— Ды ён, таварыш капітан, кажу, свядомы. Наш,— заступіўся за яго Васюкоў, таксама цяпер нясвежы, нават змардаваны.— Мы яму верым. Калі гаворыць, што не бачыў, дык i не бачыў. Я за яго ручаюся. Трэба дазволіць яму вярнуцца ў сваю вёску.
— Ладна, хлопец. Едзь, калі за цябе ручаюцца,— дазволіў вайсковец, адступіў.— Толькі, па-першае, трымай язык за зубамі, маўчы пра нас, як i не бачыў нічога, а па-другое, не лаві варон. Цяпер не самы лепшы час для любові...
Васіль, бянтэжачыся ды, відаць, заліваючыся чырванню, што біты-абабіты, але страціў пільнасць, тузнуў лейцамі каня. Той крануўся, навалок калёсы. Васюкоў закрочыў поруч з імі, абапіраючыся адной рукой на вышмальцаваную драбінку, a ў другой несучы новенькі, відаць, падараваны вайскоўцамі аўтамат.
— Будзеш бачыць на сваім хутары што падазронае — дай вестку ў Ружэвічы, у сельсавет,— прамовіў ён. Гаварыў найперш яму, Васілю. Як мужчына мужчыну.— Толькі абы-каму не гавары ўсё, а мне ці майму памочніку, Казлову. I яшчэ,— сказаў лагодна, нават па-бацькоўску даверліва i павучальна,— праўду кажа гэты капітан: асцерагайся. I паганых людзей, i мін. Мін многа панакідана на полі, у лесе, па дарогах, a людзі, як сам ведаеш, цяпер тут усякія. I свае, i чужыя... Кажуць, i бандзюга Вяршок тут яшчэ блытаецца. I не адзін, а з хаўруснікамі. I сынок пана ляснічага, Крушынскі, акавец заядлы, аднекуль вынырнуў, шкодзіць тылам нашых войск i новай польскай арміі. Так што не спрыяльны яшчэ час, каб жыць адным на хутары. Беражыцеся. А беражонага, як кажуць, i бог сцеражэ...— Усміхнуўся, падаў на развітанне Васілю, а пасля i Яніне руку,— Напалохаў? Загнаў душу ў пяткі? Не хочацца павярнуцца назад, у Ружэвічы? Не?! Ну што ж, калі адчайныя — дык едзьце на сваю бацькаўшчыну, чапляйцеся i на папялішчы. Жывыя — дык i думайце пра жывое. Пускайце карэнне, ажыўляйце вёску i заводзьце новы янкоўскі род! На жаль, я нічым вельмі памагчы вам не магу. Хіба што толькі гэтым...— дастаў з кішэні, падаў пісталет.— Бяры, Васіль, можа, i спатрэбіцца. Хоць лепш было б, каб не спатрэбіўся, каб перастала ўжо ўрэшце ўладарыць зброя...
Аблашчыў позіркам, адстаў і, можа, успамінаючы ў гэтую хвіліну сваю сям'ю, што жыла далека адгэтуль, на Пскоўшчыне, памахаў услед рукою.
2.
Рыжы трухаў, трос галавою, адганяючы ад пакалечанага вока аваднёў i мух, што не давалі яму спакою ўсю дарогу, марудна цягнуў калёсы i зусім не зважаў, што вось нарэшце скончыўся крычатоўскі лес, пачалося налібацкае поле i паяснеў ды пабольшаў свет.
Канечне, Рыжы не мог ні заспяшацца, ні радасна зафыркаць, як звычайна радуецца жывёла, набліжаючыся да свайго жытла. Гэтак жа не мог узбудзіцца i сабака, Мурзік. Ён дасюль бег ззаду калёс, раз за разам запыняўся, збочваў, да нечага прынюхваючыся, абмінаў i шыбаваў паперадзе каня. Яны, i сталы Рыжы, i малады ящчэ Мурзік, дагэтуль ніколі не бачылі ні Янковіч, ні хутара Амшарка. Рыжы прыбіўся з-за свету — валок з-за Мінска сюды гармату, а пасля яго, параненага, падаравалі вайскоўцы Васілю, a Мурзік быў гаспадароў, ружэвіцкі, сабака i толькі па сваёй вялікай схільнасці да Васіля-кватаранта прычапіўся суправаджаць яго ў незнаемы шлях.
Цяжка было здагадацца, што адчувала якраз у гэтую хвіліну сцішэлая Яніна: яна была тутэйшая, з недалёкага хутара, з Ляйтарак, але ўсё ж не з Амшарка. Яна, здаецца, ужо супакоілася пасля нечаканых сустрэч з самалётамі i вайскоўцамі ў лесе i, схаваўшы лоб ад спякотнага сонца пад белаю хусткаю, са здзіўленнем i нават з аняменнем пазірала на вялікае, як акінуць вокам, янковіцкае поле. Яна ведала гэтыя ваколіцы i раней, але не бачыла ix якраз такімі. Яны цяпер былі стракатыя, нібы велізарны шматколерны дыван. Што толькі не расло тут! Палавелі жаўтавата-белыя лапікі малога, з дробным калоссем жыта, пшаніцы i ячменю, зелянеліся авёс i бульба, але яшчэ больш гусцеліся абшары пырніку, лебяды, высознага, у рост чалавека, асоту з шэрымі галоўкамі, жоўтых свірэпы i лубіну.
Ён жа, Васіль, адчуваючы пачасцелае сэрцабіццё, пазіраў не так на гэтае адзічэлае без людзей поле, дзе цяпер расло ўсё, што можа расці само па сабе пад сонцам, дажджом i ветрам, а болей кідаў позірк налева, дзе за вярсты дзве ўздоўж гэтага поля стаялі ліпы, бярозы, сады — усё, што засталося ад спаленых у блакаду Янковіч, а таксама i направа, дзе сям-там сярод поля ці перад самым лесам бачыліся астраўкі бяроз, бэзу, садоў — усё, што ацалела ад былых хутарскіх хат. Наваколлі былі знаёмыя, родныя, але нібы ўжо i счужэлыя.
Хутар Амшарок, дзе жыла Васілёва сям'я да блакады, найбліжэйшы да вёскі, у полі. Яны цяпер i ехалі да яго — да старой зялёнай грушы-дзічкі, што ўкамлелася на некалішнім іхнім бульбяным полі, ссохлых, як было ўжо відаць, сліў i вішань i да напалавіну амярцвелай — знізу апаленай, чорнай, зверху зялёнай — бярэзіны, каля якой раней стаяла іхняе гумно. Дарога тут — а па ёй апошні год ніхто не ездзіў — таксама падзічэла: выбоіны, каляіны заплылі ў паводку i ў дажджы пяском, a міжкаляінне, узбочыны зараслі падарожнікам, гусінаю лапкаю i дзьмухаўцом. Тут, бадай, можна было ўжо i касіць.
За полем паказалася пагонка — дарога з вёскі на хутары ці з хутароў у вёску. За пагонкаю — невялікі поплаў. На ім Васіль i запыніў каня. Поплаў быў зялёна-рудаваты, крышку ўжо выгаралы ад ліпеньскага сонца, з перастаялаю травою. Рыжы адразу ж нагнуўся, ткнуўся да дзяцельніку. Хамут аб'ехаў яму на галаву, агаліўшы вільготную ад поту шыю.
— Вот i прыехалі, як кажа Васюкоў, на бацькаўшчыну...— сказаў Васіль. Па-ранейшаму крышку з наўмыснаю бадзёрасцю.
Яніна нічога не адказала, са смуткам зірнула на апаленыя, ад таго i пасохлыя, руда-чорныя слівы, што стаялі ўздоўж былога плота (цяпер воддаль ад папялішча,паваленага i чорнага, a паблізу згарэлага), на рэшткі выгаралых да сярэдзіны бярвёнаў i падвалін, на разбураную, без коміна, ужо не белую, а абмытую дажджамі, чорна-рудую печ. Далей, за селішчам, у полі мірна, як i заўсёды ўлетку, мігцела-мроілася паветра. Але Васіль толькі зірнуў туды i адразу ж адвёў вочы: здалося, што паветра калышацца не ад шчодрага сонца, а ад гарачага агню...
Пераадолеўшы даўні боль i пакуты, Васіль заварушыўся, ажывіўся. Каб не засмуткавала ды не адчаялася Яніна.
— Баішся нават злазіць з калёс? — спытаў нібы з жартам, хоць гэты жарт, можа, быў не зусім удалы,— Не бойся. Не прападзём. Зачэпімся, як кажа Васюкоў, i на папялішчы, пусцім карэнне...
Ён хацеў узяць Яніну на рукі ды гарэзна ссадзіць, як дзіця, з калёс, але яна не далася, як не давалася заўсёды, калі хацеў удзень, пры святле, прытуліць,— сама рухава саскочыла i — невысокая, худаватая, ад таго i дробная, нібы падлетак, босая — зашлэпала побач з ім да котлішча. Ішлі i абое адчувалі: патыхае нагрэтым ад сонца горкім дымам, пахам, хоць прайшло ж ужо нямала часу, як тут усё гарэла. Лічы, год. Дым ды горасць, відаць, выдыхвала папялішча, як часамі выдыхвае ці выкашлівае атруту хворы чалавек.
Ля пачарнелых камянёў у падмуроўцы былой хаты i хлява гусціліся лебяда, палын, дзікая мята, i камяні ляжалі,нібы чорныя авечкі ў траве, у цяні. На самім селішчы буйныя i дробныя галавешкі, попел былі прыплясканыя ўжо, змытыя ад чорнага бруду, паблізу печы рыжэлася вялікая пляміна — ад размяклай i расцеклай гліны. У былых градах, як убачыў Васіль, лапушылася пустазелле (хоць тое-сёе сярод яго ўчапілася i спажыўное — кусцікі цыбулі, маку, кропу, салаты). Пустазелле ўраслося i ў гародчыку, што некалі быў пры шчытавой, «вясковай», сцяне хаты. Але тут не яно, смелае, укамлелае, кідалася ў вочы, а — кветкі. Цёмна-бурачковыя i светла-ружовыя мальвы.
Кветак было нямала. Яніна ўгледзелася на ix i нібы здзівілася, нібы аж залюбавалася: хіба само па сабе магло сярод дзічыны заявіцца такое дзіўнае хараство?! A ў Васіля ў гэтую ўражлівую хвіліну млосна зайшлося сэрца: мальвы любіла маці. Як ні бурчэў некалі працавіты, дбайны, але крышку мармытлівы бацька, што «засмечваецца зямля», яна кожны год садзіла ў гародчыку кветкі, любіла ў вольную хвіліну прыпыніцца i зірнуць, пацешыцца на ix, не дазваляла нікому ix ламаць. Давала ix толькі каму-небудзь на вяселле. Усе ў вёсцы i на хутары ведалі, што яна любіць кветкі, дык, лічы, з усіх Янковіч дзяўчаты i маладыя кабеты прыходзілі да яе i па насенне, i па букеты. I не толькі па насенне ці букеты. Але i спячы тут торт, вышыць дарожку, звязаць свэтар альбо пашыць сукенку — маці была, як казалі, вялікая майстрыха, «кабета з залатымі рукамі...».
З одуму i журботы Васіля вывеў нечаканы пошчак: на паўмёртвай бярэзіне каля ўцалелай, але абгарэлай шпакоўні засвістаў шпак. Бач, людзей тут няма, а ён жыве! Сядзіць вунь чорны камячок на галінцы i нібы вітае ix сваёю песняю. I гэтае яго вітанне было вялікаю ласкаю ды пяшчотаю. Бо ўсё ж жывая душа ёсць паблізу — не цалкам вымерлае наваколле, не пустыня. Узрушаны, Васіль прайшоў уздоўж былога плота да лугавіны, дзе пасярод была яма з вадою (там яны мачылі каноплі). На лугавіне трава была, лічы, у пояс. Далей, да яміны, Васіль не пайшоў. Не захацеў таптаць траву.
Прыкінуў па-гаспадарску: калі скасіць усё, а пасля яшчэ i атаву, дык, бадай, i хопіць Рыжаму сена на зіму. Сена можна скідаць у стажок, а для Рыжага трэ будзе зрабіць невялікі ўцеплены буданчык.
Вярнуўся. Да студні. Зруб яе быў напалову спалены, разбураны; калі ж Васіль зазірнуў усярэдзіну, дык убачыў: там шмат колля, саломы ды травы, але сярод смецця вабна i зазыўна паблісквае жывое вока.
— Відаць, найперш пачысцім студню, — нібы параіўся з Янінаю, калі i яна падышла сюды,— Будзе вада — будзе i ўсё астатняе. А пасля возьмемся капаць яму для зямлянкі. Так?
Яніна моўчкі паціснула плячыма; трымаючыся за рукаво яго палатнянай кашулі, нагнулася i таксама з насцярогаю зазірнула ў калодзеж i тут жа адхінулася — відаць, збаялася глыбіні.
— Божа, колькі нарасло дзічыны! — прамовіла, пазіраючы на дворышча, а таксама i на былое прыгуменне, дзе буялі, раскашоўваліся загоны жоўтай піжмы, белых рамонкаў, зялёна-рудой сухадзяроўкі — дзікага палыну.
— Вельмі баішся заставацца тут, сярод дзічыны? — запытаў ён, па-свойму зразумеўшы яе адчайны ўздых.
Яніна прытулілася, даверліва прыхіліла да яго грудзіны галаву. Ён пагладзіў шорсткай далонню па яе загарэлай, але гладкай маладой шыі i па худаватым плячы.
— Я з табою не баюся...— прамовіла яна ў адказ,— Ты ж дужы, смелы.
— Не бойся, — i папрасіў, i запэўніў ён.— Зачэпімся. Тут жа ўсё сваё, наша. А сваё спрыяе, памагае стаць на ногі. Гэта на чужыне, кажуць, цяжка зачапіцца. Бо цяжка дабіцца, каб чужая зямля стала бацькаўшчынаю... Хоць, канечне, працы тут трэба будзе многа пакласці...
— Хіба мы старыя ці беларукія якія, што будзем баяцца работы? — адказала, ужо не з разгубленасцю, а з вераю ў яго i свае сілы.