Мікалай паспрабаваў рэпеціраваць прамову, сябры сталі дапамагаць — у Грыбоўшчыне бываў кожны. Атрымалася ў іх несур'ёзна.
— Ліхо яго бяры, хопіць, Альяша размалюю і так! — сам сябе падбадзёрыў аратар.— Мы прывыклі! Стань перадаваць пра ўсё, як яно е, расказваць падрабязна — за жываты будуць брацца, не можа быць, каб гэтаго смеху я не змог расказаць!
У гэты момант і пачала іх даганяць фурманка.
— Хлопцы, мо пачэпімся? — закрычаў меляшковец.
— А што? — ажывіўся Мікалай і прыгледзеўся.— Гэ, Хімка? А хто гэто барадаты каля цябе?.. Ой, Пятрук!.. Куды вас трасца нясе на ноч? А-а, мабыць, кужаль прадаваць вязеце!.. Вядомо, вы нас, землячкі, падвязеце, праўда?
Але хлопцы ўжо ўзабраліся на палатняныя звойцы і падавалі Мікалаю руку.
Шудзялоўскі войт падказаў Альяшу, што ў Гродна збіраецца прыехаць з Варшавы прэзідэнт. Войт параіў што-небудзь падараваць галаве польскай дзяржавы. Багамолы задумаліся.
— Хібо з вярсту кужалю? — запрапанаваў Майсак.— Хай сабе перадасць яго прыютам! Дарыць не свае панам, халерам, падабаецца!..
Астатнім гэтага здалося мала. Давідзюк саслаўся на Біблію, аўтарытэтна заявіў:
— Даюць богу богава, а кесару — кесараво. Трэ завязці яшчэ грошай яму, ісцінно вам кажу!
Альяш напіхаў салявы мяшочак крэдыткамі, ссукаў са свежай каноплі тоненькую дратвачку, зашыў яго і мяшочак даверыў Хімцы.
...Майсак правіў выдзеленай войтам парай коней, а наша цётка прыгрэла мяшочак сабой ды баялася, каб хлопцы не ўздумалі пацікавіцца, на чым яна едзе.
— Ну, Хімка, ты ўжэ ўрасла, пусціла корні ў Грыбаве, змірылася з усім? — дыхнуўшы цётцы маладым цяплом у твар, са шкадаваннем спытаўся ў яе Мікалай.
— Нічого, Коля,— з годнасцю і ноткамі мацярынскай цеплыні адказала яна.— Хто змірае дух свой, той куды мацнейшы за таго, хто пакарае гарады!
— Ха!.. Змірай, змірай — так на шыю табе і ўзлезуць!
— На тым свеце, Колечка, усе роўныя будзем!..
— Паехала зноў пра сваё!..
Хімку хлапец ведаў аж надта: яму адразу зрабілася з ёю сумна. Яго сябры завязалі з Петруком гарачы дыспут, і Мікалай прыслухаўся.
— Ты знайшоў сваю праўду? — упарта адбіваўся ад меляшкоўца фурман.— I кажаш, што бога няма? I маеш рэхт, што так гаворыш! Бо адкуль ты можаш ведаць, што бог е, калі ты не перажыў яго? А я ведаю напэўно, бо перажыў!.. Е ў цябе праўда? То нясі яе высоко і дастойно, як нёс сам Хрыстос, а я буду несці сваю, і не мяшаймо адзін аднаму!
— Не перашкаджаць табе? — не адставаў меляшковец ад Майсака.— У тваёй Бібліі гаворыцца, што першымі людзьмі на зямлі былі Адам і Ева, так?
— Ну, так.
— Адамавы хлопцы пажаніліса і пабудавалі гарады, так?
— Няхай.
— Ты не выкручвайса, а гавары — так ці не? — Ну, так.
— То дзе ж набралі яны жонак і народу ў свае гарады, калі і людзей на ўсім свеце не было, чаму такая брахня стаіць у тваёй хвалёнай Бібліі?.. Не ведаеш? То як жа ты верыш? Цемра ты!..
— Слухай! Калі я ем панцаковую кашу і мне на зубы трапіць асцюг, то я ж не вывальваю міску ў цэбар! Выкідваю толькі асцюг, а кашу ем далей...
— Пра кашу пачаў ужэ ты!..— узрадаваўся Мікалай і кінуўся сябрам на падмогу.— Пра соль і перац шчэ ўспомні!.. А-а, халера, не маеш чым крыць, падло!..
Дарога дэлегатам здалася адным імгненнем.
...Раніцой хлопцы апынуліся на гродзенскай станцыі. У дэпоўскай сталярні знайшлі самавітага Лявона Шыдлоўскага — з ім Мікалай спатыкаўся толькі на сходках.
— Каго бачу, Кахановіч, о! — уставіў на іх выпучаныя вочы сталяр.— Значыць, ты са сваімі ўжэ тут! А да нас учора сам прэзідэнт прыехаў, от што!