1 траўня, год 1919
Мы з татам жывем цяжка, але з ім мне значна лепш, чым у прытулку. Я б хацеў трапіць на магілу Лёвушкi, але не ведаю, дзе яна. Цяпер у горадзе кіруюць палякі, а наша радзіма цяпер Польшча.
25 траўня, год 1919
Я бачыў незвычайны сон. Як быццам на месцы манастыра, у якім быў наш прытулак, пабудавалі дзіўны дом, з крывымі сценамі і статуяй каня над уваходам. Я быў ўнутры і бачыў, што гэта падобна на вельмі вялікі тэатр. Я адзін раз быў з татам у тэатры і мне спадабалася. Дык вось, у гэтым тэатры выступаў нейкі чалавек, а на сцэне вісеў вянок з чырвонай зоркай. Чалавек казаў, што галоўнае гэта братэрскі саюз… і тут я прачнуўся…
2 чэрвеня, год 1919
Папа паклікаў мяне і сказаў, што раз цяпер мы жывем у Польшчы, то павінны стаць палякамі. Ён быў вельмі маркотны, мне нават здалося, што ён можа заплакаць. Але ён не заплакаў, а стаў гаварыць са мной пра польскую школу. Я не хачу ў польскую школу, але раз тата кажа, што мне трэба ў яе ісці, значыць — я так і зраблю!
7 траўня, год 1926
Я знайшоў гэты свой стары дзённік. Шмат гадоў прайшло з таго часу, як я пісалэм до него. Тэраз я амаль увесь час гавару на польскай мове. Цо ешчэ я мог бы додаць сюды. Старая настаўніца мая — Станішэўская — даўно памерла. Я пасля польскай школы хачу паступіць да польскага універсітэта. Хачу вучыцца ў Варшаве. Жывём мы з татам нядрэнна. Польшча паволі ўпрыгожвае, на кшталт Еўропы, наш крэсовы гарадок. Я хачу пакласці гэты сшытак у бутельку і выкінуць у Нёман. Можа хто-небудзь калі-небудзь знойдзе гэтыя запісы. Якімі б не былі тады людзі, і ў якой краіне б ні жылі яны, я мам надзею, што яны будуць любіць свае родныя мясціны.
Андрэйка
(Мой дзёньнік у якім няма дат, бо пішу па памяці і даты не памятаю)
Дзверы ў кабінет начальніка заўсёды выклікалi ў мяне роспач. Так-так, адзін погляд на iх цёмную, вечна бруднаватую паверхню, адразу ж прыводзіў мяне ў стан крайняй нервовасці. Таму я хацеў праскочыць iх як мага хутчэй. Не надта гучна стукнуўшы ў ненавісную перашкоду, два разы, косткамі пальцаў, я націснуў на абшарпаную ручку і рашуча ўвайшоў.
— Дазвольце, Аляксандр Браніслававіч? — спытаў я, увайшоўшы ў кабінет.
— Заходзь, Андрэй. Ну чо, змагар? Ужо бачыў?
Начальнік зноў назваў мяне змагаром. Амаль уся ўправа называла мяне так, з-за таго, што я размаўляю амаль выключна на беларускай мове. Што тут дзіўнага? Я жыву ў Беларусі, я — беларус. Мая мама была настаўніцай беламовы ў школе. Чаму я не павінен гаварыць на роднай мове? Хаця… ніхто прама і не кажа, што не павінен. Проста ўсе вакол глядзяць на мяне, як на прышэльца. Ды яшчэ гэтыя жарты…
— Дык ты бачыў? — паўтарыў сваё пытанне Аляксандр Браніслававіч.
— Што менавіта?
— Надпіс на нашым будынку, што! — адрэзаў начальнік.
— Не. Неяк не заўважыў. Спяшаўся на дзяжурства.
— Злева ад уваходу здаравеннымі літарамі напісана «Дыктатура», — сказаў Аляксандр Браніслававіч, голас якога станавіўся ўсё больш сярдзітым.
— Шчыра кажу, не бачыў.
— Ну так схадзі і паглядзі! Потым вернешся!
Я выйшаў з кабінета і пайшоў па доўгім калідоры да выхаду з будынка. Мой бацька быў міліцыянерам, як і мой дзед. Але можа быць мне не варта было працягваць гэтую традыцыю? Дынастыя? Ну так… Дынастыя. Але калісьці ж трэба пачаць новую… Навошта мне гэта? Проста я з дзяцінства марыў стаць міліцыянерам. І вось — стаў! Працую некалькі гадоў. Праца, вядома, не цукар. Неяк я бег за хуліганам і выкрыкваў загады спыніцца, а ён на судзе потым сказаў, што не разумеў мяне бо не ведае мовы, на якой я яму крычаў. Белабрысы беларускі хлопец з прозвішчам Андрушевiч не ведае мовы…
Я выйшаў на вуліцу і агледзеўся. Злева ад уваходу сапраўды ззяў яркi вялікi надпіс: «Дыктатура» выпісаны жоўтымі літарамі, даволі акуратна. Я вярнуўся ў кабінет начальніка.
— Ну шо бачыў? — спытаў Аляксандр Браніслававіч, адарваўшыся ад вывучэння дакументаў.
— Так точна.
— Я вось думаю, ці не ты гэта напісаў, змагар ты наш. А?
— Што? — мой голас гучаў здзіўлена. — Ды як вы наогул можаце мяне падазраваць? Глупства нейкае. Навошта мне гэта?
— Дык ты ж у нас самы несвядомы.
— Гэта чаму ж?
— Сам ведаеш! — заявіў начальнік.