— Так не пойдзе, так за сваё здароўе не п'юць! Нельга сабе зла пакідаць.
— Што з табою, Генік? — здзівілася Тоня, зноў падала Генадзю яго шклянку.— Выпі, Генка, я ж ведаю тваю сілу.
— Ты слаба, Тонька, ведаеш маю сілу, i не тую,— не гледзячы на дзяўчыну, сказаў Генадзь, адвёў яе руку з гарэлкай i кусануў каўбасы. Хлопцы паціснулі плячыма, глянулі адзін на аднаго, выпілі крыху, паставілі шклянкі i таксама пачалі закусваць.
Усе елі моўчкі. Даўно не было ў гэтай дружнай кампаніі такога няёмкага, незразумелага маўчання, даўно так ніхто не думаў доўга, якое ж сказаць слова.
— Паўторым,— азвалася Тонька i даліла ўсім у шклянкі, сабе зноў напалавініла.— За здароўе нашага слаўнага Генкі!
Сказала, адным махам выпіла ўсю гарэлку, толькі крактанула і, выцершы рукавом вусны, скрывілася i панюхала хлеб. Хлопцы выпілі, хто колькі асільваў, глядзелі на Генадзя. Той зноў толькі памачыў у гарэлцы губы i паставіў шклянку на стол.
— Ты што? — абурылася Тонька.— Чаго такі сёння не ў гуморы?
— Я рашыў больш не піць.
— З гэтага вечара,— хіхікнуў Жэнька.
— З гэтага вечара.
— Дык i давай вып'ем за тое, каб ты захаваў сваё нутро, чалавекам стаў,— падала Генадзю шклянку Тонька.
— За гэта я ўжо адпіў,— ён адвёў руку дзяўчыны.
— Во напалохаўся,— засмяялася Тонька.— Колькі ты ні асцерагайся, а пражывеш усё роўна столькі, колькі табе адведзена.
— Трэба нам, хлопцы, крыху разумней жыць,— спакойна сказаў Генадзь.— Робім мы добра, хваляць нас, але пасля работы вольны час свой абы-як праводзім. Я вось думаю, што многа я страціў у жыцці... Страціў добрага, самага чалавечага...
— I многа ты аб гэтым ужо думаў? — спытала Тонька.
— Ды нямала,— сказаў Генадзь.
— I што ты страціў?
— Многае,— прамовіў Генадзь, памаўчаў, нават не глянуў на яе, сам наліў усім i сабе поўныя шклянкі, асцярожна падняў сваю.
— Давайце, хлопцы, вып'ем астатні раз, каб мы болей не ганяліся за гэтым зеллем, нешта другое i лепшае бачылі. Давайце вып'ем, каб шчаслівыя былі, каб людзі ад нас ніколі не плакалі.
Усе выпілі.
— А цяпер, хлопцы, ідзіце. Я хачу пабыць адзін.
Сябры сёння не разумелі Генадзя, якога паважалі; маўчалі, лыпалі вачыма, гадалі, што ён задумаў.
Генадзь праскакаў на адной назе, адчыніў дзверы, i хлопцы высыпалі з хаты; толькі там, на зімовым двары, чуваць было, што яны перагаворваліся, стараліся дайсці да толку.
— Артыст ты, Генка!— усміхнулася Тонька,— Так разыграць сяброў.
Яна засталася, села на Генадзеў ложак, скінула з ног валёнкі.
— Апранайся, Тонька, i ідзі дадому,— сказаў Генадзь.— Не трэба гэта.
— Ты зусім нядобры, Генка,— пакрыўдзілася Тонька, — Я не люблю цябе.
— Тады ты не ведаеш, як можна любіць,— сказаў Генадзь,— а так ты i Аліка любіш, i таго карэспандэнта любіла, што ў лютым прыязджаў да нас...
— Дык хто я, па-твойму? Ну, скажы? — Тонька, расхваляваная, раззлаваная, устала i падышла да яго,— Культурны, не гаворыш. Тады скажы, назаві мне тую, што ўмее любіць.
— Юлька.