Я ўзяў падарунак i не мог сказаць ні слова. Маўчала i Камця, толькі з яе вока выкацілася i паплыла па шчацэ празрыстая, як расінка, слязіна. Нешта ў душы маёй перавярнулася, заныла, i я не вытрымаў, заплакаў. Яшчэ мацней загаласіла i Камця.
— Ну, пайшлі, дачка, на воз,— падышоў і ціха сказаў Гаптар.— Усё роўна ехаць трэба...
— Камця i вы, цёця, я ніколі нічога благога не скажу на Крычаты,— прамовіў я.
— Дзякуй, сынок,— пацалавала мяне ў лоб гаспадыня.— Будзь шчаслівы i не забывай нас. I будзь заўсёды такі разумны... Дасць бог, яшчэ ўбачымся...— яна ўзяла Камцю за руку i павяла да воза.
Нечакана падышоў да мяне Гаптар, падаў моўчкі руку, моцна паціснуў маю, не прамовіў i слова,зноў хутка-хутка пайшоў да калёс. Я зусім разгубіўся, стаяў i глядзеў, як яны паселі — гаспадар уперадзе, спіною да мяне, а жанчыны прымасціліся ззаду, тварам сюды.
Гаспадар цмокнуў, махнуў лейцамі, i конь крануўся. Заляскалі на возе цабэркі, зацерлася аб атосу пярэдняе кола, правае задняе кола было зусім крывое, ківалася ў бакі i шмаравала па лястцы.
Жанчыны сталі махаць рукамі — сваёй хаце і, відаць, мне. Следам за імі бег i шчанюк.
Я, разгублены i заплаканы, стаяў на чужым пустым двары i адчуваў, як штосьці вялікае, дарагое, моцнае выплывае з маёй душы, імкнецца туды, за лес, у якім схаваўся нагружаны клункамі воз...
— Ідзі, мурза, вымыйся,— зласнавата сказала мне маці,— такога бруднага з сабою не вазьму, не хачу, каб чужыя людзі смяяліся ды пальцамі паказвалі.
Я даўно ведаў, куды збіраецца ісці сёння мама, вельмі хацеў пайсці з ёю i цяпер моўчкі выслухаў, як яна папракала мяне. Я знаў, што другім разам дасталося б ад маці матуза па спіне ці яна прыстрашыла б: калі я такі непаслухмяны, неахайны, то пакараюць — абстрыгуць маю чупрыну, будзе галава голая, як бубен, i ніколі мне новага, людскага чаго не купяць. Словам, з гэтай часіны возьмуцца за мяне, бо далі неразумную патолю, i я стаў вялікім раздуронцам...
Але маці цяпер не напомніла гэтага, не пастрашыла, i я ўзрадаваўся, пабег да студні, выцягнуў вядро вады. Выліў яе ў доўгае i глыбокае карыта, адарваў галінку палыну i адагнаў пчол, якія пачулі вільгаць i прагнулі асвяжыцца, лезлі да вады, тады намыліў «запушчаныя» рукі, «чорныя, з куранятамі» ногі i пачаў церці ix пяском i сухадзяроўкаю, заплюшчваючы ад болю вочы.
Калі рукі мае i ногі не так пачысцелі, як пачырванелі, зайшліся ад сцюдзёнай вады, я пакінуў драць ix і, ступаючы на пятках, вярнуўся ў хату.
— Людское дзіця адзенуць, i яно дзень чысценькае ходзіць, а ты ды Ганя... Не цэніце вы маёй працы, не шкадуеце рук маіх,— гневалася маці i здзірала праз галаву маю брудную кашулю,— толькі ведаю — дзянёчак цэлы ля вас таптацца: карміць, абмываць ды пераадзяваць.
Я стаяў, моўчкі нацягваў свежыя штонікі, апусціўшы галаву, слухаў маці: праўда была яе. Перад полуднем я ўжо мяняў майку, скідаў брудную i надзяваў чысценькую, але нядаўна, як прагнаў карову на пашу, сустрэўся ca сваім лепшым сябруком, суседам Антонікам, капаў з ім «акопы», добра прапацеў, пасля мы не паладзілі i абсыпалі адзін аднаго пяском...
Нехаця я надзеў штонікі: не любіў ix. Былі яны выцвелый, кароценькія, на шлейках, зусім «дзяціныя», а я даўно ўжо хацеў доўгія, па костачкі, з кішэнямі, «мужчынскія», каб у ix зацягваўся рэмень. Антонік, як i я, скончыў гэтым летам чатыры класы, але мае цёмна-сінія «дарослыя» порткі, хваліцца, пасміхаецца, што ў мяне такіх няма.
Я многа прасіў маці купіць i мне такія штонікі, бо ўжо, гаварыў ёй, не малы, саромлюся насіць «майткі» на шлейках ці шаравары на гумцы. Маці абяцала «расстарацца», але пасля забывалася, распорвала бацькавы зношаныя фрэнчы i штаны, выразала з ix цэлыя, не працёртыя кускі i сшывала з ix мне «портачкі», якія былі зноў без кішэняў. I я не быў рады ім, чакаў той любай часіны, калі буду мець «мужчынскае» новае адзенне...
I вось сёння гэты дзень настаў: маці збіраецца ісці ў суседняе мястэчка купляць мне касцюм. Гэта будзе мой першы «куплены» касцюм: сёлета я скончыў «школку» ў сваёй вёсцы i пайду «ў людзі» — у пяты клас суседняй дзесяцігодкі, i бацька з маці рашылі, што не выправяць мяне ў чужую вёску неахайным, горшым за людскіх дзяцей, «выкамбінуюць» мне яшчэ новыя чаравікі i паліто.
Дзед Караль часта гаворыць, што i цяпер я «разумны»: умею чытаць, пісаць, складаць вяскоўцам заявы, лісты, чытаю пра навіны ў газетах, i ён кажа, што мне ўжо i гэтай навукі хопіць, да нядаўняга ў вёсцы ніхто далей чацвёртага класа не вучыўся. Як бацька i маці, я дзеда не слухаю, хачу яшчэ вучыцца, мару стаць лётчыкам — высока i ca свістам лётаць, збіваць варожыя самалёты, пускаць белы дым па небе i калі-небудзь пакатаць маму i сястрычку, яны ніколі не ляталі на самалёце, толькі што бачылі яго ў небе...
Я вельмі хацеў схадзіць у магазін i сам выбраць касцюм, які, як думаў, будзе харошы, самы лепшы на свеце, паможа мне стаць дарослым, цікавым, у ім я буду лепш вучыцца, даб'юся, чаго захачу, ды i людзям можна паказаць: ужо i мы можам купляць новае i пекнае адзенне, быць не горшымі за іншых... I я не мог дачакацца, калі настане такі дзень.
Маці пабурчала на мяне ды сціхла, падышла да люстэрка, надзела светленькую блузку, завязала ружовую хустку, паглядзелася i перамяніла адзенне — дастала з шуфляды другую, сіненькую, блузачку, з маленькімі, як мак, кропелькамі. Пасля ўзяла з-пад шафы туфлі, якія носіць толькі па нядзелях ці вялікіх святах, абмахнула ix ад пылу i абулася. Як ні гавары, трэба прыхарашыцца: ідзём мы ў Налібакі — там сельсавет, пошта, магазіны, жыве многа настаўнікаў...
Гляджу я на маму i любуюся: пекная яна. Невысокая, чорненькая валасамі i бровамі, кругленькая ў твары, вясёлая, паглядаю я на яе i радуюся, што ні ў кога няма такой красуні мамы, ёсць адна такая на свеце, i тая толькi ў мяне... Падумаў я так i адчуў, што няма ў мяне ні злосці, ні крыўды, што ні ў чым яна не вінаватая, не прыдзіраецца да мяне, нядобрым стаў я сам i часамі гэтага не бачу.
— Ці не на дождж збіраецца? — калі мы выйшлі на двор, занепакоілася мама, зажмурылася i паглядзела на вадкае, нельга было глянуць, расплаўленае сонца, якое абложвалі маленькія чорненькія хмаркі.
— Не будзе дажджу,— заспакойваю я, стараюся вывесці маці з двара.— Пайшлі хутчэй!
— Можа, i раскалышацца, не будзе марасі,— сказала яна i падалася на брукаванку, азірнулася, глянула на новую нашу хату, якую паставілі тут, у вёсцы, толькі пазалетась — дасюль жылі на хутары ў цеснай дзедавай перасыпанцы. Сёлета перавезлі ў вёску i бацькаву кузню, калгас аплаціў нам за інструменты, i кузня стала калгаснай. Але бацька застаўся ў ёй кавалём, толькі цяпер ужо амаль не робіць нажоў ды сякер, а куе калёсы, правіць жняяркі i машыны...
Я пачыльгікаў за маці i весела засвістаў: хацеў, каб цяпер мяне ўбачыў Антонік — не часта i ён бывае ў мястэчку, хоць трапіць туды хоча, бо ўсе малыя дзеці стараюцца пабываць у чужой вёсцы.
Антонік, белавалосы, высокі i тонкі, як дубец, гэтаксама ўжо вымыты i пераадзеты, стаяў у сваім гародзе, нагінаў вялікую жоўтую галаву сланечніка i выбіраў з яе зярняты. Згледзеў нас, памкнуўся спытаць, куды іду, але ўспомніў, што мы цяпер «злуём», i не затрымаў мяне, адвязаў хустку з шапкі другога сланечніка (абвязвалі, каб не вылушчвалі зярнят вераб'і), адвярнуўся, як не ўбачыў, пачаў скручваць недаспелую шапку. I я не зачапіў яго, адвярнуўся, узняў галаву i моўчкі прайшоў ля іхняга частаколу. Калі, выходзячы з вёскі, я не сцярпеў i азірнуўся, то ўбачыў: Антонік выйшаў са свайго двара на дарогу i глядзеў нам услед. Згледзеў я яго — i пашкадаваў, што не загаварыў з ім: мы ідзём «далека», а ён будзе дома, не ўбачыць таго, што я ўбачу хутка. Памахаў яму рукою, i Антонік заківаў, аж падскакаў, каб я яго лепей бачыў.
Маці ішла, маўчала, i я не ведаў, пра што яна думала. Я ўглядаўся на дарогу, сабе пад ногі. Бачыў шматкі пабялелага сена, бітае шкло, згубленую некім сасновую галіну, цяпер ужо абабітую, высахлую, раздушаны яблык. Але гэта мяне не цікавіла, як не цікавіць i адзінокі падголены, цудам не зрэзаны жняяркамі высокі асот на аўсянішчы. Я нічога не заўважаю ў гэтым новага, бачу такое штодня, я глядзеў, ці не трапіцца на дарозе якая жалезіна, бо Антонік знайшоў тут учора гаечны ключ, а днямі раней — вялікую адвёртку з касцяною ручкаю: сюдою праходзіць за дзень многа машын, і , бывае, што-небудзь вытрасецца з ix. Вось i цяпер паблізу камбайн жне авёс, разварочваецца ля дарогі. Каб я пахадзіў там, то нешта знайшоў бы.
Я даваў Антоніку шапку салодкіх яблыкаў, але ён не прадаў мне адвёрткі, хваліўся, што аддасць суседу-шафёру, i той пакатае за гэта, нават дазволіць «пакіраваць».
Антонік любіць хваліцца, я... Я гэтаксама хачу, каб у мяне ўсё добра выходзіла, але мне неяк меней шанцуе, хоць сёння i я дачакаўся радасці, магу пахваліцца, як надзену неўзабаве новы касцюм.
Нечакана ў мяне ёкнула сэрца: убачыў у пыле абцугі. Я з радасцю падхапіў ix i — тут жа затрывожыўся: былі яны ў салідоле, i я адчуў, што вымазаў рукі.