— Бывае, ляжыш, ные-баліць душа, не спіш, дык самыя розныя думкі прыходзяць у галаву. Жыццё ідзе абы-як, я гібею, старэю, дык дзеля чаго жыву? Дзеля гэтага п'яніцы? Але ці варты ён таго, каб гэтулькі мне пакутаваць? Урэшце надумалася: знайшоўся б добры чалавек — я нарадзіла б ад яго i паехала б адгэтуль. Дык ты згодзен, Вась, вярнуць мне ахвоту да жыцця'?
— Згодзен.
— Дзякуй, Вась. Я не хітрую, гавару праўду. Дык ты можаш смела даверыцца мне. А заадно ведай: ні на цябе, ні на тваю сям'ю не пасягну. Усё гэта будзе нашай тайнай.
Узяла маю руку i, скажу шчыра, пацалавала яе, уздыхнула:
— Божа мілы, усё ж колькі мала трэба жанчыне: жменьку ласкі i любові! Спакою! Веры i надзеі!
Заціхла: загрукатаў у калідоры, застагнаў-завыў, можа, i ад сардэчнага болю, Сашка. Ды мне не было сорамна за тое, што ён ляжыць не тут, на сямейным ложы, а там, у калідоры: сам сябе асудзіў на такую долю. Хоць, канечне, па-чалавечаму было шкода яго, няшчаснага i непуцёвага.
...Тыя тры тыдні, што быў я там, на цаліне, мы з Жэняй сустракаліся амаль кожную ноч. Забегшы да мяне, яна нібы саромелася: «Я да цябе на хвілінку...», а затым, ужо ў маіх абдымках, не раз радасна стагнала: «Вась, я не ведаю, што са мной... Я ніяк не магу наталіць свой голад на ласку...»
Жэня не толькі разняволілася, але акрыяла: больш раскаванай i лёгкай стала яе хада, заявіліся бляск, усмешка ў яе чорных, як смоль, вачах, пахарашэў яе твар. «Вась, — цешылася, — я зноў жанчына! Я пазнала, што такое гарачае каханне! Я ўжо не магу не нарадзіць ад цябе!»
Калі я прыехаў дадому, у родную вёску, доўга не мог апамятацца ад нашай нядоўгай, але ашаламляльнай любові з Жэняй. Я сумаваў па ёй, яна бачылася мне нават тады, калі меў блізкасць са сваёй жонкаю, хоць, прызнаюся, ува мне абудзіўся мужчына, i я нібы набыў другую маладосць.
Праз год Жэня даслала мне i Ірыне ліст, расказала, што яе Сашка не ацалеў, загібеў пад плотам i што яна пераехала да маці-ўдавы, гадуе з ёю сына. У лісце быў здымак, дзе яна была з дзіцем (пазіраючы на яго, Ірына, між іншым, заўважыла: «Нешта ў ім i казахскае, i наша славянскае»). У самым канцы ліста Жэня тройчы вялікімі літарамі напісала: «СПАСИБО! СПАСИБО! СПАСИБО!»
«Добры яна чалавек», — лічы, пусціла слязу мая Ірына, хоць, бедная, не ведала добра, што гэтая падзяка не столькі ёй, а мне.
Гады са два я ўпотай пасылаў Жэні заробленыя мной не ў рабочы час грошы; яна ix не вяртала, значыць, мела ў ix патрэбу; яшчэ праз год прыслала віншавальную паштоўку, дзе пісала, што выйшла замуж. У канцы кароценькага ліста зноў паўтарыла тыя прыемныя мне тры словы.
Раздзел трэці. І З’ЯВІЛАСЯ ТЫ...
Спачатку колькі слоў не пра гэтую Валю, а пра сябе i яе маці. А гэта значыць — пра сяброў.
Не ведаю, як у каго, a ў мяне з сябрамі неразбярыха. Спачатку ix было процьма — у школе, ва універсітэце, у раённым гарадку, дзе сем гадоў працаваў у газеце, i тут, у сталіцы, у якой вось ужо, дзякуй Богу, больш дзесяці гадоў. Бог ты мой, колькі i каго мы з жонкай паілі ды кармілі, колькім давалі начлег, чаго толькі не паслухалі і самі расказалі шчыра ды памагалі як маглі, але... Паволі, год за годам, мае сябры адышлі, i я, можна сказаць, застаўся адзін.
Той-сёй з маіх калег, хто ў свой час лісліва служыў нашаму, беларускаму, «Беламу дому», залез высока, дык пры ўладзе i цяпер; той-сёй надта не выслужыўся, а той-сёй пакаціўся ўніз i заняпаў. Адны сталі са мной няшчырыя ці здзекліва паблажлівыя, іншыя, як толькі вып'юць чарку, спрачаюцца, папікаюць, а то проста выядаюць душу. І найбольш тыя, хто ў мяне дняваў i начаваў, каму я паспрыяў стаць на ногі i хто хацеў ехаць ды ехаць на маім карку, лічачы мяне за свайго папіхача. Вельмі ж аваўкалачыліся i каб прымелі, дык утапілі б мяне ў лужцы вады два рыжыя і лысыя журналісты — аднаму я доўгі час не толькі памагаў, aлe нават перапісваў яго творы, паспрыяў выдаць кніжку, уладкавацца на працу i займець кватэру, а другога, калі ён нудзіўся на правінцыі, прывячаў у любую хвіліну, мусіў піць з ім без меры, як i бясконца служаць пра тое, які ён харошы, але якія паганыя жонка, яго калегі па рабоце, я, гаспадар, таксама. Першаму я мусіў рана-позна сказаць, што не буду працаваць на яго як чорны вол, хопіць злоўжываць маёй шчырасцю, а другога не мог не суцішыць: нельга ж гэтак зайздросціць i ненавідзець людзей, трэба быць больш памяркоўным i цярпімым, а тое, што нагаворваеш на жонку, маці тваіх дзяцей, — ганьба. Як казаў, здавалася, лепшыя дружбакі перакінуліся ў самых зацятых ворагаў. I чым ім цяжэй без мяне, тым болей яны ашалелыя. Вельмі ж джаліць гэты другі, што ўрэшце пакінуў жонку i прыехаў у сталіцу шукаць шчасця; «Куды нам, няўдачнікам, да цябе! Ты i сем'янін, i творца выдатны!» Адным словам, я не так, як трэба, паводзіў сябе, нарабіў шмат памылак — нават сваёй залішняй шчырасцю.
Паверыце ці не, але сярод маіх рэдкіх сяброў — наша рэдакцыйная машыністка Клара (Валіна маці), на два ці тры гады старэйшая жанчына. Той-сёй не верыць, што мы проста таварышкуем, лічыць: у нас штосьці большае. Бачыце, з маладзіцай свайго веку можа быць альбо раман, альбо непрыязь. У мяне ж з Кларай, кажу шчыра, няма ні любошчаў, ні варожасці.
Гэтая Клара — цікавая кабета. Яна яшчэ i цяпер — а ёй недзе пад пяцьдзесят ужо — стройная, заўсёды модна апранутая, непадступная. Не толькі радавыя журналісты, але i намеснікі галоўнага рэдактара, нават сам «шэф» павінны быць з ёй толькі на «вы», а то яшчэ i ліслівіць: у свой час яе муж працаваў загадчыкам сектара друку ЦК, меў сам i даваў доступ ёй да лечкамісіі, у элітныя санаторыі i стол заказаў.
Праўда, пазней усё ў Кларыным жыцці раптоўна перавярнулася: яе мужа за выпіўку ў сваім кабінеце збылі з ЦК у «шэрую» газету, дык ён там зусім запіў. Неўзабаве яго патурылі i адтуль. Ён стаў валацужным п'яніцам, дайшоў да таго, што краў дома грошы i рэчы, а пасля пачаў хадзіць па рэдакцыях i вымольваць капейкі на віно.
Клара перастала быць у «эліце», зблажэла ад нэндзы i нястач, але не здалася, захавала i свой гонар, i свой, як мы казалі, «імідж». Нават i тады, калі развялася з мужам i пачала адна гадаваць дачку.
Мабыць, мы з ёй пасябравалі таму, што я спачуваў ёй, пачаў раіць яе як добрую машыністку знаёмым празаікам, спрыяючы зарабіць неблагую капейчыну. Ды мы з ёй сталі заядлымі дачнікамі, памагалі адно аднаму парадамі, насеннем ці расадай, а яшчэ я стаў яе «асабістым садоўнікам».
На маіх вачах звычайнела, пакрыху старэла Клара i падымалася яе дачка — тая часта, калі маці занядужвала i мусіла працаваць дома, прыносіла нам у рэдакцыю (найчасцей мне) надрукаванае на машынцы, а то мы часта бачыліся на дачы. Дзяўчынка хораша ўзяла ад бацькоў усё лепшае: ад маці — гонкасць, грацыёзнасць i далікатныя рысы ва ўсім абліччы, ад бацькі — цёмны колер валасоў i вачэй, жвавасць. Спачатку яна была нясмелая, нават сарамлівая, бянтэжылася перада мной — як падлетак, а пазней як дзяўчынка, у якой досыць рана з неадольнай сілай пачала праяўляцца жаноцкасць: паволі знікала яе худзізна, сутуласць, круглелі клубы i большалі грудзі. Затым, як заўважаў я, яе дзіцячая скаванасць змянілася радасным інтарэсам да жыцця, да ягоных тайнаў, нейкім хвалюючым узбуджэннем, а яшчэ пазней — i жаночым какецтвам, какецтвам той, што пазнала ўжо цану маладосці i красы, хоча i ўмее падабацца мужчынам. У васемнаццаць гадоў яна, гэтая Валя, паўстала ўжо красуняй.
— Мая юная лэдзі — самае дарагое, што ў мяне ёсць, — аднойчы з радасцю i матчынай уцехай сказала мне Клара. — Самы вялікі мой ізумруд. Калi яна, не дай Бог, будзе гэткая нешчаслівая, як i я, то не вытрываю, зайдуся з гора...
Што да мяне (а мы з Валяй, бывала, падоўгу, як я лічу, шчыра гаварылі пра яе школу i равеснікаў, пра мае i іншых літаратараў кнігі альбо пра новыя фільмы, а пазней я памагаў ёй паступіць на філфак), дык мне, скажу шчыра, было не толькі прыемна, але вельмі радасна бачыць гэтую юную лэдзі — яе зграбненькі стан, лёгкую i прыгожую, як у балерыны, хаду, прадаўгаваты тварык з роўным носікам, святло i чароўнасць, што сыходзілі ад яе сардэчнасці, яе цёплы i даверлівы позірк. Я яе нават палюбіў — не, не пакахаў, як кахае мужчына жанчыну, а якраз адчуў да яе чалавечую любоў. Як да маладой, чыстай i абаяльнай душы.
— Валечка, — неяк, любуючыся, сказаў я ёй, лічы, па-бацькоўску, — сталей, вучыся, а я за гэты час знайду табе сярод журналістаў альбо маладых пісьменнікаў добрага хлопца. Ты павінна ашчаслівіць сваёй красой іменна нашага брата.
— Добра, дзядзька Толя, — з жартам, а то нават i какетліва адказала яна, але крыху пазней, калі я аднойчы па-сяброўску выйшаў з рэдакцыі правесці яе да метро, мала сказаць збянтэжыла — можа, нават перавярнула ўсё мае жыццё.
Калі я збіраўся па-кавалерску ўзяць яе грацыёзную ручачку, каб далікатна пацалаваць, яна, неяк адразу наструніўшыся i сумеўшыся, нечакана падала мне паперчыну.
— Што гэта? — усміхнуўся я.
— А вы пачытайце.