— Не, Кастусёк.
— Мы тутэйшыя...
— Але ж, Кастусёк, нідзе на свеце няма такой нацыі: тутэйшыя. Ёсць рускія, палякі, англічане, французы, немцы, украінцы, літоўцы, грузіны... Так, мы тутэйшыя. Але не без роду i племені. Ты, Кастусёк, беларус...
Усміхнуўся. Пазіраў на дзяцей: яны пазіралі на яго са здзіўленнем. Ім жа ніхто дагэтуль пра гэта не гаварыў. Калі хто i ўспамінаў гэтае слова, дык з сорамам ці з насмешкаю.
— Я, дзеці, хачу навучыць вас пісаць i чытаць так, як гаварылі вашы дзяды, як гавораць цяпер вашы бацькі i як гаворыце вы,— сказаў Алесь.— Пазней вы даведаецеся, што я нічога не выдумляю... Навучыўшыся пісаць i чытаць, шмат чаго даведаўшыся, вы перастанеце саромецца, адчуеце сябе людзьмі сярод людзей. Хоць гэта не значыць, што пасля вы можаце ўжо i не паважаць іншых. Не. Мы павінны заўсёды ўсіх паважаць, i тады ўсе нас будуць шанаваць... Некалі вялікі рускі пісьменнік Аляксандр Сяргеевіч Пушкін пісаў: «Два чувства дивно близки нам — в них обретает сердце пищу — любовь к родному пепелищу, любовь к отеческим гробам». Мы павінны прыслухацца да гэтых слоў i шанаваць памяць — гісторыю, продкаў, культуру. Чалавек без памяці — не чалавек, толькі нейкая паўразумная істота. Я раскажу вам на нашых уроках пра далёкіх прашчураў — крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, пра гісторыю, культуру, пра гарады. А гарады тут старажытныя: Полацк з 862 года, Віцебск з 974, Тураў з 980, Брэст з 1019, Мінск i Орша з 1067, Пінск з 1097, Гродна з 1128, Гомель з 1142... На жаль, сёння часамі не толькі дзеці, але i сталыя адукаваныя дзядзькі ўсё да драбніц ведаюць пра нейкі далёкі астравок у акіяне, а вось пра гарады, што я назваў, не знаюць амаль нічога... Здзіўляемся, не верым, калі нехта скажа, што, да слова, Полацкае княства з канца дзевятага стагоддзя было ў складзе Кіеўскай Русі, на пачатку адзінаццатага адасобілася, стала моцнаю суполкаю дзяржаўнага тыпу. Праз Полацк ішоў славуты птлях «з варагаў у грэкі», сам Полацк гандляваў з краінамі Усходу, з Паўднёвай Руссю, з блізкімі суседзямі, меў магутныя фінансы, узброеныя сілы, высокаразвітую архітэктуру, жывапіс, прыкладное мастацтва, пісьменнасць...
Алесь зірнуў на дзяцей: тыя слухалі ўважліва, лічы, не міргаючы, пазіралі на яго. Яму хацелася заплакаць: здаецца, дзеці думалі, што ён расказвае ім не нра блізкі Полацк, а пра далёкі Марс.
— У 1044-1161 гадах быў пабудаваны славуты Полацкі Сафійскі сабор, у 1152-1161 — Полацкая Спаса-Ефрасіньеўская царква, мясцовы таленавіты майстра Лазар Богша для асветніцы Ефрасінні Полацкай зрабіў славуты крыж — шэдэўр тагачаснага мастацтва. У 14 стагоддзі — дарэчы, як кажуць, у гэтую эпоху заявілася назва Белая Русь у дачыненні да нашых зямель — створана вядомае Друцкае Евангелле. Продкі мелі высокі ўзровень яшчэ ў ліцейнай справе, апрацоўцы металаў, ганчарным i сталярным рамястве, вырабе адзення, у ювелірным мастацтве, мастацкай разьбе па касці, камені i дрэве... Калі яны па пэўных прычынах у 13-14 стагоддзях злучыліся з Літвою, дык займелі ў новай дзяржаве, Вялікім княстве Літоўскім, добрую павагу. Першая сталіца яе была ў Новагародку, тагачасная беларуская мова стала афіцыйнай у Вялікім княстве Літоўскім[17], на ёй вялося справаводства i судаводства, пісаліся статуты, граматы, сеймавыя пастановы, летапісы i хронікі, а таксама мастацкія i царкоўныя творы...[18] Былі вялікія бібліятэкі ў Полацку, Слуцку, Супраслі, Гродне, Новагародку, Брэсце, выдатнае выяўленчае мастацтва, свецкія хоры i капэлы, аркестры... I як узлёт, як лебядзіная песня культуры таго часу — кнігі палачаніна Францішка Скарыны. Ён першы з усходніх славян у 1517 годзе пачаў кнігадрукаванне, пры гэтым на роднай мове... Пасля былі яшчэ творы Гусоўскага, Полацкага, першы на Беларусі i на Украіне буквар Лаўрэнція Зізанія i яго ж слоўнік роднай мовы, кнігі Стэфана Зізанія, Буднага, Цяпінскага, Собаля... Вялікае княства Літоўскае памагло запыніць нашэсце тэўтонаў i татара-манголаў... Пазней, пасля злучэння Вялікага княства Літоўскага з Польшчай, наша культура пачала занепадаць: у 1696 годзе Рэч Паспалітая забараніла ўжыванне беларускай мовы, i яна, гэтая забарона, на жаль, цягнулася аж да 1905 года... У 1772, 1793 i 1795 гадах пашы землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі...
Алесь схамянуўся. Адчуў: загаварыўся.
— Яшчэ мы, дзеці, будзем таксама вывучаць рускухо мову i літаратуру, сувязі з нашай мовай i літаратурай, гісторыю, геаграфію i закон божы,— дадаў ён пазней.— Можа, яшчэ i тое-сёе з біялогіі?
2.
У паштовым калідорчыку Алесь пачуў крык. Крычаў паштавік Гарбуковіч.
— Відзіш: я занят! — чуўся яго пісклявы голас.— Не магу жа я аднаўрэменна іспалняць дзве работы!
Алесь зайшоў на пошту. Тут, у невялічкай прыёмнай, дзе былі толькі прыхінуты да пабеленай мелам сцяны стол, дзве старыя табурэткі, стаяла засцянкоўка Алена Драздовіч. Трымала ў руцэ клуначак — здаецца, з паўдзесятка яек у старой хустцы.
Гарбуковіч, згледзеўшы гэткага непажаданага госця, як ён, Алесь, угнуў галаву — тырчала толькі з-за перагародкі пасма яго рыжых валасоў.
Алесь павітаўся.
Гарбуковіч, не падымаючы галавы, буркнуў; Алена, невысокая, у доўгай шэрай спадніцы i кажушку, непрыгожая кабеціна, зірнула на яго нібы з нейкаю надзеяю: у яе глыбокіх зялёных вачах бліснула пільнасць.
— Вы маеце нейкі клопат, Алена? — запытаў Алесь.
Гарбуковіч маўчаў; Алена нібы засаромелася за свой клуначак i не ведала, што сказаць.
— У пана Гарбуковіча шмат работы,— пасля прамовіла як вінаватая,— а я хацела папрасіць, каб яны пісьмо напісалі...
— Вінцуку? — запытаў Алесь.— У Амерыку?
Алена кіўнула галавою, зачырванелася: i не старая яшчэ, i шляхцянка, a ні чытаць, ні пісаць не ўмее. Саромелася вось, прасіла начальніка пошты, каб ён напісаў, а той не спяшаўся, наганяў сабе цану.
— Здаецца, ваш жа свёкар умее пісаць,— прамовіў Алесь.
— Умее...— Алена хавала вочы.— Але ж ён зусім аслеп. Ды я хацела ад сябе напісаць...
— Ну што ж,— сказаў Алесь.— Давайце я напішу вам ліст. Калі верыце мне, канечне.
З яе мужам, Вінцуком, ён калісьці сябраваў, а вось яе мала ведаў: яна прыйшла ў Драздовічаву сям'ю з чужой вёскі.
— Чаму мне не верыць вам, пане Аляксандра...— спахапілася яна, каб крый божа не падумалі пра яе кепскага.
Гарбуковіч моўчкі паклаў на перагародку паперу, канверт, буркнуў пра плату.
Алесь узяў складзеную надвая сінюю, у лінейку, паперыну — у левым кутку яе была намалявана нейкая царква,— запрасіў Алену садзіцца, сам сеў, дастаў самапіску. Крышку засаромеўся: самапіска была падаравана яму на днях Кацярынаю. Дык, можа, яе, гэтую самапіску, i ведалі. Надта Гарбуковіч — пляткар i даносчык. Расказвае, нагаворвае пра цябе некаму, сустрэнецца з табою, разгаварыся — дык ён тут жа будзе пляткарыць табе пра іншага.
— Ну, з чаго пачнем? — усміхнуўся Алесь.
— Як i ўсе людзі...— адказала Алена, стараючыся па-ранейшаму не пазіраць у вочы. Сарамлівая, баязлівая была. Лічы, ніколі i не выходзіла на людзі.— Што жывыя i здаровыя, чаго i яму зычым...
[17] «Руская» (беларуская) мова абвешчана афіцыйнай мовай дзяржавы артыкулам Статута Вялікага княства Літоўскага 1588. БелСЭ. Кароткая энцыклапедыя, 1978, т. 1, с. 168.
[18] Там жа, с. 171