Адміністратар пакланіўся.
– Альбо, – працягвала баранеса, ківаючы галавою, – пан Вакульскі прыбярэ са свайго дома гэты бруд і распусту…
– Распусту? – перапытаў я.
– Так, пане, – пацвердзіла баранеса, ківаючы галавою. – Тыя прачкі, што цэлы дзень спяваюць свае жахлівыя песенькі ўнізе, а ўвечары рагочуць у мяне над галавою ў тых… у студэнтаў. А тыя галганы кідаюць на мяне зверху недакуркі або льюць ваду… Нарэшце, тая пані Стаўская, пра якую нават не вядома, што і думаць: удава яна ці разведзеная, з чаго яна жыве… Тая пані зводзіць мужоў у цнатлівых жонак, гэткіх гаротных…
Яна хутка заміргала, і ў яе пацяклі слёзы з вачэй.
– Жах! – казала яна, хліпаючы. – Быць прывязанай да гэтага страшнага дома ў памяць пра дзіця, якое нішто не вырве з сэрца. Яна ж бегала па гэтых пакоях… Яна гуляла там, на падворку… І глядзела ў акно, у якое мне, маці сіраціне, выглянуць сёння няможна… Мяне хочуць выжыць адсюль… усе хочуць мяне выжыць… усім я перашкаджаю… А я ж не магу выбрацца адгэтуль, бо на кожнай дошчачцы гэтае падлогі – сляды яе ножак… кожная сцяна ўвабрала яе смех або плач…
Яна ўпала на канапу і заходзілася ад плачу.
– Ах! – галасіла яна. – Людзі страшнейшыя за звяроў… Хочуць мяне выжыць адсюль, дзе маё дзіця перастала дыхаць… Яе ложачак і ўсе цацкі засталіся на сваіх месцах… Я сама выціраю пыл у яе пакоі, каб нічога не зрушыць з месца… Кожную цалю[188] падлогі выцалавала я на каленях, бо там сляды майго дзіцяці, а яны хочуць мяне выгнаць!.. Выганіце ж адсюль спачатку мой боль, маю тугу, маю роспач…
Яна закрыла твар і плакала наўзрыд. Я заўважыў, што ў адміністратара чырванее нос, і сам адчуў вільгаць на вачах.
Роспач баранесы па памерлым дзіцяці гэтак мяне раззброіла, што я не меў ужо адвагі сказаць ёй пра павышэнне платы за кватэру. А яе галашэнне гэтак мяне растрывожыла, што выскачыў бы праз акно, каб не трэці паверх.
У выніку, жадаючы хоць неяк супакоіць кабету, я звярнуўся да яе самым лагодным тонам:
– Няхай пані крыху супакоіцца… Чаго пані жадае?.. Чым можна дапамагчы?..
У маім голасе была такая спагада, што нос адміністратара пачырванеў яшчэ больш. А ў пані баранесы высахла адно вока, але яна яшчэ плакала другім – на знак таго, што не лічыць дзею скончанай, а мяне цалкам пераможаным.
– Я жадаю… я жадаю, – казала яна, сутаргава ўздыхаючы, – жадаю, каб мяне не выганялі адтуль, дзе памерла маё дзіця… дзе ўсё мне нагадвае яго. Не магу… не магу я пакінуць яе пакой… не магу выкінуць яе мэблю і цацкі… Несумленна гэткім чынам нажывацца на горы.
– Хто ж нажываецца? – запытаўся я.
– Усе, пачынаючы ад гаспадара, які загадвае плаціць мне семсот рублёў…
– А прабач, пані баранеса! – не вытрымаў адміністратар. – Сем цудоўных пакояў, дзве кухні памерам з залу, дзве кладоўкі… Няхай пані аддасць хоць тры пакоі, бо тут жа два ўваходы.
– Нічога я нікому не аддам, – адказала яна цвёрда, – бо мой запрапашчы муж, я ў гэтым перакананая, абдумаецца і з дня на дзень вернецца…
– У такім выпадку, трэба плаціць семсот рублёў…
– Калі не больш, – ціха дадаў я.
Пані баранеса зіркнула на мяне, нібы хацела спапяліць позіркам і ўтапіць у слязах. Вой, якая надзвычайная кабетка… Аж мароз па скуры, як яе згадаю.
– Досыць ужо пра кватэрную плату, – сказала яна.
– Вельмі разумна! – пахваліў яе Вірскі і пакланіўся.
– Досыць пра прэтэнзіі гаспадара… Але ж я не магу плаціць семсот рублёў за кватэру ў падобным доме…
– Чым пані баранесе дом не дагадзіў? – запытаўся я.
– Гэты дом – ганьба для пачцівага чалавека! – закрычала яна, жэстыкулючы. – Дык я не дзеля сябе, а дзеля захавання маральнасці прашу…
– Чаго?
– Каб выгналі тых студэнтаў, якія жывуць нада мною, не даюць мне вызірнуць у вакно на падворак і дэмаралізуюць усіх…
Раптам яна ўскочыла з канапы.
– О! Чуе пан? – паказала яна на дзверы, што вялі ў пакой з боку дзядзінца.
[188]