На чыгуначнай станцыі, дзе не спыняюцца хуткія цягнікі, яшчэ ўсё стаяць дагэтуль аблезлыя рэшткі атынкаванай невысокай абгароджы, якая больш за паўстагоддзя таму назад здавалася мне высачэзнай, даўжэзнай і таямнічай белай сцяной.
За гэтай сцяною тады кудысьці знік мой хросны. Упершыню ў жыцці з'явіўся і неўзабаве знік. Потым з'явіўся зноў. Ды ўжо не выйшаў з пугай з-за сцяны, а выехаў адтуль з канём і з возам. Каб больш ніколі не знікаць.
Гэта тлумачыцца вельмі проста. Мы вярнуліся з горада, і на апошняй станцыі нас сустрэлі сваякі, у тым ліку і хросны, які вярнуўся з бежанства настолькі раней, што я зусім не памятаў яго. Павітаўшыся, сваякі пайшлі на плошчу па коней, і мы, забраўшы сваё дабро, на трох фурманках паехалі ў вёску.
Хроснага я палюбіў, відаць, з таго самага дня. А неўзабаве, гадоў праз шэсць ці сем, ужо хацеў і пісаць пра яго. Потым пісаў, а яшчэ пазней і друкаваў напісанае, на працягу гадоў расцерушыўшы гэты вобраз на многіх і розных старонках. Цяпер я не падбіраў у памяці рэшткаў гэтага вобраза, асцерагаючыся паўтораў, а думаў, што раскажу пра яго, нарэшце, усё. Ды вось жа зноў няма яго — такога адчування. І справа, вядома, не ў фактах яго сціплага жыцця, якія вычарпаць ды падлічыць не надта цяжка...
Апошняя наша сустрэча была такая ціхая і светлая. І — перш за ўсё — яна тады аніяк не здавалася нам апошняй.
Перад вялікімі чыстымі вокнамі новай хаты, пабудаванай яго наймалодшым, Жэнікам-трактарыстам, у агародчыку, дзе былі кветкі і яблыня, на яблыні гэтай зязюля збірала вусеняў. І зусім не баялася нас. Пашалясцела ціхенька, папералётвала з галінкі на галінку і махнулася шэрая — паляцела далей, у іншыя сады і агародчыкі. Такая звычайная, будзённая, нібы артыстка, якую пасля яе паэтычных, аддаленых сцэнай «ку-ку» сустрэнеш у магазіне з авоськай.
Мы з хросным сядзелі на суседавай лаўцы, цераз вуліцу, і штосьці сонечна гаварылі, а можа, і маўчалі больш, таксама сонечна.
Ён любіў кветкі, галубоў, гусей. Калі гусі, сказаўшы «цвяроза», гэта смачнае мяса і мяккае пер'е, дык галубы і кветкі, адны ў падстрэшшы ці ў палёце, а другія ў агародчыку ці ў вазонах, — гэта ўжо толькі паэзія. Дый з гусямі таксама.
Каля Ніжніх Байдуноў цячэ, ледзь прабіраецца па пашы безыменная рачулка. Старыя ў маім маленстве людзі казалі, што раней, на іхняй памяці, рачулка была рэчкай, мела імя і ў ёй «сплаўлялі» валоў, таксама ўжо, як і яна цяпер, гістарычных. Цяпер на рачулцы экскаватар выкапаў вадаём, для гусей ды качак не мелкі. Над гэтай вадою, як у народнай песні, расце вярба, а пад вярбою, куды старэйшай за вадаём, у цяньку на траве часта сядзіць, як той патрыярх Аўраам пад мамврыйскім дубам, адпачывае «во время зноя дневного» мой хросны Рафалак. На старасць ён амаль аслеп ад шыцця, ужо толькі гусі пасе. Белыя гусі з жоўтымі гусянятамі. І памагаюць яму дзве маленькія ўнучкі, якіх каля вады трэба пасвіць куды пільней, чым гусянят. Пад вярбу ён іх, унучак, то гукае, то прыманьвае казкай. А ў адзіноце то думае, то не думае, то спявае, калі спяваннем можна назваць той песенны шэпт, за якім у душы тваёй гучыць, нячутная для іншых, песня.
...Пазней, зімою, яго кароценькую труну неслі на змену чатыры сыны, уключаючы хрэсніка, тры пляменнікі і два братавы ўнукі, — усё мужчыны ды юнакі. Гэтаю сілай мы і хавалі яго пад соснамі. Нібы дзіця. Такая была труна, такая яма і такое адчуванне. Нават на той чыгуначнай станцыі, дзе я ўбачыў яго ўпершыню і ўпершыню засмуціўся, што адразу ж і страціў, бо ён не вернецца з-за той белай сцяны, хросны здаваўся найменшым сярод усіх вялікіх, а праз гэта і найбліжэйшым зверху. Толькі, вядома, пасля мамы і таты, хоць яны ўжо тады і не бралі мяне на рукі.
Калі я вярнуўся з палону, пасля першай вялікай разлукі з усім родным, хросны здаўся мне яшчэ меншым, чым быў заўсёды. Ён, радасна заплаканы, хацеў мяне абняць, і мне прыйшлося нізка нагнуцца.
Ад усяго царкоўнага, калі яно і было ў мяне хоць у зародкавым, прыўнесеным стане, даўным-даўно нічога не засталося, слова «хросны» заўсёды было толькі прывычным азначэннем старэйшага друга, па-бацькоўску блізкага, бездапаможна чыстага чалавека. Нават малога, як дзіця.
У той марозны дзень на заінелых могілках адчуванне гэтае было асабліва ясным. І светла, хоць і праз горыч, думалася, што чым далей я ад'язджаў ды адлятаў ад найбліжэйшых на Зямлі мясцін, тым лепш, радней, чысцей ён бачыўся здалёк.
Апавяданні, лірычныя запісы
«Юрмала, 72»
За вялізным акном майго шостага паверха — густое верхавінне хвойніку, з яго тырчыць вострая вежа кірхі, далей, калі прыўзняцца за сталом, шырокая рака, а направа ад хвойніку — спакойнае мора.
Сеўшы за стол, сказаў: «Люблю я гэта — новае ды новае!..»
I сапраўды — штосьці тут ёсць, нейкая натуральная цяга да падарожжаў, да змены месца. Хоць i добра гэтымі днямі сядзелася дома...
* * *
Дзеці гулялі на гарадскім двары. I хлопчык Юрко, якому ў гэты дзень было так добра, весела i так хацелася што-небудзь незвычайнае зрабіць, узлез на дах трансфарматарнай будкі i праваліўся на апаратуру...
З бацькам хлопчыка я быў толькі знаёмы. Нават бываў ім справядліва незадаволены. Калі ж мне сказалі пра смерць малога Юрка, я напісаў яго бацьку. Не з дому, а з другога горада ў горад таксама далёкі, трэці.
Тут, у чацвёртым горадзе, сёння я сустрэў яго, бацьку таго Юрка. Толькі праз месяц пасля трагедыі.
Сустрэча была для нас абодвух зусім нечаканай, i я сказаў яму «ты» — упершыню, міжвольна, як бывала ў мяне часамі з кім-небудзь з маладых сяброў, каму хацелася сказаць штосьці ад душы. Юркаў бацька быў у спартыўным касцюме i здаваўся ад гэтага шмат маладзейшым нават за свае трыццаць пяць. Страшная смерць адзінага сына наогул зрабіла яго ў маіх вачах ледзь не юнаком, бездапаможным, страшна свабодным, з глыбокім болем у душы.
Ён мне сказаў, што тут, у пісьменніцкім доме творчасці, ён не адзін, a з жонкай. Я ведаў, яшчэ з другога далёкага горада, што жонка яго павінна хутка нарадзіць. Я не папрасіў перадаць ёй мае прывітанне не толькі таму, што мы не знаёмыя, але i таму, што прывітанне маё магло б ёй здацца яшчэ адным спачуваннем, якое ёй не патрэбна цяпер, пасля жахлівай страты, перад новым хвалюючым набыццём.
Ён мне сказаў, што праз гадзіну яны ад'язджаюць, ён вось толькі забег у буфет, узяць ёй штосьці у дарогу. Нічога больш не гаварылі мы, ні я, ні ён, a толькі яшчэ раз паціснулі рукі, хоць i не дзіўна было б,— так адчувалася,— каб мы абняліся на развітанне.
* * *
Нарада наша ў пэўнай меры міжнародная. Уранні з Масквы, разам з трыма рускімі прыехалі два палякі, з Вільнюса адзін літовец, а латышы — на месцы.
Учора. ўвечары я быў адзін з прыезджых, знаёмых у доме больш не сустрэў, i цяпер мне прыемна ў гурце. Тым больш, што прыехалі i сябры, з якімі добра пабачыцца.
У нашай групе толькі адна жанчына. Руская. Як гэта часта, ці нават заўсёды бывае, наша мужчынская ўвага нейкім міжвольным чынам звернута на яе. Няхай сабе гэта i непрыкметна, толькі адчуваецца кожным па-свойму, пра што я, праўда, магу пакуль меркаваць па адным сабе.