Утварыліся свяцільні на цвердзі нябеснай, каб выпраменьваць святло на зямлю, створаную Творцам…
І стварыў Бог два свяцілы вялікія: адно, большае, каб кіраваць усім днём, і другое, трохі меншае, каб валадарыць ноччу. Не забыўся Вышні і пра зоркі – шчодра іх парассыпаў па цвердзі нябеснай…
Калі ж я прачытаў гэтыя радкі, у той жа момант рассунуліся створкі столі, рассцяліўшы перада мною абрус неба. Не паверыў у тое, прыўзняўся на сваім ложку, працёр вочы, як немаўля, кулакамі – не, не прывід, не здань. Убачыў і зоркі, і Валацужны Шлях з іх, Мядзьведзіцы – Вялікая і Малая – мірна спалі на цвердзі Вечнасці, і аграмадністы Месяц валадарыў над Ноччу…
Мяне з самага ранняга дзяцінства прыцягваў таямнічы Месяц. Маці, памятаю расказвала, што, калі добра прыгледзецца да яго, то можна ўбачыць, як брат брата забівае віламі… Але колькі ні ўглядаўся ў абрысы нябеснага свяцілы, не бачыў братоў, якія забівалі адзін аднаго…
Цяпер жа мне падалося, што Месяц наблізіўся да мяне на столькі, што можна да яго і рукой дакрануцца. Зноў жа – не ўгледзеў братоў, але яскрава ўбачыў нейкія каналы, дарогі, па якіх рухаліся невядомыя мне ці то машыны-цягачы, ці бясконцыя вагоны з пасажырамі – з вокнаў, каля якіх сядзелі жыхары месяца (месяцане?), выпраменьвалася жоўта-зялёнае святло…
Ляжаў нерухома ў ложку, баючыся пашавяліцца, каб не знікла гэтае цудоўнае відовішча. Але чым больш углядаўся ў яго, тым больш прыходзіў да высновы, што гэта і не месяц зусім, а нешта іншае, загадкавае і таямнічае, што не паддаецца разуменню і разгадцы гэтага феномена нашаму варварскаму, як казаў Анатас, розуму.
«Вось бы цяпер паклікаць Камандора, ды адправіцца з ім на яго касмалёце на Нябесны Свяцільнік, – прыйшла да мяне нечаканая думка-жаданне. Можна пазваніць яму, нумар жа тэлефона ведаў. Але нешта ці нехта забараняў тое рабіць. Лепш пагутарыць з жонкаю. З унутраным хваляваннем пачаў націскаць на кнопачкі тэлефона.
– Алё, слухаю вас! – ціхім і прыглушаным голасам прамовіла Ліка ў слухаўку.
Я маўчаў, не ведаў, як пачаць размову.
– Алё, слухаю вас, гаварыце.
– Ліка, добры дзень! Гэта – я, Антон.
Прыйшла яе пара змоўчаць...
– Добры дзень, Антон, не задаю табе дурных пытанняў, але пачну з таго – як жывеш?
– Нічога, Ліка, жыву. Як магу, набліжаю той дзень, калі пакіну гэты карабель і з’яўлюся перад табою. Мала ўжо засталося да таго дня, вер мне.
– Веру ў тое. Рада чуць, што ты не забыў мяне і дачок, што імкнешся вярнуцца дадому…
– А як жа мне без вас?
– Ну і добра. Дзякую, што пазваніў. На душы стала лягчэй. Да сустрэчы, Антон!
– Да сустрэчы, Ліка!
Ну, во, цяпер і Анатас не папракне мяне, што загалуніўся на яго лінкоры і не званіў жонцы. Во і пазваніў, ды і пагаварылі не вельмі хораша, – як чужыя. Паміж вельмі блізкіх людзей часта такое здараецца. Гэта нармальна.
А месяц, здалося, яшчэ больш прыблізіўся да мяне. Для чаго? Запрашаў да сябе? А чаму б і не? Анатас казаў, што я, даўшы згоду пасяліцца тут, магу думкава пераносіцца з аднаго пункта ў любы іншы, не кажучы пра планеты сваёй і далёкай галактыкі, – толькі трэба пажадаць. Але я пастараўся пазбавіцца ад гэтага жадання, – не час, не час…
Пачаў чытаць малітву: «Ойча наш, Існы ў нябёсах! Няхай свяціцца Імя Тваё як на Небе, так і на зямлі…»
І адразу знік сверб падарожніцтва.
Атрымлівалася, умею – ці навучыўся – валодаць сваімі пачуццямі і жаданнямі. Што мяне, безумоўна, радавала і ўсцешвала. Зноў знаходзіўся сярод родных мясцінаў, роднага Палесся… Чуў, як пераклікаліся сіваваронкі і дразды, дзятлікі і салаўі… Быццам хто мне ўставіў у вушы навушнічкі са стэрэазапісам спеваў птушак.
Так, усё, хопіць разлежвацца, пара і косці размяць, як казаў мой дзед Ян, які па волі энкавусаўцаў адправіўся на калымскую мярзлоту. Даю ўстаноўку: хачу апынуцца ў касмічным апараце «Апалон» у складзе амерыканскіх астранаўтаў, нага якіх ступіць на паверхню Месяца!
Нічога не адбывалася. Нічога не змянілася. Пасмяяўся з мяне Д’ябал, ой як пасмяяўся, паддурыў, як мы ў дзяцінстве дурылі адзін аднаго, а потым рагаталі: «Паддурылі дурака на чатыры кулака!..» Ладна, Анатас, прызнаю сваю паразу, так мне і трэба…
Расчыніліся дзверы ў мой пакой-каюту, і нехта незнаёмы здзіўлена крыкнуў:
– Нэйл, а ў нас тут вялікія праблемы!
– Якія – праблемы, Эдвін? – насцярожаны голас прагучэў недзе з калідора.
– У нас на караблі «заяц». Няштатная сітуацыя. І ў яго няма скафандра, Нэйл. Што рабіць будзем?
У каюту зайшло двое ў бліскучых касцюмах, пад сталь, астранаўтаў. Яны ўперыліся вачыма ў мяне, не ведалі, што рабіць у гэтай сітуацыі.