– Выбачай, не пра тое хацеў папытацца.
– Нічога... Думаю, што ўсё-ткі гэта самы апошні сеанс. Ну-тка, Анатасік, мой дарагі заказчык, Фюрэрчык і Тыранчык, зіркані ў мой бок, ізабразі сваю, анатаса-бясоўскую ўхмылачку! Не круці вочкамі, не шавялі бровамі, каб я памылачкі не дапусціў…Так, так, о-ооо! Правільна, файна!
Камандор выконваў усе мае жаданні, на панібрацтва не звяртаў аніякай увагі.
– Слухаюся, мой камандзір! Скажы толькі, як трэба глядзець, і што азначае мая бесаўская ўхмылка? Ніколі не чуў такога.
– Цяпер чуй. Во-во, так… Тое, што мне і патрэбна! Ай, малайчына, Анастасік, ай, малаток! З цябе ж класны пазіроўшчык атрымоўваецца! Раз! Два! Прыехалі! Прыляцелі! Прыпаўзлі! Усё-ооооо! Ура-ааа!.. Ist zu Ende!
Пераможна ўскінуў рукі да нябёс, падзякаваў Вышняму за сілу, што даў мне для завяршэння заказа.
Ной са здзіўленнем глядзеў на мяне – дураслівага і шчаслівага, не разумеў …
Я стомлена сеў на табурэцік. Глядзеў, не адрываючыся, на партрэт. Потым устаў, адышоў яшчэ далей – на крокаў дзесяць.
Сказаў, пацвердзіўшы сказаныя перад гэтым словы:
– Усё, Анатас! Больш нічога мяняць не буду. Прымай працу!
Анатас як сядзеў, так і працягваў сядзець у крэсле. Толькі прымружыў вочы, адкінуў галаву і капелюшом абаперся аб спінку. Яго як быццам і не цікавіла тое, на што я патраціў столькі месяцаў і гадоў патраціў...
А калі падышоў, калі зірнуў безуважна на самога сябе, дык толькі хмыкнуў:
– Хм... Ну-ну... Яно, канечне, калі так, то тады ўжо зусім і не скажаш... Хм... хм... Во-во, як яно, а я думаў… Ну, браце, ты і даеш, ты ж... Ну, і сапраўды... Д’ябал мяне вазьмі!
І здагадайся – адобрыў ці ўхваліў убачанае. Мне ўжо, калі шчыра, калі пайшло на тое, глыбока фіялетава: да спадобы яму мая праца, ці не. Зусім іншыя думкі хвалявалі і непакоілі мяне... Як і яго, дарэчы.
– Ты сапраўды лічыш, што праца скончана-завершана?
– А як жа! Усё! Цяпер аддавай на прэзентацыю. Цяпер ікона адпавядае арыгіналу. Ты атрымаўся як бог!
Мне цяжка ўседзець на месцы: узбуджанне, радасць і страх адначасова перапаўнялі мяне. Я амаль бегаў па майстэрні, не знаходзячы сабе месца і супакаення…
Не гледзячы на мяне, прамовіў з нейкім унутраным шкадаваннем:
– Адпачывай. Заўтра цябе, як я сказаў, пакліча Яніна на шабаш.
І больш – ніводнага слова.
“Дык прыняў ці не прыняў ён маю працу?! Выканаў я ці не выканаў заказ? Дзе, насамрэч, тая дамова, пад якой мы павінны паставіць свае подпісы – “Заказчык” і “Выканаўца”? Тую, што распісваўся крывёю, спаліў.
– Мой капітан, хвілінку ўвагі. А ці не атрымаецца ў мяне так, як з партрэтам Майсея? Памятаеш? Калі мудры цар Аравіі, пачуўшы пра мудрасць і розум Майсея, дачуўшыся пра біблейскі “Зыход”, папрасіў прыдворнага мастака, накшталт мяне, намаляваць партрэт і прывезці яму. Для таго, каб мудрацы, “падкаваныя” ў навуцы фізіягномікі, дакладна і беспамылкова вызначылі па партрэце яго характар, даведаліся пра схільнасці, прывычкі і, галоўнае, тайну яго мудрасці і духоўнай сілы.
– І што ж атрымалася, мой прыдворны мастак?
– Яны, гледзячы на партрэт, сказалі цару, што гэта самы страшны чалавек на зямлі, што ён апантана і прагна жадае ўлады, што ў ім сышліся ўсе парокі і заганы свету… Ты хочаш гэтага, Нэма? Каб і пра цябе так падумаў твой народ?
Заказчык махнуў абыякава рукой, моўчкі павярнуўся, пайшоў да дзвярэй. Мне падалося, што ён злёгку хістаўся, быў быццам п’яны. Захварэў? Няўжо і д’яблы хварэюць?
Калі ён выйшаў з майстэрні, я яшчэ доўга стаяў каля акна, за якім ужо не было нічога з таго, што бачылася да гэтага.
Высотная труба мэблевай фабрыкі, за якой і была мая сапраўдная майстэрня. А вунь там, далей, за дубам і ліпай, – і мой высотны дом. У якім засталася, шукае і чакае мяне Ліка...
Над Навабеліцай, здаецца, нараджаўся цнатлівы вечар… Нешта круцілася вакол мяне, ці гэта я сам круціўся вакол нябачнай восі… Восі – зямнога шара? Незнаёмай планеты? Прыгадаўся Амар Хайям:
«Мне так небесный свод сказал: «О человек,
Я осуждён судьбой на этот страшный бег.