— Дрэвам прыціснула ў лесе. Ты адна прыехала?
— Адна. Пашкадавала Пецьку разводдзем цягаць.
— Як ён там?
— Добра. Гуляе з бабаю, а я на работу ў школу хаджу.
— Нядобра ў нас выйшла,— сказаў Генадзь.
— Пецька падрос, поўненькі такі,— Юля дастала з сумачкі здымак i падала мужу.— Усё не можа дачакацца, калі татка прыедзе i веласіпедзік прывязе.— Пасля яна не вытрымала i хліпнула: — Толькі крыўдзяць яго дзеці...
Генадзь узяў здымак, моўчкі глядзеў на свайго сына, і відаць было, як у яго калаціліся рукі. Ён пазіраў доўга, з нейкім добрым замілаваннем.
— Чаму крыўдзяць? — спытаў ён.
— Бязбацькавіч...
— Ляжаў я тут i думаў: папраўлюся, стану хадзіць — паеду да вас, трэба разабрацца... — гаварыў Генадзь, i Юля адчула, што перадумаў шмат за тэты час i ён.— А я ўжо i забыўся, які Пецька... Ляжу, успамінаю i не магу ўбачыць...
— Вялікі. Спрабуе маляваць,— усміхнулася Юля.— Ca мною ў лес ездзіць, пілуе дровы.
— Нашто ты яго мучыш?
— Сам просіцца. Кажа: «Мама, вырасту, падужэю, буду за цябе рабіць, не дазволю крыўдзіць цябе...» — Юля расказвала i расчулена плакала.— Каб не ён, то мне i цяжка было б, а так пагаворым, загуляемся — лягчэе на душы...
— А я адзін быў,— прамовіў Генадзь, i Юлі стала шкода яго, як i сына.
— Ты, Генка, i цяпер верыш таму, што гаварылі пра мяне? — спытала яна.
Генадзь пачырванеў, не ведаў, што сказаць.
— Не было нічога,— сказала Юля. Хваліўся Толя, а людзі паўтаралі яго словы, прыбольшвалі.
— Вінаваты я моцна... Не магу табе ў вочы глядзець...
— Разлюбіў ці другую маеш? — насцярожылася яна.
— Не маю я другой,— сказаў Генадзь,— але што гаварыць. На, пачытай вось,— i ён выхапіў з-пад падушкі ліст i падаў Юлі.
«...Я тож, Гена, надумаўся выязджаць адсюль,— чытала Юля.— Ты, стары, не памыляешся: трэба пачынаць жыць інакш, па-чалавечы. Жыццё даецца нам адзін раз, i трэба яго добра пражыць.
Заехаць развітацца да цябе не магу. Прызнацца, часу хапае, i гадзін колькі пахадзіў ля тваёй бальніцы. Рашыў перадаць гэта пісьмо, не магу асмеліцца сустрэцца з табой. Ты прабач, стары; мы былі добрымі сябрамі, нямала разам папрацавалі, але я не заеду паціснуць табе лапу.
Многа гадоў я быў вялікім дурасліўцам, такім жа, як i ты, я зайздросціў табе i пa зайздрасці адпаліў адну агіднасць. Ты, канечне, помніш, не забыў яшчэ Юлю. Ты хадзіў з ёю, ажаніўся, а я кіпеў, праклінаў цябе, бо яна i мне падабалася. Адбіць яе ў цябе я не мог, дык вось па дурной галаве я рашыў звесці вас. Я наўмысна аднойчы пры выпіўцы, ведаючы твой гарачы характар, тваю помслівасць, нагаварыў пры хлопцах на Юлю...
I на тую сустрэчу яна прыйшла не дзеля мяне, а дзеля цябе; ёй я сказаў, што выклікаеш ты, а цябе я падкалоў: прыходзь, глянь, як буду сустракацца з тваёй «улюблёнай, чэсненькай...»
Юля не стала далей чытаць, успомніла Толіка, рыжага шафера, Генадзевага сябра, які сапраўды спрабаваў, калі яна была ў леспрамгасе, бегаць за ёю.
— Ну, вось i добра,— сказала Юля.— З крыўды я не выскачыла замуж, а ты ведаеш, што я не вінавата, што не падманьвала цябе.
— Думаеш, мне лягчэй ад гэтага? — спытаў Генадзь.
— Я тож добрая была...— сказала Юля.— Не пагаварыла з табою, сабрала манаткі i з'ехала.
— Не варты я цябе, Юля.
— Ты пра сына не думаеш,— папракнула Юля.— Каб думаў, шкадаваў, то не дапусціў бы, каб яго бэнсем называлі. — Юля закусіла вусны, адвярнулася.— Пра мяне тож падумаць не хочаш... Гавару ж табе, знаходзіліся людзі, заступаліся, бралі, а мне так хацелася, каб у дзіцяці родны бацька быў, каб i я, маладая, шчасця паглядзела. А аднаму — сам ведаеш, як жыць...