– Схавай!
У імгненне вока сусед Цюхны засунуў пададзенае запазуху.
Вітажэнец даеў селядзец, дапіў піва.
Казімір дапіў рэшту сівухі.
Маўчалі. За суседнімі сталамі гаварылі пра адвечнае дзецюкі, лаючы сваіх жонак, тых, хто прыцясняў іх, не даваў вольна дыхнуць…
«Во харошы момант папытацца ва ўсіх пра жыццё-быццё, ды карчма – не месца для такіх размоваў. А сабраць іх у іншым месцы немагчыма… Добра, што сустрэўся Казімір, няхай і раскажа пра іх гутарку, ды толькі не прызнаецца, з кім бачыўся…»
– Мне пара, Казімір, ссутоньвацца пачало ўжо, – паглядзеў на шэрае акно Ясь. – Я пайду адзін, не праводзь мяне.
– Куды цяпер пойдзеш, гаспадар з-пад Вільні? Мо заначаваў бы ў мяне – час цяпер неспакойны, усюды шпікі царскія шныраюць.
– Таму і не хачу, – растлумачыў Вітажэнец. – Яны палююць за мной, мне трэба быць асцярожным.
– Добра. Згодзен. Што на развітанне скажаш?
– Каб мужыкам перадаў газеты. Каб сказаў ім, што хутка грымне гром і пачнецца навальніца.
За ім, відаць, назіраў карчмар, бо, пабачыўшы, што госць дапіў піва, падышоў да яго. Вітажэнец выклаў грошы. Падзякаваў.
– Будзем рады вас зноў бачыць у нас, – нахіліўся ў паклоне карчмар. – Добрым гасцям мы заўсёды рады.
Ніхто не заўважыў, як Кастусь Каліноўскі пакінуў карчму.
…Праз хвіліну яго паглынула цемра, схавала ад чужога позірку.
“Расія пацярпела паразу ў Крымскай вайне 1853-56 гадоў. На расейскі трон, у 1855 годзе, узышоў цар Аляксандр ІІ. Наступіла нейкая зладжанасць расейскай палітыкі ў адносінах да Каралеўства Польскага.
Прыйшла “вясна” – так званая севастопальская адліга і ажыўленне эканамічнага і культурнага жыцця.
У Варшаве заснавана – у 1857 годзе – Медыцынская хірургічная Акадэмія, а праз год ствараецца Сельскагападарчае таварыства. Кіраўнік яго – А.Замойскі.
Акрамя гэтага ліквідоўваецца мытная мяжа з Расеяй – у 1851 годзе. Удала ўкараняецца эканамічна-палітычная кан’юнктура, якая з’яўляецца буйным штуршком у развіцці прамысловасці, сельскай гаспадаркі, гандлю, росквіт гарадоў, асабліва Варшавы.
Але насуперак гэтаму, ці ў дадатак да гэтага, пад канец пяцідзесятых гадоў, пад дэвізам сацыяльных рэформаў і барацьбы за незалежнасць і самастойнасць, значна актывізаваліся ўсе слаі грамадства на тых землях, якія анексіравала Расея.
Найбольш яскрава праявілася тое ў вёсках Каралеўства Польскага, а гэтак жа Літвы і Беларусі (Ліцьвініі) абвастрыліся замельныя канфлікты. Выклікала вялікае незадавальненне ад прымусу адбываць паншчыну. Гэта адчувалі тыя, хто быў набліжаны да расейскага цара, – тое найбольш адчуваў і ведаў цар.
1861-шы год... Аляксандр ІІ нечакана для многіх выдае распараджэнне аб вызваленні сялян ад прыгонніцтва. У тое цяжка было паверыць, і сяляне напачатку сапраўды не верылі “добраму цару-бацюхну”. Распараджэнне не толькі адмяняла паншчыну, а яшчэ і давала сялянам права ўласнасці на тую зямлю, якую яны доўгі час апрацоўвалі. За мізэрны выкуп.
Адных гэта радавала, але не ўсіх. Асабліва тых, хто жыў у Каралеўстве Польскім, у Літве, Беларусі і ва Украіне. На тыя землі распараджэнне не распаўсюджвалася. Гэта дадаткова абвастрыла сітуацыю ў вёсцы.
У навучальных установах Кіева, Масквы і Пецярбурга як грыбы пасля дажджу пачалі ўзнікаць патаемныя, канспіратыўныя, арганізацыі сярод студэнцкай моладзі. А студэнты ў асноўным – выхадцы з Літвы, Беларусі і Ўкраіны.
Нават у Акадэміі Генеральнага штаба ў Пецярбурзе афіцэр расейскай арміі Зігмунд Серакоўскі арганізаваў польскі тайны гурток афіцэраў, да якога быў далучаны і капітан Яраслаў Дамброўскі. Яго імя пазней увойдзе ў гісторыю як аднаго з будучых і актыўных кіраўнікоў Парыжскай камуны 1871 года.
А ў Кіеве пачаў дзейнічаць Тройніцкі саюз, які здолеў аб’яднаць польскіх і ўкраінскіх студэнтаў.
Тайныя саюзы пачалі ўзнікаць таксама ў навучальных установах Варшавы – Акадэміі мастацтваў і Медыцынскай хірургічнай акадэміі.
Палітычную эміграцыю на той час узначаліў Л.Мераслаўскі. Ён пільна сачыў за падзеямі, якія бурна пачалі развівацца на шырокай тэрыторыі.
Пачынаючы ўжо з 1860-га года ў Варшаве і яе правінцыях, а затым ужо і Літве, адбываюцца патрыятычныя выступленні. Прычыны быццам бы бяскрыўдныя – з нагоды нейкай даты, нейкай урачыстасці. Яскравы прыклад пераможнай барацьбы за аб’яднанне Італіі, якое ўзначаліў Джузеппе Гарыбальдзі, спрыяў пашырэнню патрыятычнаму руху сярод польскага грамадства і іх імкненняў да аб’яднання Каралеўства Польскага з землямі Літвы, Беларусі і Ўкраіны.
У год адмены прыгоннага права ў Гародні адбылося ўрачыстае святкаванне заключанай там у 1413 годзе Польска-літоўскай уніі з непасрэдным удзелам прадстаўнікоў тых земляў. Кола пратэсту хаця і пакрысе, але набывала нейкі рух.