– А дзе пан іх узяў?
– Маю і ўсё. Шлянгбаўм просіць даверыць яму мой капітал. І я лічу, што шэсць тысяч гадавых лепш за чатыры тысячы, дык гатовы выслухаць яго прапановы. Але я не люблю дзейнічаць усляпую, дык запатрабаваў лічбы. Ну і бачу, зладзім мы справу.
Жэцкі быў здзіўлены.
– Мне і ў галаву не прыходзіла, – сказаў ён, – каб пан мог займацца падобнымі рэчамі.
– Дурны быў, – адказаў доктар і паціснуў плячыма. – На маіх вачах Вакульскі разбагацеў, Шлянгбаўм багацее, а я ўрос у зямлю, нібы камень, сяджу на сваіх капейках. Хто не рухаецца наперад, таго абскачуць.
– Але ж не панская гэта справа – варочаць грашыма!..
– Чаму ж не мая? Не кожны можа быць паэтам або героем, але кожнаму трэба грошы, – казаў Шуман. – Грошы – гэта спіжарня самае высакароднае сілы ў прыродзе – чалавечае працы. Гэта той сезам, перад якім адчыняюцца ўсе дзверы, той абрус, на якім заўжды ёсць абед, тая лямпа Аладзіна, якую можна пацерці і адразу мець усё, чаго прагнеш. Чароўныя сады, багатыя палацы, прыгажунь каралеў, надзейных слуг і гатовых да ахвяр сяброў – усё можна мець за грошы…
Жэцкі падціснуў вусны.
– Не заўсёды меў пан гэткае меркаванне, – сказаў ён.
– Tempora mutanter et nos mutamur in illis[230] – спакойна адказаў доктар. – Я дзесяць гадоў змарнаваў на даследаванне валасоў, выдаткаваў тысячу рублёў, каб надрукаваць брашуру ў сто старонак, і… аніводзін сабака не ўспомніць ні пра яе, ні пра мяне. Паспрабую наступныя дзесяць гадоў прысвяціць грашовым аперацыям і наперад ведаю, што будуць мяне любіць і шанаваць. Абы меў салон ды экіпаж…
Хвіліну яны памаўчалі, пазіраючы ў розныя бакі. Шуман быў пахмурны, а Жэцкаму было крыху няёмка.
– Я хацеў, – азваўся ён нарэшце, – пагутарыць з панам пра Стаха…
Доктар нецярпліва адсунуў паперы.
– Што я тут дапамагу? – прамармытаў ён. – Гэта невылечны рамантык, які ўжо не паразумнее. Ён фатальна рухаецца да знішчэння як матэрыяльнага, гэтак і маральнага, як вы ўсе і ваша сістэма.
– Якая сістэма?..
– Ваша, польская сістэма…
– А якую доктар паставіць замест яе?
– Нашу, жыдоўскую…
Жэцкі аж падскочыў на крэсле.
– Яшчэ месяц таму пан называў жыдоў пархатымі?..
– Бо яны пархатыя. Але сістэма іх магутная, яна трыумфуе, у той час як ваша банкрутуе.
– А на што яна абапіраецца, гэта сістэма?
– На розуме, які вылучыўся з жыдоўскае масы і ўзбіўся да вяршынь цывілізацыі. Вазьмі, пан, Гейнэ, Бернэ, Ласаля, Маркса, Ротшыльда, Блайхрэдэра, і ўбачыш новыя сусветныя шляхі. Гэта жыды іх праклалі: гэтыя пагарджаныя, гнаныя, але цярплівыя ды геніяльныя.
Жэцкі пацёр вочы, яму здавалася, што гэта сон наяве. Нарэшце праз хвіліну ён прамовіў:
– Прабач, доктар, але… ці не жартуе пан з мяне?.. Яшчэ паўгода таму я чуў ад пана зусім іншае…
– Паўгода таму, – незадаволена адказаў Шуман, – чуў пан пратэсты супраць старых парадкаў, а сёння чуеш новую праграму. Чалавек не малюск, які гэтак прырос да свае скалы, што толькі нажом яго можна аддзерці. Чалавек глядзіць навокал, разважае, робіць высновы і ў выніку адмаўляецца ад даўніх ілюзій, калі пераконваецца, што гэта ілюзіі… Але ні пан гэтага не разумее, ні Вакульскі… Усе вы банкруты, усе… Шчасце, што ваша месца займаюць свежыя сілы.
– Я зусім пана не разумею.
– Зараз, пан, зразумееш, – усё больш гарачыўся доктар. – Вазьмі, пан, сям’ю Ленцкіх, што яны рабілі? Змарнавалі маёнтак. І бацька, і сын, у якога засталося ў выніку трыццаць тысяч, выратаваных яму Вакульскім, ды прыгожая дачка ў якасці кампенсацыі стратаў.
А што ў той час рабілі Шлянгбаўмы? Грошы. Збіраў іх дзед і бацька, а сын, нядаўна яшчэ сціплы крамнік, праз год будзе верхаводзіць ва ўсім нашым гандлі. І яны гэта разумеюць, бо стары Шлянгбаўм яшчэ ў студзені напісаў шараду:
“Першае па-нямецку азначае вужаку, другое – расліну, усё ўгору пнецца…” І адразу ж мне растлумачыў, што гэта значыць: Шлянг-Баўм[231]. Кепская шарада, але спраўная работа – зарагатаў доктар.
[230]
[231]