— Так, колькі будзем ісці — толькі пустыня. Але чым далей, тым страшнейшая яна. Добра, што мы пачалі свой шлях цяпер, ранняй вясной, таму тут няма такой гарачыні. Бачыш, вунь саксаўлы — яны нам дадуць паліва для кастра, каб абагрэцца. Чалавек жыве i тут. Ён, чалавек, усюды жыве,— па-філасофску заключыў Нігмат.
За імі заставалася мора — яно было непрыветным, на сініх хвалях пеніліся грабянцы, белыя i зеленаватыя. Глуха шумела навокал, цёрся пясок аб гліняную пляцоўку, i Алекса зразумеў, чаму тутэйшая зямля такая адпаліраваная. Дзе-нідзе блішчалі круглыя ямінкі — там таксама яшчэ была вада. Мусіць, i яна была такой жа горкай, непрыдатнай для піцця, як i вада гэтага непрыветнага мора — Алексу ўвесь час здавалася, што зараз яно нагоніць ix i з ровам абрушыцца, праглыне навекі. Але яны з Нігматам ішлі i ішлі па пустэльнай зямлі, па якой слізгацелі ногі, а мора заставалася ў берагах, толькі шум яго рабіўся цішэйшым, i ўжо не пагроза чулася ў ім, а нейкая скарга, як у звера, якога заключылі ў вялізную клетку...
Усё з большай цікавасцю Алекса глядзеў навокал.
Незвычайна празрыстым, нейкім нібы светланосным было дзівоснае паветра, i ад гэтага ўсё нібыта ціха свяцілася — зямля, расліны. Вось збоку паказаўся будынак — чатыры калоны адзінока абкружалі правалены купал. На сцяне асляпляльна заблішчалі каляровыя пліткі. Калі падышлі бліжэй, Алекса ўбачыў — гэта ўзоры. Прыхаматлівыя, яны нібы луналі ў паветры. Было асабліва журботна, што гэтая прыгажосць жыве толькі для яшчарак i змей, якія з шолахам папаўзлі прэч, калі хлопцы зайшлі ў разваліны, каб трохі адпачыць.
— Гэта мазар — могілкі, тут некалі быў пахаваны знатны чалавек, магчыма, нават хан,— растлумачыў Нігмат.— Хан — гэта як ваш каган, ваш князь.
— А што з ім здарылася? — пацікавіўся Алекса, цяжка здымаючы палатняны мех з сушанымі фруктамі i ляпёшкамі, якія яны зарабілі, тры дні месячы гліну i навоз для цаглін у адным з рэдкіх селішчаў.
— Хто ж ведае? Тут многае было,— задумліва адказаў Нігмат, збіраючы тонкія былінкі для вогнішча i крэсівам высякаючы агонь.— Вось пап'ём чаю, пойдзем далей.
Сцяна адкідала на пясок касы трохкутнік ценю, i яны селі пад ёю. Высока-высока, у празрыстым небе, праплылі касякі журавоў.
— Першыя птушкі. Хутка ажыве пустыня, пабачыш тады, як тут усё расцвіце,— сказаў Нігмат, клапатліва кідаючы ў чорны, закопчаны кумган шчопаць чорнага чаю.
Алекса доўга праводзіў паглядам журавоў. Дык вось дзе кружаць яны, перш чым прыляцяць на Дзвіну на Полаччыну. Вось што ляжыць пад ix крыламі — бяско'нцы блін пустыні, старыя, закінутыя крэпасці i могілкі былых уладароў! Папіўшы чаю, ён не вытрымаў, пайшоў унутр, за сцены. Там, апроч маўзалея, узвышаліся астанкі былога палаца — высокая некалі вежа, да яе прымыкалі доўгія калідоры. Байніцы, прыступкі лесвіц, аркі — усё зроблена з сырцовай цэглы, ужо пашчэрбленай часам. У нішы каля высокага разбуранага акна — фігуркі з цэглы. Ён падышоў, пакратаў — жанчына корміць дзіця, твар у яе ледзь намечаны, але формы пукатыя, нібы налітыя сілай. Далей, у змроку галерэі, відны разбітыя сасуды.
У такіх прывозілі віно ў Полацак замежныя купцы. Был i бачны косці жывёл, кучы попелу. Ён пакрочыў наперад.
— Куды ты? Такія месцы любяць злыя духі — джыны! — закрычаў знізу Нігмат. Сапраўды, Алекса, разглядаючы сляды даўняга, нязвыклага жытла, непрыкметна паднімаўся ўвысь. I цяпер ён стаяў між сцен, у якіх не было даху, сцен, ад якіх захаваліся толькі рэшткі.
Сярод чорнага запусцення ззялі нечакана яркімі, жывымі фарбамі роспісы на сценах. Старадаўнія людзі ў незвычайных сукнях, плашчах ехалі на дзіўных звярах, нацягвалі лукі, танцавалі. Твары мужчын i жанчын, моцна пацёртыя вятрамі i сонцам, часам былі надзіва выразнымі, i Алекса прагна глядзеў навокал, як бы хочучы навекі ўвабраць у сябе ўбачанае. Толькі ў царкве бачыў ён дасюль такія малюнкі, але ў царкве былі намаляваны святыя, а людзей з лукамі i стрэламі, танцоўшчыц там не было ніколі. У кутку ляжалі скураныя скруткі — гэта, відаць, былі нейкія запісы, але яны таксама амаль сатлелі. Што спыніла тут жыццё — хвароба, вайна альбо гнеў багоў нечакана абрушыўся на тых, што некалі жылі ў гэтых сценах, елі, спявалі i смяяліся?
Раздаліся крокі. Гэта, трохі палахліва азіраючыся па баках, спяшаўся наверх Нігмат. Ён, можа, сапраўды чакаў, што ўбачыць тут джына, ці аднаго з нячысцікаўіфрытаў, або мёртвага ўжо спадарожніка, бо твар яго, калі ён убачыў Алексу, асвяціўся радаснай усмешкай.
— Чаму ж ты не адгукаешся? — з папрокам сказаў ен.
— Паглядзі,— Алекса замест адказу павёў рукой навокал.
— Вай-вай, вось гэта цуд! — захоплена пацокаў языком Нігмат.— Я чуў, што некалі даўно каля гэтага караваннага шляху быў горад. Можа, гэта частка яго?
Алекса ўбачыў непадалёк вылепленую з нейкага белага матэрыялу галаву танцора: вузкатвары, танканосы чалавек з чорнай кучаравай барадой у шапачцы. А над шапачкай — казліныя вушы. Алексу толькі цяпер стала жудасна — якраз такім малявалі полацкія іканапісцы чорта, які прыходзіць па душу чалавека, што многа грашыў.
Пойдзем адсюль,— ён пацягнуў за сабой Нігмата, i яны хутка выйшлі з палаца. На ўзгорку каля ix пагаслага касцярка ляжала змяя, яна ляніва падняла галаву i неахвотна папаўзла ў недалёкую шчыліну, каля вялікага кавалка бірузовай палівы — відаць, ветрам сюды занесла адну з пліт палаца.
Яны моўчкі праводзілі яе паглядамі i пачалі збірацца. Уласна, зборы былі нядоўгія — запіхнулі ў мяшок астаткі ляпёшкі, беражліва загарнулі ў некалькі столак пляцёнку з чаем, паклалі наверх кумган — i зноў у дарогу.
Уначы Алекса ўскочыў. Нейкі гул пранёсся над пустыняй, гул гэты ўсё ўзмацняўся, ён нёс трывогу, нібыта недзе нараджаўся вялізны смерч. Нідзе нікога не было відно, агромністыя зоры нізка віселі над зямлёю, а цёплы пясок пад імі быў нерухомы, толькі ўдалечыні як бы скрыгацела — злёгку, варушачыся, нібы змяя.
— Гэта бархан спявае,— сонна сказаў Нігмат.
— Што? — не зразумеў Алекса.
— Пясок сйявае. Вецер падняўся, i тады, калі паднімаецца вецер, бархан — ёсць тут такі ў Каракумах — спявае. Я чуў ужо яго. Спі.
Нігмат павярнуўся на другі бок i тут жа соладка заснуў. Сапраўды, яны ляглі спаць зусім нядаўна, стаміліся. Уначы ісці было лягчэй, паветра не стала прахалодным, не, яно толькі страціла сваю невыносную пякучую гарачыню, i караванны шлях цвёрда лажыўся пад ногі. Яны збочылі, калі пачулі наперадзе званочкі — гэта значыць, наперадзе ішоў караван. Яны баяліся караванаў, хаця ісці разам было б лягчэй. Але чалавека варта было баяцца болей, чым смяротнай гарачыні ці нячутнай у пяску змяі, якая слізгаціць імкліва i напоена атрутай у сотні разоў большай, чым гадзюкі ў полацкіх лясах — цяпер Алекса ведаў гэта.
Яны ішлі не так доўга, але наваколле змянілася да непазнавальнасці. У пустыню прыйшла вясна, зацвіло ўсё у чым хаця трохі цеплілася жыццё: цвілі калючкі, каравыя саксаўлы — дрэўцы, скрыўленыя пастаяннай непагаддзю цвілі акацыі каля юртаў качэўнікаў, куды хлопцы сыходзілі з дарогі.
Нігмат вучыў Алексу мове фарсі — надзіва лёгка даваліся палачаніну словы чужой мовы, i ён вучыў ix ярасна, пібы гэта абяцала нейкае ўратаванне на будучае. A Нігмат быў рады таму i многае гаварыў пра родныя мясціны, пра славутыя гарады Бухару i Самарканд, пра звычкі народаў, якія засялялі старадаўні Согд i Бактрыю. Ён расказваў пра тое, што персы ў яго родных мясцінах некалі пакланяліся Агню i богам ix быў Заратуштр. Але вось ужо некалькі пакаленняў, як захапілі землі персаў качэўнікі — бедуіны, i гэта яны прынеслі лепшага бога — Алаха i яго намесніка на зямлі — Магамета.
Сам Нігмат, як праведны мусульманін, старанна выконваў абрады. Нягледзячы на далёкі шлях, нёс ён у мяшку маленькі, як толькі паставіць калені, дыванок, сплецены з чаратоў, i старанна маліўся па некалькі разоў на дзень. Гэтак жа старанна ён рабіў абрад абмывання, стараючыся адысціся на той час ад Алексы i пабыць аднаму. Аднаго разу гэта ледзь не прывяло да вялікай бяды. Толькі адышоўся Нігмат за невысокі бархан, трымаючы ў руцэ малюсенькі кумганчык, як падзьмуў — спачатку не надта моцна, але з кожным імгненнем усё больш магутна — сухі, рыпучы вецер. Проста на вачах Алексы ўсё навокал завалакло клубамі пылу, пяску, заімглілася, паплыло... Ён кінуўся на зямлю, схапіў з сябе аўчыну, каб неяк схаваць вочы ад пякучай, рэзкай, як град, сумесі, накрыў галаву, упаўшы на калені. Варта было яму хаця на імгненне высунуць галаву, як нос i рот забівала сухім, калючым пылам, i ён туліўся, стараючыся закрыцца ад гэтага нечаканага, нябачанага, смяротнага ветру. Па целе яго з шоргатам, да крыві, праносіўся пясок, але ён закрыў галаву, таму што пакута, якую нёс з сабой вецер, была несцерпнай з-за рота i вачэй, забітых пылам. Час не цягнуўся, не, ён проста спыніўся з-за гэтай пясчанай завірухі, i здавалася — гэта будзе вечна, заўсёды. Заўсёды ён будзе вось так ляжаць, задыхаючыся, заўсёды, аж да Страшнага Суда, будзе вось так не хапаць паветра, i нават сляза не можа прабіцца скрозь гэты страшны шквал... А можа, гэта i ёсць Страшны Суд, можа, за ўсе яго грам занесла яго на край свету i вось так бязлітасна малоціць i знішчае? Ён успомніў,— казаў Нігмат, што ў пустыні ёсць смерчы i ў кожным з ix пасяляецца джын. Мабыць, сапраўды гэтыя джыны, гэтыя нячысцікі, абрушыліся на яго, але ён усё яшчэ жывы, усё яшчэ тахкае, шалёна грукаціць сэрца...
Нарэшце навокал нібы пачало аціхаць. Ён сеў, праціраючы кулакамі вочы i пальцамі дастаючы з рота пясок i пыл. Язык распух, цяжка было сказаць хоць слова, але ён, азіраючыся, не бачыў нідзе Нігмата, i страх ахапіў яго, страх застацца аднаму ў гэтай бяскрайняй пустыні, у пясках, дзе бляклае неба ў часы такіх пясчаных завірух нібы зліваецца з зямлёй... I ён паспрабаваў закрычаць:
— Нігмат!