«Ёсць, але не трэба жаданую i непаўторную блізкасць паміж любімымі абражаць непрыстойным словам. Тут зусім не да месца непаразуменне, абыякавасць да сямейніка, тым больш — пошласць i цынізм. Тут патрэбныя шчырасць, давер, узаемапавага».
«Дык хто я, па-твойму? Нейкая недаразвітая?»
«Я ж так не кажу. Я хачу, каб мы з табой жылі гарманічна».
Як ён ні намагаўся схіліць яе на свой бок, каб яна была з ім заадно, адкрылася яму целам i душой, хоць зрэдку зашаптала шчасліва: «Мілы мой! Любы!», але амаль нічога не дабіўся. Калі, бывае, не ўстоіць перад яго ласкаю, здасца, але не моўчкі, а прыгаворыць: «Ладна, бяры. Але як вулічную. A калі так, то плаці. Дваццаць пяць (пяцьдзесят, сто) рублёў». Ён спачатку жартаваў ад такой умовы, але пазней, калі яна на самай справе пачала патрабаваць перад блізкасцю грошы, не толькі пакрыўдзіўся, але з болем зразумеў: хтосьці з ix ненармальны, а то, бадай, яны абое такія. Да ўсяго жончын характар усё больш i больш пачаў ламацца на злосць i істэрыку. Яна не толькі ні з таго ні з сяго нават на людзях магла ахрысціць яго непачціва: «Дрянь!», «Дурак!», «Идиот, чтоб ты сдох!», дык яна перагрызлася з маці i з сястрой, з якімі апошнія гады не бачыцца i не размаўляе, а цяпер пачала часта счэплівацца i з дачкой. За дробязь якую — скажам, за шпільку да валасоў альбо памаду, а тая, удаўшыся ў маці, не толькі не саступала, але яшчэ нападала на яе i тымі ж словамі, што яна, маці, адорвала яго. Жонка тады аж калацілася ад гневу i няўмення стрымаць сябе, лямантавала на яго: «Иди, дрянной отец, успокой свою дрянную дочь!»
Адзін час, гадоў пяць таму, Сяргей не вытрьмаў, не толькі зламаўся, але мог сам сябе загубіць — адным словам, запіў. І трэба сказаць, па-чорнаму. Ад змрочнай тугі.
Вось тут жончыная злосць спатрэбілася добра. Яна ўжо не толькі шчодра абсыпала яго з ног да галавы грубасцю, ішла на самыя адчайныя крокі (да слова, пісала зневажальныя заявы са скаргамі ў ягоную партарганізацыю, падавала на развод, выкінула ў смеццевы кантэйнер ягоны гонар — томікаў дзвесце кніг з аўтографамі аўтараў, з тым-сім з якіх ён браў чарку), але, падымаючы на ногі ўсіх суседзяў, біла п'янага, абдзірала твар цвярозаму, верашчала не толькі ў кватэры альбо на лесвічнай пляцоўцы, але i ў двары. I адваявала: ён запыніўся i не пакаціўся з горкі ў п'янае балота ці нават да ранняй пагібелі. Праўда, гэтая перамога дала ёй новы козыр: «Каб не я, ты, дрэнь, ужо даўно прапаў бы».
Сваякі, сябры шкадуюць яго. Бывае, нават шчыруюць: «Чаго ты самаадрачона пакутуеш? Кідай ты сваю асу, няхай пажыве адна». Ён i сам не раз думаў пра такі крок, але шкадаваў i няшчасную хваравітую жонку, i дачку. Ведаў: пойдзе сын у армію альбо завядзе сваю сям'ю, дык яны без ix, мужчын, самі як след не прыбяруць кватэры, не згатуюць есці, раззлуюцца, давядуць адна адну да істэрыкі, калі, скажам, сапсуецца тэлевізар, халадзільнік альбо прас. Не мог пакінуць ix у бядзе, цярпеў усе знявагі, нягоды, як мог падлагоджваўся, каб у кватэры было як мага спакайней, але не мог не адчуваць: калі сваю душу поўніць чалавечнасцю, дык залішне рана глушыць у сабе мужчыну.
Вось цяпер тут, у Празе, гэтае мужчынскае не толькі ўсплыло, затрывожыла, але гарачынёй разлілося па целе: душа не магла не захапляцца, а то i купацца ў Эльзіных усмешках i абаяльнасці, у сардэчнасці, што сыходзіла ад яе чароўным святлом.
«Пайду!»
Намагаючыся ўтаймаваць узбуджанае дыханне, Сяргей рушыў з нумара. Каля Эльзіных дзвярэй крыху пастаяў, а пасля, адчуваючы, што вось-вось можа закрочыць адсюль назад, насуперак сваёй волі пазваніў.
Эльза даволі хутка адамкнула i адчыніла дзверы. Паказалася перад ім у доўгім квяцістым бела-сінім халаце, амаль такога колеру ручніком вакол галавы, з паружавелымі шчокамі пасля ваннай.
Яна нібы здзівілася, але зусім спакойна запрасіла рукой: заходзьце, калі ласка. Ён разгублена затрымаўся ў невялікай прыхожай, дзе, як i у яго нумары, з аднаго боку былі шафы для адзення i рэчаў, з другога — ванная. Эльза, зачыніўшыся, стала насупраць, ужо сумелася, але зірнула цёпла, з туманнай павалокай у лагодных вачах. Гэты яе даверлівы позірк быццам падштурхнуў, i Сяргей, бадай, неспадзявана для самога сябе рашуча ступіў i за паясніцу легка прытуліў Эльзу да сябе. Яна, можа, уражаная ягонай смеласцю, падалася, але не зусім блізка — уперлася далонямі яму ў плечукі ды крыху адкінула галаву. Ён i жартам, i ў той жа час настойліва прыціснуў ужо да сябе i вуснамі лёгка даткнуўся да яе вуснаў.
Эльза нейкі міг пабыла яшчэ наструненая, а пасля расслабілася i дала яму вусны. Яны былі сухаватыя пасля нядаўняга купання, але згодна раскрытыя i цёплыя — вусны той, хто хоча пацалунка. Як адчулася, у ix абаіх вось па-трапяткому забіліся сэрцы, а па целе пабегла ўспламяняльная цеплыня.
— Беларусішэн Мелехав... — пасля доўгага пацалунка прашаптала яна, абтуліла яго шчокі далоньмі i пацалавала сама. Лёгка, узбуджаючы кончыкам языка, ужо аддана, як ягоная.
Падахвочаны, ён уладна развязаў пояс на яе халаце, расхінуў яго i адразу ж ледзь не захліпнуўся ад упершыню ўбачанага так блізка жаночага хараства. Жонка была бедная на цела, амаль ніколі не заставалася нават перад ім без станіка ці начной кашулі, а вось тут ён убачыў гладзенькую высакаватую шыю, кранутую лёгкім загарам, буйнаватыя, акругленыя i ўзнятыя грудзі з вабнымі смочкамі, падцягнуты прыгожы жывот з прыгожым пупком i паўнаватыя вабныя сцёгны маладой i дужай жанчыны. Ён прыпаў да яе грудзей — яна аж выгнулася ці то ад нечаканасці, ці то ад прыемнага козыту, a грудзі яе пачалі адчувальна страмчэць.
— Сэргэй! — мляўка прашаптала.
— Эльза! — радасна i захоплена адказаў шэптам ён, п'янка хмялеючы ад арамату яе маладога i нядаўна аблашчанага вадой i пахкім мылам цела.
Яны зноў заціхлі ў моцным пацалунку; яна аддана закінула яму за шыю рукі i, адчуўшы, як абуджаецца, імкнецца да яе ягоная плоць, ужо сама, нават парыўна прыціснулася адкрытым станам, а пасля паслухмяна, не здымаючы з шыі рук, падалася з ім да ложка. Лежачы на ім, прагна адказвала на ненасытны пацалунак, здаецца, з заміраннем адчувала, як ён пяшчотна гладзіць яе набухлыя ўжо грудзі, мяккі, нібы аксамітны, але i ў той жа час тугі жывот, шорсткую мясцінку пад ім, ахвотна разамкнутыя i прызыўныя сцёгны, а таксама i самае адчувальнае на целе.
Упершыню вось так маючы доступ да такога вабнага i падатнога цела, не могучы стрымаць хвалявання i ўз'юранай страсці, Сяргей спачатку далікатна авалодаў Эльзаю i, адчуваючы, што ўпершыню ягоная плоць знайшла тое, чаго жадала, пасля з імпэтам i ўсё большаю прагаю да ўсё большага пазнання i адчування даў сабе волю. Яна з ахвотаю, з радасцю дала яму ва ўладу сваё дела, здаецца, з радасцю пазнавала яго, ціхенька захаплялася, а пасля, калі ён на ўсю моц прыпаў i затрымцеў, застагнаў, знаходзячы месца свайму твару на яе ўзгарачаных ім грудзях, да болі сціснула яго за шыю i чуйна слухала трапяткою плоццю біццё ягонай глыбока з'яднанай з ёю плоці...
Пасля доўгі час ляжалі моўчкі, толькі, пераадольваючы натуральны сорам i суцешваючы адно аднаго, пяшчоціліся моцным поціскам рук. Першы раз адчуўшы такое імкненне, такую страсную падатнасць жаночага цела, Сяргей хутка пераадолеў сорам, віну, быў удзячны гэтай немцы за пазнаную радасць i ўцеху, а заадно быў рады, што яна не адварочваецца, a імкнецца да яго з ласкаю. Значыць, ён не падмануў яе надзей, не засмуціў.
— Дэр Беэр... — здаецца, вось так падала яна голас, кладучы голаў яму на плячук i лашчачы яго грудзіну.
«Мядзведзь, ці што?»
Ён гадаў, а яна загаварыла-загаварыла паўшэптам. Каб ён усё добра разумеў, дык пачуў бы; «Кажуць, вы, усходнія славяне, мядзведзі. Дужыя, але грубыя. Няпраўда! Ты маеш немалую сілу, але ты прыстойны i далікатны. Ты — прыгожы мужчына. Я адразу, як толькі мы ўбачыліся, упадабала цябе. Разумееш, любы Мелехав?»
— Ix бін шлехт? — адчуўшы, што яна гаворыць штосьці пяшчотнае i ўдзячнае, з жартам запытаў ён.
— Найн, — прыпаднялася, зірнула ласкава i пацалавала яго ў шчаку. — Аін бравэр Буршэ!
«Бравэр» — мабыць; бравы? А што такое «Буршэ»?
— Буршэ?
— Я-я.
— Гут? — усміхнуўся.
— Я-я, — зноў пацалавала. Ужо ў вусны.