вы беженка?!. Из какого региона?” — спагадліва перапытваю. Алег Дашкевiч таксама замаўляе “адну каву”, i мы ўтрох адыходзiм да стойкi. За намi чарга чалавек дваццаць, усе — з Маршу.
На пятым замаўляльніку кавы маладая прадавачка ў гiстэрыцы адскоквае ад касы. Праз хвiлiну з кута даносяцца словы, якiмi яна скардзiцца каляжанцы: “А он и спрашивает, вы что, беженка?..”
А “бежанку” замяніла каляжанка, якая цудоўна разумела “каву”, “гарбату”, усьміхалася і казала ўсім “калі ласка”.
Пасьля “дня без прэзыдэнта” — 21 ліпеня 1999-га, калі адбыліся чарговыя выбары, — людзей, што ішлі з акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, хапалі міліцыянты.
Славамiр Адамовiч пакiнуў Кастрычнiцкi пляц у кумпанiі прыяцеляў-журналiстаў. Хапун хапуном, але ж не хацелася праводзіць лішнія суткі жыцьця за кратамі ці плаціць штраф. Кумпанiя адразу ж скiравалася ў краму, набыла пару пляшак гарэлкi i пачала расьпiцiе проста ў цэнтры, у сквэрыку на вулiцы Ленiна. Ясная рэч, мiлiцыя ў той дзень такiх парушальнiкаў не затрымлівала. Мы замаскiравалiся.
Мiнуў вечар, прыйшла ноч, затрыманыя “палiтычныя” сядзелi ў пастарунках, колькасьць мiлiцыi, прынамсi вонкава, нармалiзавалася, а кумпанiя ўсё сядзела на лавах, усё працягвала маскiравацца. Балазе, было пра што пагутарыць. Праз сквэр праходзiў патруль з двух мiлiцыянтаў узростам гадоў па дваццаць з хвосьцiкам. Мiнаючы кумпанiю, адзiн другому фыркнуў, маўляў, знайшлiся офигевшие — пабеларуску размаўляюць. На што Адамовiч голасна адфыркнуў, што будуць розныя засранцы камэнтары ўстаўляць. Засранцы пакрыўдзiлiся на тое, што iх назвалi засранцамi, i затрымалi Славамiра за оскорбление при исполнении.
Было гадзiны дзьве ночы. Кумпанiя пад канвоем рушыла праз пусты ўжо Кастрычнiцкi пляц. Раптам Славамiр спынiўся i завёў гутарку зь мiлiцыянтамi. Вядома, Славамiра Адамовiча можна чытаць, можна чуць, але найлепш БАЧЫЦЬ Адамовiчавы экшн. Жэстыкуляцыя, усе дзялы. Прыязная задушэўная iнтанацыя i жалезная — на ўвесь твар — усьмешка. “Баец, зь якога году служыш?” — “Я вам не боец”. — “Як? Мужык, i не баец?!.” Мiлiцыянты разгубiлiся, а Адамовiч працягваў пантавацца. Сяржанты сабралi рэшткi рашучасьцi i загадалi рушыць далей. I тут зь цемры выкацiўся зусім маленькi — ніжэй за Адамовіча — кругленькi капiтан мiлiцыi. Яшчэ крокаў за пятнаццаць ён працягнуў у вiтальным жэсьце рукi i расплыўся ва ўсьмешцы: “Оо, спадар Алесь… Прабачце, спадар Славамiр Адамовiч”. Рукi затрыманага i афiцэра сышлiся ў моцным поцiску. “Як пажываеце, спадар Славамiр?” Як любы артыст, Адамовiч быў прыемна зьдзiўлены тым, што яго “пазналi на вулiцы”: “Ды добра пажываю, вось праблемы невялiкiя, праўда”. “Он меня оскорбил”. — “Ня можа быць… Товарищ сержант, может, отпустите спадара Адамовiча?” Сяржант катэгарычна адмовiўся, але афiцэр яго адвёў пад лакаток убок. Яны размаўлялi досыць доўга, хвiлiнаў сем-восем. Сяржант вярнуўся i аддаў дакумэнты са словамi “благодарите офицера”. “Не, баец, гэта ты дзяч — у старэйшых трэба вучыцца”, — адказаў Славамiр Адамовiч, i кумпанiя вярнулася працягваць сваю бяседу.
У 1995 годзе адбылася першая вулічная акцыя, якую разагнаў АМОН. Пратэст быў скіраваны супраць зьмены дзяржаўнай сымболікі і пэрсанальных дзеяньняў тагачаснага прэзыдэнцкага заўхоза Івана Ціцянкова, які дэманстратыўна перад тэлекамэрай падраў бел-чырвона-белы сьцяг. А адзін з удзельнікаў стаўся адным зь першых палітзьняволеных і пазьней палітэмігрантаў: Андрэй Рамашэўскі, віцэ-прэзыдэнт Партыі аматараў піва (ПАП). Андрэя, вядомага па мянушцы Борман, пасадзілі на Валадарку пазьней — у 1996м. Але інкрымінавалі яму ўдзел у падзеях 1995га — надругацельства над сьцягам БССР 24 траўня ля прыбіральні насупраць рэзыдэнцыі прэзыдэнта. Ідэя акцыі належыла анархістам, большасьць удзельнікаў былі студэнты гістфаку БДУ, а арганізатар… Арганізатараў не было.
У прызначаны час на ганку гістфаку пачалі тусавацца маладыя людзі. Людзей станавілася ўсё болей, і ўсе чакалі каманды, якой не было. Раптам зьявіўся хлопец, імя якога я дазнаўся пазьней — Юрась Зянковіч. Хлопец трымаў у руках бээсэсэраўскі сьцяг, але відавочна ня ведаў, што зь ім рабіць. Я прыняў дрэўка, каб паказаць, як з гэтым сьцягам варта абысьціся: апусьціў долу і пачаў чаканіць крок, на манер савецкіх жаўнераў з нацысцкімі штандарамі ля маўзалею Леніна на парадзе Перамогі ў 1945 годзе.
Крок, другі, пяты… Я азірнуўся і ўбачыў, што моладзь закінула рукі за галовы-сьпіны і ланцугом крочыць за мною. Шчыра кажучы, я крыху струхнуў, але выбару не было — рушыў далей.
Акцыя выглядала так. Мы абышлі прэзыдэнцыю з закінутымі за галаву-сьпіну рукамі разы тры. Калі ўжо падавалася, што акцыі канец, народ радасна засьпяваў гімн БССР, а Борман узьдзеў сьцяг на прыбіральню, што месьціцца між прэзыдэнцыяй і Купалаўскім тэатрам. Як сьцяг пачалі драць на кавалкі на ціцянкоўскі манер, я бурчэў, маўляў, гэта не цывілізавана. Але як пабачыў, што хутка ўсе кавалкі разьбяруць, далучыўся. У мяне і цяпер дзесьці захоўваецца той трафэй.
Мінула лета, прыйшоў верасень. А значыць — пачатак тэатральнага сэзону. Тэатральная трупа Купалаўскага тэатру традыцыйна сабралася з чорнага ўваходу, каб папаліць-пагаманіць, абмяняцца ўражаньнямі ад адпачынку і новымі плянамі… Чорны ўваход у тэатар акурат выходзіць на рэзыдэнцыю, проста побач з гістарычнай прыбіральняй. Многія акторы на радасьцях ужо трохі выпілі, хтосьці ў кавярні тэатру, а хтосьці на падыходзе да галоўнага будынку завітаў у “Тэатральны разьезд”. Там жа недалёка, дзе Малая заля.
Уявіце некалькі дзясяткаў чалавек, якія адначасова жэстыкулююць, рагочуць, перакрыкваюць адзін аднаго і проста радуюцца жыцьцю!
Раптам усе сьціхлі.
Збоку прыбіральні зьявіўся грузавік, забіты амонаўцамі. З кабіны асьцярожна выйшаў афіцэр з мэгафонам і заявіў:
— Граждане, ваш митинг не санкционирован, срочно разойдитесь!..
Паўза.
…І гук магутнага рогату паляцеў над прыбіральняй, над прэзыдэнцыяй, кудысьці ў бок Серабранкі — туды, дзе месьціцца Ленінскі РАУС.
Сябра Партыі аматараў піва Сяржук Г. не хадзіў у тэатры, ён хадзіў на піва. Сяржук вызначаўся тым, што колькі б грамада не назьбірала грошай, колькі б разоў не паўтарыла: “Гарэлку!” — Сяржук прыносіў чарнілы. Таму “на піва” — фігуральны абарот. 24 траўня 1995-га пасьля заканчэньня акцыі са сьцягам Сяржук ня трапіў у пастарунак з затрыманымі ўдзельнікамі, бо раней за ўсіх пайшоў на піва. Яшчэ дзесяць дзён перад тым ён быў кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савету ад Партыі аматараў піва.
Сяржук балятаваўся не ў раёне Акадэміі навук і нават не ў Серабранцы. Сяржук Г. балятаваўся на Грушаўцы!
Менчукі ведаюць, што й дагэтуль Грушаўка — раёнчык яшчэ той. А ў 1995м там да таго ж і Белполк стаяў (той, што перавялі на Маякоўку, які дэманстрацыі разганяе). Сяржук Г. здолеў выступіць перад працоўным калектывам мянтоўскае часткі. У часе выбарчай кампаніі ўсю акругу заклеілі фэйсам Сержука зь перадвыбарчымі цацанкамі. Пазьней сталася вядома, што менавіта (і толькі) на мянтоўскім выбарчым участку Сяржук атрымаў бальшыню галасоў. А на астатніх участках!.. На Сержука некалькі разоў спускалі сабак, два разы пагражалі абрэзамі і незьлічоную колькасьць разоў паслалі НА Х@Й!
Гэта калі Сяржук хадзіў-агітаваў за сябе.
Зрэшты, апрача ўласна Грушаўкі ў выбарчую акругу ўваходзілі такія прасьветленыя рэгіёны, як Розачка, Карлачка, вуліца Лермантава ды іншыя культурныя цэнтры. А таму партыя прыняла рашэньне выдаць Сержуку Г. грошы дзеля набыцьця шыкоўнага звышпрэзэнтабэльнага касьцюма — $160. На той час па-багатаму.
Набыцьцё касьцюму вырашылі замачыць чамусьці на прыродзе і паперліся ці то ў Ратамку, ці то ў Крыжоўку. Сяржук, ясна, у касьцюме. Усё было б добра, калі б на адваротным шляху ў электрычцы ня трапіўся мутантдачнік, які не трымаўся тэхнікі бясьпекі, калі транспартаваў негашоную ізьвесьць.
Паддаты Сяржук толькі ў Менску заўважыў, што ягоны новы (зеленаваты, як у Домаша на прэзвыбарах) касьцюм прарадзіўся дробнымі дзіркамі ў дзясятках месцаў!
Каб затушыць гора, Сяржук ня вумнічаў, а пачаў піць-бухаць: у офісе партыі на вуліцы Лермантава — трое сутак. Касьцюма не здымаў, ня мыўся й не галіўся… Урэшце кіраўніцтва партыі ў асобе тав. Бормана вынесла і вывесіла на сьцяне пастанову пра дэпартацыю тав. Сержука Г. з тэрыторыі офісу партыі.
…Сёмая ранку, тралейбус нумар 12 стаіць на канцавой станцыі. Цішыня. Заходзіць бабуля з унукам, сядаюць. У салёне невыноснае амбрэ. Бабуля пільна ўзіраецца ў крыніцу пахаў. І раптам у цішы салёну раздаецца паўшэпт:
— Божа, і гэта наш кандыдат!..
Вядома ж, у Менску можна сустрэць вельмі прыстойных і нават выкшталцоных людзей. Бывае, сустракаеш чалавека штодзень. Раз, другі, трэці… Праз тыдзень-месяц пачынаеш вітацца. Так год, другі, трэці… А на пяты адбываецца размова.