А мы таксама маўчалі, з коней сваіх патомленых слухалі недарэчнае, што паўтаралася, як у трызненні:
- Граждане, хоть кусочек воды!..
І тут з-за ўзгорка, з усходу, паказалася, а потым і пачулася машына, поўная нашых салдатаў.
Неўзабаве яна спынілася каля нас. Частка байцоў пасаскаквала цераз борт на дарогу, з кабіны выйшаў старшына. Высокі, мажны, вусаты, з медалямі - хоць на плакат ці ў кіно.
Тады, у дні вялікага разгрому і вялікай радасці, і самі немцы, і ўсе іх паслугачы найбольш баяліся партызан. Каму найбольш былі вінаваты: як непасрэдным сведкам людскіх нявінных пакут і першым мсціўцам за іх.
Тая - у крыві, у пяску, пад нагамі, - трэба думаць, таксама ведала гэта. Ужо салдатам, як быццам шукаючы ў іх абароны ад нас, яна паўтарыла сваё пра «кусочек воды».
Ды старшына ўжо ведаў, што тут да чаго, - што ўбачыўшы, а што пачуўшы.
- Лежи, лежи! - адказаў ён.- Тебе еще Гитлер шнапса пришлет!..- І пасля паўзы: - Сергеев!
- Я! - тузануўся на «смірна» цыбаты, маладзенькі баец, не вельмі ваяўніча падцягнуўшы за рэмень вінтоўку.
Выказаць свой загад нейкім словам, хоць бы якім, старшына не выказаў. Ён кіўнуў галавой на ляжачую.
Баец, які недзе дома быў, відаць, зусім яшчэ нядаўна для кагосьці хлопчыкам, без пары і гарушчым, і пасталелым, разгублена, не па-салдацку выдушыў:
- Товарищ старшина... ведь женщина...
Зноў была паўза, якую недакладна будзе назваць толькі разгубленасцю. Паміж суровым вусачом і хлопчыкам былі салдаты розных узростаў, рознага вопыту вайны, аднак старшына не кіўнуў больш нікому.
- Ну что же...- сказаў ён, таксама нібы разгублена, ці што, і адразу, ужо зусім звычайна, скамандаваў: - Поехали!
Але з падножкі, - усё-такі армія, усё-такі старшы па званні, - ён кінуў нам:
- Вы, партизаны, ею займитесь!
Мы, вядома, не заняліся. У нас таксама было куды ехаць па справе, якая была тады найважнейшай. Мы таксама спяшаліся.
Зрэшты, да недабітай ужо ішла, амаль подбегам, босая цётка ад вёскі, - з вядром у руцэ і з нечым белым пад пахай...
АКРАЕЦ I ЗБАНОК
Ноччу паехалі да сувязной.
Было крыху трывожна, бо ўчора нас там абстралялі. На гэты раз у вёску мы не ўязджалі, збочылі ўправа i спешыліся ў канцы поля, на пашы. Удвух з пяці, мы з Шурам пайшлі барознамі ў жыце, якое ўжо красавала.
Бліжэй да гумнаў, ходь так жа ціха было навокал, мы прыпыніліся i трошкі пашапталі. Далей трэба паўзці. Чаму паўзці? Я ўжо служыў у арміі, быў на фронце, i Шура, на шэсць гадоў маладзейшы, даверыўся мне, ці што... Дый не змаўляліся мы асабліва, а проста, відаць, па адчуванні ды прадчуванні, а то i ca страху нейкага не пайшлі, a папаўзлі да Валінага гумна. Дарогу загуменную перабеглі па адным, прыгнуўшыся, а тады, тулячыся да сцяны, пасля пад вішняком, зноў каля сцяны — дабраліся да хаты.
Шура спыніўся каля акна. Па маўкліваму праву на гэта, бо з Валяй у яго была не толькі сувязь партызанская. Я падышоў да брамкі i з-за шула яе, наставіўшы над нізкім плоцікам аўтамат, заціх у назіранні.
Шура падзюбаў чучкамі ў шыбу...
I іменна тады, нібы пачуўшы гэты асцярожны стук, у тым канцы вёскі, куды я глядзеў, чэркнула аўтамат ная чарга.
Мы шыбанулі назад.
За гумном, па полі, ужо не беглі, пайшлі барознамі, прыгнуўшыся на ўзровень жыта.
Стрэлаў больш не чуваць. Што за чорт?..
Задание было не вельмі пільнае, другі раз да Валі мы не пайшлі.