Здаецца, на яго са здзіўленнем увесь час назіраў бацька — той доўга таптаўся пры хляве, у дрывотні (хаваў дуб, клён ды бярозу), сеў сёння вячэраць апошні. Адзін. Бо i кабеты з дзецьмі, i Алесь, які пайшоў у госці да ссыльнага Казлова, i ён, Янка, павячэралі ўжо. Вось маці наліла яму з гаршка, які трымала адною рукою праз анучку за верх, у гліняную міску шчолаку, пасля драўляным апалонікам дастала костку, выбрала астаткі разваранай капусты. Бацька развязаў торбу, дастаў адтуль апольчык сала i хлеб, што яны з Янкам не з'елі на Шубіне. I ў хаце бацька быў у целагрэйцы, толькі без аблавушкі. На пляскатай галаве бялелася ў суцемках вялікая гладкая, нібы нацёртая воскам, лысіна, ля вушэй, прыплюснутых да чэрапа, кудлаціліся русявыя валасы, што былі толькі на патыліцы. Вусы пад носам i барада былі сіваватыя.
За вялікай, на паўкухню, печчу сядзела на ложку Ядзя. Давала малой, што нядаўна прачнулася i плакала, грудзі. Яе сын, Ясік, гуляў на печы з катом. Праўда, яго гулі не зусім падабаліся іхняму старому кату — той то злосна мармытаў, то бурчэў, а то i вішчэў. Нарэшце не вытрываў, саскочыў долу i памкнуўся да дзвярэй. Высокі, бела-руды.
— Ідзі, ідзі,— адчыняючы яму дзверы, сказала гаспадыня.— Толькі не прыводзь дадому кумпанію. Цягніся да паненак, i там пішчэце ўсю ноч.
— Хадзі i ты сюды, мучыцель,— зірнуў на печ, лагодна кіўнуў галавою ўнуку гаспадар.— Пачастую зайцавым хлебам.
— Нe галодны,— сказала гаспадыня.— Вячэраў ужо.
— Toe не лічыцца...— махнуў рукою. Пад ёю вісеў расшпілены крамны манжэт цеснаватай старой кужэльнай кашулі. Крамнымі былі i невялічкі каўнерык, i аблямоўка на грудзіне, на тры белыя гузікі.— А вот калі пакаштаваць зайцавага хлеба, дык тое будзе лічыцца. Хочаш?
Унук скуліўся з печы, затупаў босымі нагамі па гладкім гліняным току. Запыніўся каля стала. I ў шэсць гадоў высокі. Па ўсім відаць: некалі будзе рослы, дужы мужчына. Расце як на дражджах. Яшчэ ўвесну перашытыя з Янкавых старых портак яго штонікі былі доўгія, цягаліся па зямлі, а цяпер вісяць крыху ніжэй калень. I рукавы перашытай, палатанай на локцях кашулькі кароткія.
Нямкевіч, закасаўшы па локці рукавы, агаліўшы жылістыя, парослыя рыжымі валасамі рукі, адрэзаў кавалачак сала i лусту хлеба. Па хаце ад торбачкі хлеба пайшоў казытлівы пах — ад марозу i дыму. Беручы ад дзеда ласунак, Ясік упусціў яго долу.
— А божа ж! — ужо седзячы паблізу на лаве, аж спалохалася баба, перажагналася.— Што ж ты, унук, такі недарэкі? Падымі хуценька i пацалуй хлеб. I скажы: «Даруй, божа, што я нягожы».
Ясік, чырванеючы, падняў, пацалаваў i сказаў так, як вучыла баба.
— Смачна? — усміхнуўся дзед.
— Угу,— адказаў той.
—Не дзіва: гэта ж не абы-які хлеб, a зайцаў! — сказаў дзед, адрэзаў ад акрайца яшчэ лустачку.— На, сястрыцы дай.
Пачуўшы, што свёкар так сардэчна шануе, любіць яе дзяцей, сюды, мігам апарадкаваўшыся, выйшла Ядзя. Тоўсценькая як кадушачка-дзяжа. Паўкапы, як некаторыя жартуюць з яе ў вёсцы. Несла на руках дачку. Яна была ў доўгай кашульцы i ў мяккіх шарсцяных атопачках.
Малая аж ухапіла ласунак. Яе цёмныя вочкі загарэліся. Канечне, засумавала за дзень без дзеда. Які ён быў строгі са сваімі дзецьмі, на гэтулькі мяккі з унукамі. I яны цягнуцца да яго. Болей, чым да бабы. Баба ўвесь дзень у хаце, дык i крычыць на ix часта, а ён, лічы, цэлы светлы дзень на двары, мала стыкаецца ў доме, дык i рады пагуляць з дзецьмі.
Янка падхапіўся з лавы, пайшоў за печ — па кажух.
— Куды ты, сынок, пацягнешся? — пашкадавала яго маці.— Накалеўся, напрацаваўся гэтулькі — ляж ты лепш ды адпачні.
Ён, узяўшы ў рукі кажух, запыніўся ў нерашучасці і, хоць было ўжо марачнавата ў хаце, з мальбою зірнуў на невысокую, прыгорбленую, як i бацька, у доўгай шэрай спадніцы маці: ну, мама, не запыняйце, няўжо вы не ведаеце, што мне трэба схадзіць у вёску, што я не магу сёння ўседзець дома?! Маці, здаецца, зразумела яго гэты красамоўны, глыбокі, ад усёй душы позірк, паднялася з лавы i панесла гаршчочак ад стала да печы.
Бацька не абзываўся; пачаставаўшы ўнукаў, угнуўся i пачаў сёрбаць капусту. Стараўся чамусьці не пазіраць Янку ў вочы. Можа, i думаў. Пра сваё. Пра тое, што трывожыла душу. Бо на лобе, як i заўсёды, калі думае, сабраліся, леглі раўчукамі глыбокія маршчыны. Ядзя, сеўшы на свякроўчына месца, трымаючы на каленях ужо замурзанае ад скарынкі дзіця, хітра ўсміхалася. Яна, маладая, канешне, лепш адчувала, што яго вяло-клікала ў вёску. Ды яна, відаць, i ведала ўсё. Ёй, відаць, усё «па сакрэце» расказала Кастуся. Ад той няма тайн. Тая ўсё ведае. Пра яго, пра сям'ю, пра ўсё, што дзеецца-робіцца ў вёсцы.
З Ядзяю Янку няёмка. Некалі, гадоў сем таму, як Гіполь прывёў яе, маладзенькую i худзенькую дзяўчынку, была сарамлівая. I са свёкрамі, i з ім, хлопцам-падлеткам. Як толькі хто зірне на яе, загаворыць, дык уміг чырванела, бянтэжылася, але пазней, калі нарадзіла адно, другое дзіця, змянілася. Памажнела, пасмялела. Недарэмна ж людзі кажуць: тады баба пышна, калі замуж выйшла. Вось болей году ўжо жыве ў ix без Гіполя. Спачатку, застаўшыся без мужа, на якога ўжо навучылася пакрыкваць, дабіваючыся гэтым самым для сябе нейкіх правоў, хадзіла ціхая, сумная, часта плакала ад адзіноты i скрухі, а пасля паволі аправілася i пажвавела. Прывыкла да сваёй новай долі — долі бязмужняй жонкі. I не толькі прывыкла. Раней увесь час саромелася яго, Янкі, бо, можа, бачыла, якія цікаўныя кідае ён позіркі на яе, як стараецца ўнікнуць у яе жыццё з Гіполем, а цяпер пачала даволі дзіўна паводзіцца з ім. Ужо не асцерагалася перад ім скідаць сукенку ці спадніцу, хадзіць у адной кашулі, хітра заглядвала ў вочы, лагодна ўсміхалася — i ён пад'юшчваўся ад гэтых жаночых чараў, пільней цікаваў за ёю: любіў даўжэй, чым трэба сваяку, запыніць позірк на яе шыі, гладкіх, белых вышэй локцяў руках, на грудзях, што высока ўздымалі кашулю ці цесную ўжо дзявочую кофтачку. У думках пават цалаваў яе, абдымаў: у яго ўжо была туга па жанчыне. Гады падышлі такія. Аднак усяк стараўся не заставацца з ёю сам-насам, не зблізіцца. Былі на гэта тры вялікія засцярогі: боязь граху ды божай кары, боязь у адну раніцу ўбачыць свае вароты вымазаныя глінаю і, па-трэцяе, ён другі год ужо заглядваўся на Мішукову Зосю.
Ядзя ж, не толькі бачачы, але i па-жаночаму глыбока разумеючы i яго ранейшыя пільныя позіркі, i цяперашнія бянтэжанні, здаецца, падражнівалася з ім, распальвала — усе яны, кабеты з Засценка, не адракаліся падгуляць з чужымі мужчынамі i нават з хлопцамі. Колькі ix, замужніх, лавілі, бачылі ў чужых абдымках. I ён летась увосень страціў развагу. Тады, калі вазілі са свайго поплава атаву. Бацька i маці засталіся на лузе, а ён прывёз дадому вазок сена, скуліў каля гумна i пачаў цягаць сена ды закідаць на старое, што ўжо ляжала ў загарадцы.
Гусціліся хмары — на дождж. Янка ведаў: бацька i маці будуць старацца згрэбці i паставіць у копы астатняе сена, а яму трэба чым хутчэй укінуць у гумно прывезенае. Яму павінна была памагаць Кастуся — таптаць сена ў загарадцы. Пайшоў у хату — паклікаць яе. Аж Кастусі не было — уцякла ў вёску. Дома адна Ядзя. Карміла грудзьмі дачку. Ён зладзеявата кінуў позірк на яе левую белую i пышную палавіну грудзей i хутка адвёў вочы, буркнуў, што яму трэба памагчы.
Ядзя забрала з рота дзіцяці смактунок, запхнула грудзі ў расшпілены разрэз блузкі, панесла Аршульку на ложак. «Я табе, Яначак, памагу»,— вярнулася, зашпільваючы па хаду гузічкі. Усміхалася. Лісліва зазірала ў вочы. Ён — хутчэй на двор. Яна — за ім.
Ужо ў гумне, калі яна, хапаючыся за жэрдку, лезла на сена, зноў зладзеявата агледзеў яе. Пушок i сіняватыя жылкі на дужых загарэлых да калень нагах, белыя як снег, поўныя, моцныя сцёгны: яна хоць i прытульвала да сябе спадніцу, але не магла цалкам схаваць сваей жаночай вабнасці. Як сам не свой, пачаў падаваць ёй сена.
Каб заглушыць у сабе грэшнае пачуццё, падаваў часта, памногу. Абы хутчэн з гумна — на луг. Ядзя адцягвала, таптала. Загаворвала. Здаецца, пыталася, ці шмат засталося на поплаве сена, хваліла яго за сілу i, здаецца, яшчэ дапытвалася, калі ён ужо будзе жаніцца, будзе сам сабе гаспадар. Ён нешта адказваў — абы адказаць.
«Яначак, не паспяю,— паскардзілася.— Памажы...»
Ён легка ўскарабкаўся наверх да яе і, стараючыся не сустракацца позіркамі, браў ахапкамі з-пад ног сена i сунуў, запіхаў па баках. Там, наверсе, яна неяк апынулася каля яго, яны неяк кульнуліся на сена. Сёння як праз сон помніць: яна першая абхапіла за шыю, пачала цалаваць.
«Яначак, родненькі...— зашаптала.— Дурненькі мой, харошынькі... Хіба ж ты не бачыш: пакутую я, хачу цябе?!»
Ён не помніў, як даў волю правай руцэ, што гладзіла яе сцёгны, мяккі i ў той жа час пругкі жывот, пасля запынілася на яе грудзях, што — дзіва! — амаль умясціліся ў яго далоні. Захлынуўся ад водарнага паху сена i пылу, а можа, i ад ненасытных, згаладалых пацалункаў, ад гарачыні жаночага цела, якое адчувае так блізка ўпершыню. Кіраваць ім пачалі ўжо не розум ды развага, не боязь, a нейкія іншыя сілы, што бачылі ў ім толькі маладога мужчыну. I, можа, праз нейкі ўжо міг пазнаў бы тады Ядзю — а яна ляжала з заплюшчанымі вачыма, палымнела нібы ў агні, была гэтаксама без развагі i ва ўладзе нейкіх сваіх, жаночых сіл,— упершыню пазнаў бы кабету, ды як скрозь сон пачуў Кастусіну песню.
Тая ішла па двары сюды, да гумна. Праз сілу, але мігам Янка падхапіўся. I не, не кінуўся ўніз, долу, a зірнуў на Ядзю. Яна, відаць, цяпер гэтаксама пачуўшы песню, са спалохам адплюшчыла вялікія вочы, мігам абцягнула спадніцу на калені, зморшчылася: «I гоняць жа чэрці! — пасля паказала рукою.— Скачы ўніз!»