Ясь усміхнуўся, ледзь заўважна кіўнуў галавой:
– Трошкі, Казімір, умею, дзякуй Богу! А дзе твой сусед, спадар Казімір?
Чалавек нахмурыўся, моўчкі наліў сабе сівухі, прамовіў:
– Зямля яму пухам.
«Не хлусіць, значыць, – падумаў пра сябе Вітажэнец, – ведае пра тое. Пра расстрэл і ў «Колоколе» было надрукавана.
Казімір прыкусіў скарынкай хлеба, задумаўся, уздыхнуў.
– Харошы чалавек быў мой сусед. Дужа харошы. Разумны. Чытаць і пісаць умеў. Чаго не ўмею я.
Жаваў без смаку, глядзеў некулы ўглыб стала. А потым нечакана ажывіўся, паглядзеў на Яся, пацікавіўся:
– Слухай, Яська з-пад Вільні, мо гэта ты яму і даваў той пук газетак?
Глядзеў даверліва ў вочы, чакаў адказу.
– Я. І цяпер у мяне з сабою ёсць.
– О, як добра! Сам Бог паслаў нам сённяшнюю сустрэчу! Вось цяпер я з ахвотаю пасмакую сівухі! Пачаставаць цябе, Ясь?
Вітажэнец адмоўна пакруціў галавой.
– Тады ўсёроўна мы вып’ем за гэта! Ты – піва, а я – гарэліцу.
Нават стукнуліся бакамі пасудзіны, як бы змацоўваючы сваё знаёмства.
– Раскажы пра сябе, Казімір.
Казімір зноў каўцянуў колькі глыткоў сівухі, паглядзеў на Вітажэнца:
– Што расказваць пра сябе? На Каўказе служыў, за цара-бацюхну жывата не шкадаваў. З генерал-маёрам Сляпцовым служыў. Выдатны быў чалавек! Сябар Міхайлы Лермантава, паэта. Калі вучыліся ў школе гвардзейскіх юнкераў і падпрапаршчыкаў, сядзелі за адной скамейкай. Загінуў генерал, як я даведаўся, у 1851 годзе. Мы з Шамілём ваявалі. Шаміля во як цябе блізка бачыў, правадніком быў у Хаджы-Мурата…
– Глядзі ты, – здзівіўся Ясь, – ёсць пра што ўспомніць…
– Ёсць, братка, ёсць… Паранены, пакрамсаны шамілёўскімі шаблямі, а які мяне д’ябал паслаў туды ваяваць, і сам не ведаю. Нескароны народ горцы, – гордыя, адважныя і смелыя. Тайна я сябраваў з адным горцам, давяраў я яму, як і ён мне.
– А якія настроі былі сярод салдатаў, з якімі ты служыў?
– Ды якія настроі… Ад дома адарвалі на дваццаць пяць гадоў, а ў кожнага дома бацькі, якія не могуць пракарміцца, і салдат нічым памагчы не можа… Хто жонку пакінуў з дзецьмі, а хто адзінокіх бацькоў… Паміж сабой пагаворым, як бядотна жыць на свеце – і ўсё. Некалі салдат ўголас загаварылі, што жыць так нельга, і не ведаем, куды яны падзеліся… Вось бы нам такую тады б газетку, як гэтая, ды назвалі б яе «Салдацкая праўда», то мы шмат чаго зразумелі б…
– А з гэтай, «Мужыцкай праўды», мужык зразумее? – папытаўся Ясь пра галоўнае, – ці пра тое расказвае і вучыць Яська з-пад Вільні?
– Пра тое, што трэба. Баяцца яе царскія служкі.
Вітажэнец усміхнуўся, абрадваўся, пачуўшы такое.
– А цяпер адкажы мне, Казімір, на галоўнае пытанне – ці гатовы падняцца дзецюкі з вёсак? Ці можа на іх пакласціся паўстанне?
– Гатовы. Праўда, не ўсе, але большасць чакае толькі сігналу. Калі ён будзе, Ясь Вітажэнец?
– Будзе. Мала ўжо засталося часу да таго дня.
– Хутчэй бы.
Вітажэнец дастаў з шэрай, паношанай, кайстры пачак газет, абгорнутых старым рыззём, паклаў перад Казімірам.