Ах, магла б пані зрабіць міласэрны ўчынак і адным словам скончыць – не ведаю… мае пакуты ці ілюзіі… Ведае ж пані, што найгоршая пэўнасць лепшая за няпэўнасць…
– А калі пэўнасць не найгоршая?.. – спытала панна Ізабэла і адвяла вочы.
У вітальні празвінеў званок, і праз момант Мікалай падаў візітоўкі паноў Рыдзеўскага і Печаркоўскага.
– Прасі, – сказала панна Ізабэла.
У салон увайшлі два вельмі модна апранутыя маладзёны, адзін з якіх вызначаўся вельмі тонкай шыяй і досыць прыкметным плешам, а другі – млявым позіркам і далікатным голасам. Яны ўвайшлі плячо ў плячо, трымаючы капелюшы на той самай адлегласці, аднолькава пакланіліся, аднолькава селі, аднолькава заклалі нагу на нагу, пасля чаго пан Рыдзеўскі засяродзіўся на тым, каб утрымаць сваю шыю ў вертыкальным становішчы, а пан Печаркоўскі пачаў нястомна гаварыць.
Ён казаў пра тое, што цяпер у хрысціянскім свеце падчас вялікага посту ёсць звычай ладзіць раўты, што перад вялікім постам быў карнавал і бавіліся выключна добра, а пасля вялікага посту настане найгоршы час, бо невядома, што рабіць. Потым ён паведаміў панне Ізабэле, што падчас вялікага посту разам з раўтамі адбываюцца лекцыі, на якіх можна вельмі прыемна прабавіць час, калі сесці побач са знаёмымі дамамі, і што найлепшыя прыёмы падчас сёлетняга посту ў панства Жэжухоўскіх.
– Нешта чароўнае, нешта неверагоднае, скажу я пані, – казаў ён. – Вячэра, вядома, звычайная: вустрыцы, амары, рыба, дзічына, але на заканчэнне, для аматараў, ведае пані, што?.. Каша!.. Сапраўдная каша… якая ж гэта?..
– Грэцкая, – першы і апошні раз далучыўся да размовы пан Рыдзеўскі.
– Не грэцкая, а грачаная. Нешта цудоўнае, нешта казачнае!.. Кожнае каліва мае выгляд, нібы асобна варылася… Фармальна аб’ядаемся, князь Келбік, граф Слядзянскі… Нешта такое, што цяжка нават усвядоміць… Падаецца, звычайна, у срэбраных місках…
Панна Ізабэла з гэткім захапленнем глядзела на прамоўцу, гэтак рэагавала на кожнае яго слова рухам або выразам твару, што ў Вакульскага пачало цямнець у вачах. Ён устаў, развітаўся з таварыствам і выбег на вуліцу.
“Я не разумею гэту кабету! – падумаў ён. – Калі яна бывае сапраўдная, з кім яна сапраўдная?..”
Але варта было яму прайсці сотню крокаў па марозе, як ён астыў.
“Урэшце, – думаў ён, – што тут дзіўнага? Яна мусіць жыць з людзьмі, да якіх прызвычаілася, а калі з імі жыве, дык мусіць не зважаць на іх блазнаванне. Хіба яна вінаватая, што прыгожая, як боства, і для кожнага яна боства?.. Хоць жа… прыхільнасць да падобнага таварыства… Ах, які ж я нікчэмнік, вечны нікчэмнік!..”
Калі пасля візітаў да панны Ізабэлы, як мухі-назолы, нападалі на яго сумневы, ён ратаваўся працаю. Праглядаў рахункі, вучыў англійскія словы, чытаў новыя кніжкі. А калі і гэта не дапамагала, ішоў да пані Стаўскае, праседжваў у яе цэлымі вечарамі і, дзіўная рэч, побач з ёю знаходзіў калі не поўнае супакаенне, дык, прынамсі, лагоднасць…
Яны размаўлялі пра самыя звычайныя рэчы. Часцей за ўсё яна расказвала, што ў краме Мілеравай справы ідуць усё лепш, бо людзі даведаліся пра ўдзел пана Вакульскага. Потым яна хваліла Гэлюню, якая робіцца ўсё больш паслухмяная, а калі і бывае часам непаслухмяная, дык бабуля страшыць яе тым, што раскажа ўсё пану Вакульскаму, і дзіця адразу ж супакойваецца. Яшчэ яна прыгадвала пана Жэцкага, які бывае ў іх часам і якога вельмі любіць бабуля, бо ён расказвае ёй мноства цікавых рэчаў пра жыццё пана Вакульскага. І што бабуля таксама любіць пана Вірскага, які аж у захапленні ад пана Вакульскага.
Вакульскі глядзеў на яе і дзівіўся. Спачатку яму здавалася, што гэта ліслівасць, і было яму прыкра. Але пані Стаўская гаварыла з такою непасрэднасцю, што паволі ён пачаў бачыць у ёй добрую сяброўку, якая хоць і пераацэньвае яго, але гаворыць без ценю хлуслівасці.
Заўважыў ён таксама, што пані Стаўская нічога не робіць для сябе. Калі заканчвае працу ў краме, займаецца Гэлюняй, дагаджае маці, клапоціцца пра служанку і пра чужых людзей, найчасцей бедакоў, якія нічым не могуць ёй аддзячыць. А калі і тых ужо няма, зазірае ў клетку канарэйкі, каб змяніць ваду або падсыпаць зерня.
“Анёльскае сэрца!..” – думаў Вакульскі.
А ў адзін з вечароў ён сказаў ёй:
– Ведае пані, што мне здаецца, калі я гляджу на пані?
Яна зірнула на яго занепакоеная.
– Здаецца мне, каб пані дакранулася да чалавека цяжка параненага, дык не толькі боль яго суцішыўся б, але, бадай, загаіліся раны.
– Пан думае, што я чарадзейка? – спытала яна вельмі збянтэжаная.
– Не, пані. Я думаю, што так, як пані, выглядалі святыя.
– Пан Вакульскі мае рацыю, – пацвердзіла пані Місевічова.
Пані Стаўская засмяялася.
– О! Я і раптам святая!.. – сказала яна. – Каб мог хто зазірнуць мне ў сэрца, пераканаўся б тады, якое пагарды я заслугоўваю… Ах, але цяпер мне ўсё адно!.. – скончыла яна з адчаем у голасе.
Пані Місевічова непрыкметна перахрысцілася. Вакульскі не звярнуў на гэта ўвагі.
Ён думаў пра іншую.
Свае пачуцці да Вакульскага пані Стаўская не магла акрэсліць.