— Давайце думаць, калі зрабіць вяселле...— толькі прамовіў той, даючы ўжо сваю згоду на такі пасаг, які надумаў даць Зосін бацька.
Пасля, калі змовіліся i запілі, пайшлі дадому, Зося жахнулася: ці яна жыве, як i жыла дагэтуль, ці спіць? Пра яе гавораць у хаце, у вёсцы, усе здзіўляюцца, за каго яна ідзе замуж, а яна сама не можа разабрацца, што робіцца, нібы яе падхапіла нейкае магутнае цячэнне i некуды імчыць-нясе — да нейкага глыбознага, крутлівага віру.
«Вяселле... Праз месяц вяселле...— вось зноў нешта гэтае, зямное, пачало даходзіць да яе. Стаяла каля акна, пазірала на зялёненькі ўжо двор, на людзей, на нечага каня i калёсы на вуліцы i, здаецца, не разумела, нашто ўсё гэта i дзеля чаго,— Трэба будзе ісці замуж, быць жонкаю яму, хірляваму, беламу, як снег, баязліваму i няўдаламу...»
Значыць, ужо напраўду бывай, Янка! Навек бывай! Не будзе ўжо такіх цёмных ночак, калі спатыкаліся, жартавалі, цалаваліся, шапталі адно аднаму такія цёплыя словы... Цяпер Янка ёй ужо чужы, a блізкі, дарагі, самы мілы павінен быць Віця... О, божа! Як жа яна будзе жыць з ім, калі ні кропелечкі яго не кахае, не паважае?! I трэба ж будзе жыць не дзень, не год, a ўсё жыццё! I як яна пакіне гэты родны дом? Свой ложак, печ, маці, бацьку, брата i сястру?.. Не будзе больш хадзіць па сваім двары, у хлеў ды ў гумно, у грады, бо будуць у яе новыя сцежкі ў чужой гаспадарцы, якая ёй такая нямілая... Бо дома i маці, i бацька нагамоняць, накрычаць, але пашкадуюць, бо яна ж ім дачка, а там яе, чужой, не прылашчаць... I чаму яе такая доля? Ці не толькі адна яна нешчаслівая? Ці ва ўсіх дзяўчат такая доля? А што каб на вялікдзень яна далася Янку, каб стала ад яго грубая? Расказала б пазней пра ўсё маці, тая — бацьку, абое накрычалі б на яе, можа, i набілі б нават, але пасля гэтага, відаць, не перлі б ужо толькі за Віцю, a былі б згодныя аддаць i за Янку... I Янкавы бацькі тады, можа, не ўпіраліся б... Бо ніхто ж, як гавораць, не хоча, каб іхняя кроў набок ішла, гаравала... Грэх — давацца да шлюбу? Які ж гэта грэх, калі вось пабаялася яго, паслухала матчыных i царкоўных наказаў, а яно ўсё яшчэ горш выйшла?! Быў бы грэх, дык было б тады i шчасце! А так ні граху, ні шчасця... Але пачакай... А што было б, каб саграшыла, далася Янку, а ён не ўзяў бы яе... Ці сам адумаўся б, пабег да іншай, ці бацькі ўсё роўна не дазволілі? I што яна тады рабіла б з дзіцем? Уся вёска парола б у вочы: прынесла ў прыполе байструка! На людзі няможна было б выйсці... Як вось цяпер баіцца выйсці Верка... Волька Супраневіч сказала ёй, Зосі, па сакрэту, што Уладак Дземідовіч падмануў Верку, падакляраваў узяць замуж, спаў не раз з ёю, вось яна цяпер i грубая. А Уладак цяпер адвярнуўся, уцякае ад яе. Верка плача i баіцца прызнацца бацькам, бо яе ж бацька, Міхайла, надта ж злы. Дык што? Не разабрацца, дзе добра, а дзе блага! I так кепска, i так кепска? Няўжо i не так, i не сяк няма i не будзе шчасця? Галена выйшла замуж за нялюбага гэтаксама, але потым любіла другога, Вінцука, таго, за каго хацела выйсці... Употай кахала, грашыла... Сінякі насіла, была абгавораная, але была i шчаслівая... Няўжо можна любіць употай? Хто забароніць? Ніхто! Нават i бог! Бо i бог не дабрадзей, калі шкадуе шчасця...
— Дачушка! Зоська! — паклікала маці.
Зося азірнулася: маці стаяла за ёю сашчапіўшы рукі. У вялікіх вачах яе быў страх.
— Дзіцятка! — зірнула з жальбою.— Ды не бяры ты гэтак усяго да галавы. Можа, усё i добра будзе. Лепш, чым ты думаеш.
Прамовіла i, здаецца, зусім утрупела: яна, відаць, чакала, што Зося пачне спрачацца, паракаць ці нервова плакаць, а Зося нечакана нават для самой сябе ўсміхнулася з нейкаю хітрыкаю. Дык маці, відаць, i напужалася, ці не звар'яцела дачка ад роспачы? Колькі ж вунь у песнях пяецца ды людзі расказваюць пра такіх дзяўчат, што вар'яцеюць, сохнуць па сваім любым!
2.
Як i наказвалі некалі дзед i бацька, Ясь Нямкевіч выехаў на поле араць пад ярыну ў загадзя вызначаны дзень. Тыя заўсёды першае ворыва пачыналі толькі ці ў аўторак, ці ў чацвер, a сеялі ўвесну ўсякую ярыну ў той дзень, у які ўвосень выпадаў першы іней ці снег — каб усё добра ўрадзіла. Часамі гэта праўдзіла, часамі i не, але Нямкевіч шанаваў старыя звычаі, помніў, ведаў на ўсе работы свой каляндар. Гной вазіў толькі на поўнюо, бо, лічыў, вывезеш на сыходніх днях — не абярэшся потым ад пустазелля. Каб добра ўрадзіла, стараўся не пачынаць сеяць першы, чакаў, калі пасее сусед. Пакуль увесну не пасеюць ярыны, дык не забіваў у зямлю i кала, каб зерне не забілася, узышло. Калі араў каля хлява, дык асцерагаўся зачапіць плугам будыніны — каб не калолася быдла, не грызліся свінпі... Словам, меў сотні вось такіх прыкмет, не вельмі, праўда, гаварыў пра ix уголас, але людзі ўсё роўна адчувалі, што ён робіць усё «па навуцы», дык пільнаваліся за ім.
I сёння, гледзячы на яго, шмат хто выехаў араць. Сусед, Гарбацэвіч, гэтаксама. Падсохлае ўжо, выветранае шэрае поле ажыло; на ім тужыліся i коні, i людзі, адчуваючы хваляванне i радасць ад работы, якой даўно ўжо чакалі. Хто-хто, а вясковы чалавек такі: стамляецца, падрываецца, старэе ад работы, a ўсё роўна нічога больш на свеце не любіць, як яе.
Ясь Нямкевіч лёгка ішоў за плугам, убіраючы ў сябе цёплы i хмельны пах свежай зямлі, адчуваючы ў руках, здаецца, яшчэ маладую сілу. Ён добра ведаў сваё поле. Знаў, дзе можна заглыбіць плуг, бо там i чорная зямля глыбока, i няма каменняў, знаў, дзе трэба прыпадняць нарог, бо там жоўты пясок i вялікія, якія не зрушыш з месца, камяні.
Даараў да самай мяжы — да Касцюкевічавага шнура. Завярнуў каня, пусціў плуг у зямлю i прыпыніўся. Не, не адпачыць. Пачакаць сына, Янку. Той хадзіў па ворыве i збіраў у кошык каменне, насіў яго над ігрушу. Ясь любіў, каб поле было чыстае, каб на ім не было ні вялікага, ні малога камення. Хоць колькі ты ні збірай, таго ўсё роўна хапае. Адзін бог ведае, адкуль яно бярэцца. Нібы расце, як грыбы.
— Можа, ты паарэш? — сказаў, калі сын падышоў да яго. Той хацеў прайсці i не падняць нават галавы. Сярдуе, што ў свой час не дазволіў паехаць у сваты да Зосі Мішуковай, перажывае, што тая ідзе замуж за Гарбацэвічавага Віцю.
Ясь адчуваў сваю віну. Праўда, апраўдваў сябе, сваю задуму ажаніць Янку з Гарбацэвічавай Анелькаю, бо той будзе пасля гэтага гаспадар на ўсю вёску, але ўсё роўна адчуваў i няёмкасць: як-ніяк, а пакрыўдзіў, не ўважыў, быў жорсткі. Адно, што суцяшала яго, дык гэта тое, што Гарбацэвіч апярэдзіў, паслаў сватоў да Зосі. Ён колькі разоў апраўдваўся гэтым, але не апраўдаўся, бо i сыны, Янка ды Алесь, i дачка ды жонка ўпотай зацяліся па яго. Нібы ён непрыяцель Янку. І ў хаце ix запанавала маўклівая няшчырасць, непрыязнь.
— Паары, а я пазбіраю... — сказаў.
Янка моўчкі паставіў долу кошык i пайшоў на яго месца. А ён падаўся да каня, нібы перавязаць пастронкі. На самай справе хацеў пагаварыць.
— Ары як трэба, не толькі абы чорным дагары. Рабі ўсякую работу як след, з душою. Зямля як i кабета, лашчыш, любіш, трэшся, мацаеш — падатная, падзяклівая. Не глядзіш, абы-як паводзішся — злая... Дык зямлю трэба любіць і шанаваць. Яна ж карміцелька наша. I корміць, i поіць, i адзяе. He любіш зямлі, не аддаеш ёй душы — не гаспадар ты...
Янка слухаў бацьку i маўчаў. Сёння ён не вельмі браў да душы, да розуму бацькаву навуку, бо чуў яе ўжо i раней часта, згаджаўся з ёю i ведаў, што якраз па ёй i будзе жыць. Цяпер жа, калі зірнуў на высокую старую грушу, успомніў адно лета, жніво. Тады маці зрабілася кепска, яна ўпала, страціла прытомнасць. Ён прынёс яе да грушы, у цень, куды неўзабаве збегліся i ўсе кабеты з поля. Сярод ix была i Зося. I яна тады неяк вельмі ж незвычайна, са шчырасцю, са спачуваннем, нават з нейкаю любасцю пазірала на яго, i той яе позірк узварушыў яго душу, помніцца i цяпер i, мусіць, ніколі ўжо не забудзецца...
Бацька перасупоніў хамут, адышоўся. Янка, так нічога i не прамовіўшы, цмокнуў на каня i павёў плуг. Роўна. Не запускаў яго глыбока i не падымаў. Талковы хлопец. Не прападзе, будзе жыць. Але во змяніўся на вачах. Які працавіты, дзёрзкі, такі ж i зацінлівы. Не па ім выйшла — дык бунтаваў, аж, здаецца, хату ледзь не перавярнуў, зацяўся. Калі яшчэ i малы быў, дык меў свой характар. Ужо ў два гады не дала маці грудзей, дык ён не роў i не выў, а так зацяўся, што аж на галаве вошы заявіліся ад жалобы.
«Адпусціцца, нідзе не дзенецца... — падумаў, беручыся за кошык. — Перагарыць, стане ў аглоблі — пасватаем да Анелькі... Пётрык-то цяпер падбівае, каб прысылаў сватоў. Хоча заадно два вяселлі зрабіць. Але цяпер нам цяжка зрабіць вяселле, ды i якое будзе вяселле, калі Янку будзе яно нямілае, калі, можа, ён з другой маладой вачэй не будзе зводзіць... Увосень, на новым хлебе, усё зробім».
3.
За Буднікаваю хатаю сварыліся кабеты.
— А каб яны прапалі! — лямантавала старая Буднічыха, стоячы ў сваім гародчыку i падпёршы бокі рукамі.— Яны ўжо мне ўсе грады павыграбалі, каб яны падохлі i ты падохлых загрэбла!
— Каб цябе самую калі не сёння, дык заўтра як здыхату загрэблі! — адказала ёй суседка, Ваўчыха, са свайго гародчыка.— Барсучыха ты мардатая.
— Я мардатая? — ускіпела Буднічыха.— А ты якая? Красуня? Ты... Пудзіла ты! Караўка!
— А ты чысцёха? — не уступала Ваўчыха.— У цябе самой лыжкі ніколі не мытыя, каб цябе на той свет мылі! У хаце ніколі не мецена, ложкі не засланыя! Пад ложкам як наваліў летась кот, дык i цяпер тое ляжыць!
— Павыглядала, каб табе лупы вылезлі! A ў цябе ўсё мецена i заслана?! Ты меней бы бегала па хатах ды выглядала б усё, а сказала б свайму лупавокаму, каб плот загарадзіў!
— А твой не лупавокі?! Зубы як у каня! Дай бог, каб яго зубамі дзеці грушы абівалі!
— Каб...