Крык быў амаль бязгучным, ён згубіўся тут жа, ля Алексы. Трохі прачысціўшы горла, закрычаў ізноў. На гэты раз нешта спалохана мільганула прэч. Можа, якая яшчарка таксама хавалася ў час бурану побач? Але ніхто не азваўся. Тады .зноў закрычаў — безнадзейна i доўга. I ніхто не адгукнуўся ў адказ...
Падышла ноч. Ён усё нерухома сядзеў на адным месцы. Баяўся адысціся ад дарогі — тады не зможа вярнуцца на яе. Барханы ўсюды аднолькавыя. Пайсці наперад — значыць, заблудзіцца ў ix i ніколі не выбрацца назад. Да таго ж ён спадзяваўся, што Нігмату лягчэй будзе шукаць. Яму больш звыклыя тутэйшыя мясціны, ён неяк адрознівае нават гэтыя барханы, для Алексы зусім аднолькавыя, па звону бомаў адчувае, які ідзе караван. Добры памочнік яму гэты чарнавокі хлапец, заўсёды вясёлы i ўслужлівы!
Імгненна апусцілася на зямлю ноч, буйныя зоркі высыпалі на небе. Алекса неахвотна распаліў касцярок, зламаўшы для гэтага вузлаватае, амаль распластанае па зямлі дрэўца, што расло непадалёку. Крэмень высякаў іскру за іскрой, але вогнішча не хацела распальвацца, нібыта без Нігмата яно згубіла сілу. Але нарэшце агеньчык разгарэўся. Алекса закіпяціў ваду, чуйна слухаючы ноч i паклаўшы каля сябе кінжал. Агонь быў цяпер ворагам — відны здалёку, i хто ведае, каму ён прыглянецца! Але той жа агонь мог убачыць i Нігмат, i для яго рызыкаваў Алекса, таму што не хацеў верыць, што пустыня паглынула спадарожніка, да якога ён сапраўды прывязаўся, нібыта да роднага.
Ноч ішла, а Алекса ўсё паліў касцярок, i, мабыць, усе сухія быліны вакол былі спаленыя, таму што шукаць быльнёг i тонкія галінкі ўначы рабілася ўсё цяжэй. I толькі калі трохі пабялела неба на ўсходзе, да Алексы данёсся слабы к рык:
— Эй-вай!
Падалося ці сапраўды нехта крычаў? Алекса ўскочыў загалекаў што было моцы. Крык праз нейкі час вярнуўся, а пасля наблізіўся. З-за бархана выступіла нейчая постаць, i гэта быў Нігмат, ягоны голас быў радасны i адначасна стомлены.
— Э-гей-а-а!
Алекса, забыўшыся на ўсё, кінуўся насустрач яму:
— Братка, братка ты мой!
Ён абхапіў Нігмата за плечы, трос ix з усяе сілы, i слёзы каціліся па твары, падалі на грудзі, на плечы Нігмата.
— Знайшоўся!
Ён гаварыў па-свойму, але Нігмат разумеў яго, i ён таксама абхапіў Алексу за плечы, а пасля сказаў ca сваёй заўсёднай усмешкай:
— Піць дай, а то прапаў зусім Нігмат!
Яны пайшлі да вогнішча, i там Нігмат перш за ўсё загасіў кволенькі агеньчык, памацаў кумган.
— Гарачы!
Ён хлябтаў чай прагнымі, вялікімі глыткамі, пасля спыніўся:
— Калодзеж не хутка, берагчы трэба!
Беражна заткнуў драўлянай пробкай карчагу, дзе яны захоўвалі ваду, падняў на плечы мяшок.
— Айда, пакуль можна! Саратан пачынаецца, саратан! Трэба прайсці да якога селішча, там пажывём да восені.
— Саратан?
Алекса прагна лавіў незнаёмае слова.
— Пайшлі, у дарозе раскажу.
Неба святлела імкліва, i ўжо адчувалася гарачыня, якой напоўніцца дзень. Сапраўды, ісці было ўсё цяжэй, і, відаць, блізка ён быў, гэты саратан, які спальвае расліны i дрэвы, вогненным акіянам абрушваецца на зямлю. Гора чалавеку, які не можа напаіць свой ураджай! Сонца расплавіць усё жывое, што не абараняе вада, таму так дорага каштуе яна ў гэтых мясцінах. Але сонца хітрае, яно выпальвае нават ваду, пакідаючы ў ёй соль, i тады зямля засольваецца, яна робіцца белаю, i жыццё пакідае яе. Каб вярнуць такую зямлю да жыцця, трэба вада — ёю прамываюць засолены ўчастак, ён зноў набірае сілу i можа нараджаць расліны. Тут жа, у пустыні, дзе вады няма, няма i сапраўднага жыцця. Праўда, калісьці вада тут была, пра гэта сведчаць старадаўнія крэпасці i гарады. Вада прыходзіла да ix па каналах, якія карміла рака. Але рака капрызная, яна мяняе рэчышча, i даводзіцца пракладваць каналы зноў i зноў...
Яшчэ расказваў Нігмат, як, засцігнуты пясчанай бурай, ён страціў напрамак і, спадзеючыся дабегчы да Алексы, пайшоў у другім кірунку, але, зразумеўшы, што заблудзіўся, хутка спыніўся i чакаў, пакуль можна будзе шукаць дарогу.
Яшчэ дзве ночы ішлі яны, a ўдзень шукалі хаця якога ценю i клаліся спаць, разганяючы на месцы начлегу ядавітых скарпіёнаў i змей, капаючы пад чэзлым дрэўцам яміну i зацяняючы яе ўсім, што было ў ix,— дыванком, чатырохкутнікамі мяшкоў, абвешваючыся з усіх бакоў i палкамі замацоўваючы свае няхітрыя нажыткі, каб не сарваў ix нечаканы віхор. Клаліся спаць проста на зямлю, у цёилы яшчэ з начы пясок, а вакол Нігмат абавязкова сцяліў валасяны аркан, силецены ім па дарозе з астаткаў вярблюджых i конскіх валасоў, які час ад часу, зачаніўшыся за быльнёг, калыхаўся па ўзбочынах.
— Простую вяроўку змяя ці скарпіён перапаўзе,— тлумачыў ён,— а волас жорсткі, яна пачне паўзці, паколецца — i назад!
З кожным днём як бы выгарала пустыня, i аднойчы днём, калі яны, захіліўшыся ад сонца, моўчкі сядзелі ў лагчыне, Нігмат паказаў рукою:
— Каракурт!
Алекса глянуў на зямлю, але не ўбачыў нічога.
— Вось жа! Павуцінне!