— Маці божая, якая ў мэнках раджала, у цярпеннях выкарміла і на крыж Галгофскі праводзіла дзіцятко сваё адзінае, ахіні нас хмарай нябеснай, прымі нас у лік дзяцей сваіх ясных, вазьмі пад сваю апеку маладыя і старыя сэрцы нашыя і спашлі на нас сілу і шчасце духа тваго святаго, каб мы маглі справамі сваімі ўсцешыць сына тваго адзінароднаго, збавіцеля нашаго любімаго!
Хрысціна набрала паветра і загаварыла да неба зноў:
— Сваімі божымі далонькамі, што датыкаліся ранаў сынавых, блаславі — і дзетак нашых, і ўнукаў і праўнукаў, і мужыкоў, добрых і няўдалых, і суседзяў, любых і пастылых, і чужых, і сваякоў, ды тых грэшнікаў па ўсяму аблічы зямному, хто яшчэ не ведае волі божай, бо, павер, кожная душа хоча ратунку!..
— Скажы там госпаду,— цягнула яна ў экстазе,— няхай і ён пройдзе каля нас ціхімі крокамі, пачуе малітвы нашы гарачыя, і асвеціць нас прамяністым святлом сваго твару незямного, ды сагрэе чарадзейнай святасцю сваёю, а мы будзем удзячныя і служыцімем — усе служыцімем яму верна, покуль смяротны пот не залье нашыя скроні, не ўскалане нас прадсмяротная ікаўка, а кроў не застыне ў жылах, ды не пагаснуць нашыя вочы і дыханні, амін!
— Амін!— як адзін чалавек, выдыхнуў натоўп енк. Баязлівае маўчанне абарвалася. Людзі раптоўна заварушыліся, пачуўся плач і адчайны крык:
— Мацер свята-ая!.. Ма-ацер божая!..
— То дайце ж мне даслухаць, яна гавоорыць штось! — дамагалася Руселіха.
— А я толькі бачу, але нічагутко не чую!
— I я...
— Дзе, цётко Піліпіхо, пакажэ-эце вы ж!..
— Я ўсю жызню маліласа, і бог мяне ўважыў!.. Я ўсё маліла, нрасіла бога, і ён паслухаўсо...
—...Кажу — гаворыць нам, бабы!
— Хто, што гаворыць, куды глядзець?!. Баба Насця, дзе тое вы бачыце?!
Нечы прарэзлівы дыскант заглушыў усіх:
— Змоўкнемо, бабы, змоўкніце, маладыя, ша-а! Хіба можно гэто кожнаму слухаць?.. Адной Хрысціне дано чуць голас багародзіцы, хай адная і ўслухаецца!
На ўзгорку адразу запанавала мёртвая цішыня.
— Слухай, Хрысціна. Слухай добро і нам усё перасказвай!
Руселіха з той жа ўзнёслай ад радасці ўсмешкай, з блуднымі ад узбуджанасці вачыма, утаропленымі ў неба, з нездаровымі — чырвона-белымі — плямамі на твары, пачала скарагаворкай ды з паўзамі ўпэўнена перадаваць:
—О! спасіцельніца гаворыць, бытто ўласць... Што ўладу бог даручае на зямле... Нашаму Альяшку, Лаўрэнаваму сыну, і аб'яўляе яго божым чалавекам!
— Ах-х!..— зноў выдыхнуў натоўп.
— Выходзіць, гэто — праўда?! — пачуўся прыглушаны ад жаху і здзіўлены голас.
— Яму такі!..— падхапілі адразу некалькі ўражаных бабак.
— Мелі рэхт тыя, што гаварылі!
— Ціхо, бабы, не перашкаджаймо ёй! — перакрыў усе галасы дыскант.
I святыя словы Хрысціна нерадавала далей:
—...Што Альяш у госпада тут — намеснік!.. Пабудуе... божы храм!.. I не адзін!.. Тры!.. Наказвае, каб Альяша мы слухаліса, бо чалавек гэны прывядзе нас да царства нябеснаго!
Натоўп застагнаў, заварушыўся.
— Будзем мы яго слухаць, царыца нябесная, мілая ты заступніца нашая, ва ўсім будземо слухаць!.. I споўнімо волю яго, што б ні пажадаў!.. А скажы госпаду богу і яго сынаві, што мы не пашкадуемо ні сябе, ні жывата, ні каня, ні вала сваго, ні дзетак сваіх, ні мужыкоў, каб...
З-за хвойнічку выплыла лянівае воблака пылу — Альяш вёз каменне.
— А-ей, бабы, дальбо, мусі, нехрыст Паўтарак са сваёй шайкай валіць! — першай прачнулася з масавага псіхозу і ўстрывожана абарвала Хрысціну Аўхімюкова Гандзя.