Яна зачыніла дзверы і пайшла. Мінула некалькі хвілін, пакуль яна вярнулася і адамкнула шматлікія замкі, а потым правяла нас у пусты салон.
Дзіўны быў гэты салон. Мэбля ў цёмна-шэрых чахлах, як і фартэп’яна, а таксама жырандоля пад столлю, нават статуэткі былі ў шэрых кашульках. Наогул, пакой ствараў такое ўражанне, нібы гаспадары з’ехалі і пакінулі слуг, якія вельмі клапоцяцца пра іх майно.
За дзвярыма чуваць было два галасы – жаночы і мужчынскі. Жаночы належаў баранесе, а мужчынскі быў добра мне знаёмы, але я ніяк не мог прыгадаць, чый ён.
– Клянуся, – казала баранеса, – ён у сувязі з ёю. Нядаўна прыслаў ёй букет праз пасыльнага…
– Хм!.. Хм!.. – адгукнуўся мужчынскі голас.
– Букет тая мярзотная какетка, каб увесці мяне ў зман, загадала зараз жа выкінуць праз акно…
– Але ж барон у вёсцы… гэтак далёка ад Варшавы… – адказаў мужчына.
– Але ў яго ёсць тут прыяцелі! – закрычала баранеса. – І каб я не ведала пана, дык магла б падазраваць у пасярэдніцтве ў гэтым паскудстве.
– Але ж, пані!.. – запратэставаў мужчынскі голас.
І ў гэты ж момант пачуліся два пацалункі, мяркую, у руку.
– Ну, ну, пане Марушевіч, без сантыментаў!.. Ведаю я вас. Вы пяшчотныя, пакуль кабета вам не даверыцца, а потым расходуеце яе грошы і жадаеце разводу…
“Дык гэта Марушэвіч, – падумаў я. – Дабраная пара…”
– Я не такі, – сцішана адказаў мужчынскі голас за дзвярыма і зноў пачулася два пацалункі, пэўна, у руку.
Я зірнуў на экс-землеўласніка. Ён падняў вочы да столі, а плечы – амаль да вушэй.
– Штукар!.. – прашаптаў ён, паказваючы на дзверы.
– Ведае яго пан?..
– Ага!..
– Добра, – казала баранеса ў другім пакоі, – няхай пан занясе ў касцёл Святога Крыжа гэтыя дзевяць рублёў на тры імшы, каб Бог на яго не забываўся… Не, – перадумала яна праз момант. – Няхай будзе адна імша за яго, а дзве – за душу маёй беднае дзяўчынкі.
Голас перарваўся ціхімі ўсхліпваннямі.
– Няхай жа пані супакоіцца!.. – лагодна суцішаў яе Марушэвіч.
– Ідзі ўжо, пан, ідзі… – адказала яна.
Дзверы салона нечакана адчыніліся, і як укапаны стаў на парозе Марушэвіч, за якім я заўважыў зжаўцелы твар і пачырванелыя вочы пані баранесы. Мы з адміністратарам падняліся з крэслаў. Марушэвіч хуценька адступіў назад і, відавочна, выйшаў праз іншыя дзверы, а пані баранеса гнеўна паклікала:
– Марыся!.. Марыся!..
Убегла дзяўчына ў белым, як я ўжо згадваў, чапцы, у цёмнай сукенцы з белым фартухом. У гэтым уборы яна магла нагадваць апякунку хворых, каб вочы яе занадта не блішчалі.
– Як ты магла пусціць сюды гэтых паноў? – запыталася ў яе баранеса.
– Пані ж загадала прасіць…
– Дурніца… Прэч адсюль!.. – прашыпела баранеса і звярнулася да нас. – Чаго пан хоча, пане Вірскі?
– Пан Жэцкі – упаўнаважаны гаспадара дому, – прадставіў мяне адміністратар.
– А!.. Добра… – сказала баранеса і павольна ўвайшла ў салон, але сесці нас не запрасіла. Яна скрыжавала рукі на грудзях, як Напалеон, і сказала, пазіраючы на мяне:
– Ааа!.. Пан упаўнаважаны, здаецца мне, пана Вакульскага… Так?.. Няхай жа пан паведаміць яму, што альбо я з’еду з гэтае кватэры, за якую плачу семсот рублёў без затрымак… праўда ж, пане Вірскі?