— А што — пасля? — запытаў ён з жартам i іроніяй.
— Вы зводзіце мяне ў рэстаран альбо ў кафэ, — спакойна адказала.
— А пасля?
— Зойдзем да мяне.
— А яшчэ пасля?
— Пабачым, — з хвіліну паглядзелася ў люстэрка, задаволілася тым, як цяпер выглядае, узяла з вешалкі чорную сумачку i накінула раменьчык сабе на плячук. — Спадабаемся адно аднаму — завядзём раман, не спадабаемся — разыдземся. Як у моры караблі.
— Я i не ведаў: вы, Алачка, жартаўніца, — усміхнуўся i хітнуў галавою.
— Ды не, я не жартую, — павярнулася, пільна зірнула з-пад вялікіх акуляраў. — Я сур'ёзна. Мне вы падабаецеся. Не толькі як шэф, але як i чалавек. Я нават у вас закаханая.
— А кажаце, не жартуеце, — прыкінуўся, што засмучаны ад яе слоў.
— Кажу ж, я не пакепліваю. Я гавару не пра службовы раман.
— А пра які?
— Пра той, што можа быць паміж маладою жанчынай i маладым мужчынам.
Здаецца, хоча сказаць, што яны абое маюць на гэта права: ён трэці год ужо як удавец, а яна недзе каля года разведзеная.
— Для мяне гэты раман, можа, быў бы падарункам лёсу, а вось для вас, Алачка... — апусціў галаву i сказаў ужо сур'ёзна: — Вы маладая, прыгожая. Нагледзьце маладога талковага мужчыну, а то i хлопца, i выходзьце замуж.
— Думаеце, легка знайсці талковага? — сур'ёзна запытала i яна.
— Нялёгка. Але ўсё ж падабраць сабе да пары можна.
— А чым вы, Мікалай Пятровіч, не жаніх?
— Мне, Алачка, ужо хутка сорак, а вам, на ваша шчасце, толькі крыху за дваццаць. Разумееце розніцу? — прамовіў i паказаў пальцамі на свае глыбокія залысіны, а таксама на пасівелыя валасы.
— Мне не за дваццаць, а дваццаць чатыры. Ды мне таксама некалі будзе пад сорак.
— Але мне тады ўжо набяжыць пад шэсцьдзесят.
— Сапраўды, — усміхнулася. — Але пакуль вам толькі пад сорак, пакуль не дзед, дык хадзем, возьмем тое, што даюць жыццё i маладыя гады.
Яна не проста ўсміхнулася: на яе вуснах i ў вачах было ззянне ўсмешкі i гарэзнасці. Легка, мільгаючы доўгімі стройнымі i моцнымі нагамі, падышла да ягонага заваленага кнігамі ды паперамі стала, запынілася, міжволі паказваючы толькі крыху прыкрытыя спаднічкай вабныя сцёгны. Ён не падымаў вачэй, але нібы бачыў i іншае, за што апошні час часта зачэплівалася ягонае вока: туга напятыя пад цеснаватай блюзкай два клубочкі, амаль палова якіх хораша была непрыкрытая, трошкі загарэла, a раўчучок між імі хвалююча адсвечваў пяшчотнай белізной, а таксама нібы бачыў яе лебядзіную шыю, прадаўгаваты твар, пунсовыя вусны, свежы чырванец на поўненькіх шчоках, задзёрты нос i велікаватыя чорныя жывыя вочы пад моднымі акулярамі.
— Не вагайцеся, хадзем, — здаецца, добра зразумела, што ў яго на душы. — Не бойцеся. Я не легкадумная i не драпежная, каго-каго, а вас не пакрыўджу... Мне сёння чамусьці вельмі сумна. I вам, думаю, не зусім весела. Дык чаму нам, гаротнікам, не пабыць разам?
— Што вы робіце са старым чалавекам? — пачаў бараніцца ён ды, канечне ж, слаба, паклаў у папку недачытаны артыкул. — Але перасцерагаю, Алачка: кепскі з мяне кавалер. Не для вас, такой юнай i абаяльнай. Вам яшчэ трэба хлапечыя заляцанні, высокія словы, летуценныя позіркі ў неба i любаванне зоркамі, шэпты пра вялікае каханне, вернасць... Я ж, Алачка, — уздыхнуў, — даўно ўжо іншы. Цвярозы i чэрствы. А яшчэ сумны i нецікавы.
— I я ўжо не дзяўчынка, — адказала яму. — Мне, ведайце, цяпер трэба не заляцанец i не шаптун, а сталы чалавек, каб я, безабаронная, магла адчуць трывалую падтрымку. А што да вас, дык не нагаворвайце на сябе лішняе...
— Ну, Алачка! Здзіўляеце вы мяне! — сказаў нібы жартам, але з амалоджаным хваляваннем.
— Я — жанчына, Мікалай Пятровіч. А жанчыны ёсць жанчыны. Таямнічыя i эмацыянальныя.
— Штурхаеце мяне да трагедыі! Змусіце захапіцца, а то нават i закахацца ў вас, а пасля жорстка пакінеце. Дык што мне тады рабіць? Старому i пакінутаму?
— А гэта ўжо вашы, мужчынскія, клопаты, — загарэзавала, выходзячы з рабочага пакоя. A калі вымкнуліся на ясны акадэмічны двор з жаўтаватымі дрэвамі, пайшлі ўздоўж сухой i пыльнай вулачкі, узяла яго пад руку.
Бач ты, здзівіўся, думаў: перагарэла ўжо ў ім усё маладое, не будзе нічога інтымнага мець з жанчынамі, настроіцца на затуханне i на старасць, на дажыванне пры дзецях. Ажно не. Зноў, як i некалі ў маладосці, неспакойна i хвалююча трапечацца сэрца, трывожыцца душа, i, што ні кажы, прыемна ісці з маладзічкай, ад якой аж гэта змушае быць i ўзнёслым, i па-хлапцоўску ўзбуджаным, рабіць самае простае глупства.