— Я не пра гэта... — ціха прамовіла дачка. — Але я скажу праўду. Мне аж забалела сэрца, што мама лічыць цябе за самага справядлівага, толькі i думае пра цябе, слепа табе верыць, а мае пачуцці ды пачуцці майго жаніха не ставіць i ў грош. Дык я ў злосці не стрымалася i сказала ўсё...
— Што такое? — не зразумеў ён. — Кажы ясна.
— Я сказала, які ты на справе, як дзякуеш, — голас яе задрыжаў. — Сказала, што ты абманваеш, маеш жанчыну...
Навіцкі i зазлаваўся, i разгубіўся:
— Што ты пляцеш, зялёнае дзяўчо?
— Ладна, тата, перада мною не трэба... — Тоня прыплюшчыла вочы, ківала перад сабою праваю рукою. — Я ўсё ведаю. I Элачку тваю прыгожанькую знаю...
Навіцкі не дапытваўся, адкуль яна гэта ўведала. А дазнацца яна магла «па сакрэце» ад некаторых знаёмых супрацоўніц, якія, можа, пра ўсё ўжо i здагадваліся; ён прамаўчаў, адвярнуўся, апусціў галаву i абхапіў твар рукамі: вось гэтая звестка i падкасіла ўражлівую жонку.
Адчуў, як хіснулася, нібы ў землятрус, пад ім зямля і, здаецца, паплыла-паплыла.
— Ідзі адгэтуль... — без злосці i без крыўды шапнуў ён, адчуў, што яму стала горача-горача ў твар, нешта цёплае, цяжкае хлынула ў скроні i ў патыліцу, ад чаго раптоўна пацямнела ў вачах.
— Гэта, ведаеш... Сам ведаеш, што гэта... — дачка не пайшла, а засталася i не змаўкала, гаварыла: — Але я вельмі каюся, што не стрымалася. Як толькі мама ачуняе, я папрашу ў яе прабачэння, пастараюся даказаць, што я згарача зманіла. А ты... Сам думай, што рабіць...
Навіцкі чамусьці неяк раптоўна аглух, хіснуўся i ўпаў тварам на халодны падлакотнік каналы, ударыўся пераноссем — але болю не было, зрабілася неяк мляўка, лёгка, i гэтая слабасць нібы зацягвала ў глыбокую ваду.
— Та-та! — як з-пад зямлі ці з-за тоўстай сцяны пачуў ціхі даччын голас, пасля зусім перастаў яе чуць, як заснуў.
Пасля нешта халоднае закапала на твар — i ён, здаецца, прачнуўся, адчуў, што яму не лёгка, a вельмі цяжка: вельмі моцна тахкае сэрца, коле, i водгаласкі гэтага болю аддаюцца аж у скронях. Але ён з радасцю адчуў, што сэрца яшчэ вытрымала моцнае ўзрушэнне.
Тоня, якая налівала з кубка на далонь ваду i пырскала ёю ў твар, падала кубак, i ён узяў яго дрыготкаю рукою, звонка стукаючы ім аб зубы, адпіў крыху, адчуў, як адразу яму лягчэе.
— Дзякую, — прашаптаў ён, выцер рукавом мокры падбародак, убачыў, што прыбег сюды i сын, стаіць i ca сполахам лыпае на яго велікаватымі вачыма. — Ідзіце. Я хачу пабыць адзін. Скажы толькі, калі ласка, — ён зірнуў на дачку, — у якую бальніцу забралі маці...
Тоня сказала, кіўнула брату ды яшчэ раз зірнула на яго i выйшла з пакоя.
Навіцкі, як застаўся адзін, адчуў, як мацней закалацілася рука, якая трымала кубак. Ён яшчэ крыху выпіў вады, абліў ёю грудзіну, падняўся, паставіў кубак на стол. Хіснуўся, абапёрся рукамі аб сцяну. Асцярожна падаўся ў дзверы, а пасля па калідоры ў прыхожую — да плашча.
Ішоў, пераадольваў дрыготку ў каленях i адчуваў, што за сёння не толькі сіламі, здароўем, але i душою пастарэў, самае малое на пятнаццаць гадоў, хоць — добра разумеў — гэтыя бясчасныя гады прыйшлі не толькі за сённяшні дзень...
Я, як і кожны з нас, чуў шмат гісторый пра мужчын i жанчын, пра страснае, ашаламляльнае, вялікае альбо, наадварот, нешчаслівае ці трагічнае каханне, пра непазбежную ці выпадковую блізкасць — адным словам пра тое чалавечае, што было, ёсць i будзе, бо без яго не было б жыцця, пачуццяў, радасці i смутку, нейкай глыбокай тайны, якую мы адчуваем, але не можам як след зразумець. I ў тым, што мы не ўсё адчуваем ды разумеем, ёсць свой сэнс, вабнасць, магутная сіла, што робіць нас людзьмі альбо, на жаль, недачалавекамі, якія не могуць вытрымаць тое, што ім даецца Богам i падсоўваецца д'яблам: яшчэ нашы даўнія прародзічы ўсвядомілі самі, наказалі нам, што нідзе не дзенешся, такія рэчы, як каханне i голад, кіруюць светам. Чуеце, не толькі намі — мной, табою, — але ўсімі людзьмі!
Не хачу ды i не магу больш, глыбей пра гэта гаварыць, бо не здолею, а па-другое, i не зажадаю сказаць усю праўду (помніце, нават Леў Талстой, пачаўшы свой жыццяпіс, запыніўся на тым адрэзку, калі ён пачаў пераходзіць з дзяцінства ў юнацтва, карацей, станавіцца мужчынам), але табе, паколькі цябе паважаю i табе веру, раскажу адзін свой сакрэт. Тое, што ў маёй душы, — сапраўды, глыбокі сакрэт, табе першаму я агольваю яго, а ты, знаўца чалавечай душы, рабі што хочаш: разумей мяне альбо дакарай.
Я, браце мой, як i ты, чалавек, мужчына. Скажу шчыра, не гуляка, не жаночы сэрцаед, сем'янін у поўным сэнсе гэтага слова, але...
Я — жывы чалавек, рана пазнаў, што ёсць свет, мужчыны i жанчыны, што ад таго, як у ix усё складзецца, шмат значыць; я сябраваў з дзяўчаткамі ў школе, той-сёй пісаў лісты з войска, але пазней, калі шафёрыў на цаліне, жаніўся з той, якую блізка пазнаў першай, i жыў з ёю больш-менш дружна гадоў дзесяць. Жонка мая, як сам бачыў, не красуня пісаная, не пава з белымі ручкамі ды белымі шчочкамі, а звычайная здаровая i наглядная маладзіца, неблагая жонка, маці i гаспадыня. Канечне, бачыў я нямала прыгожых i спрытных дзяўчат, жанчын, бывала, на якой гулянцы, дзе свой, адмысловы настрой, каля якой-небудзь міледзі плыў лебедзем, але да граху не даходзіў: i сам стрымліваўся ад настойлівага заляцання, i мая Ірына ў час асаджвала, запыняла мае лёгкае галавакружэнне — разы са два са слязамі i ўзрыўной сямейнай вайною, калі яна не дапускала мяне да сябе ў спальню, падоўгу не гаварыла, а то нават збіралася пакінуць мяне.
Жончыныя рэўнасць, гнеў рана-позна праходзілі; я зноў вяртаўся ў спальню на наша сямейнае ложа, калі здраджваў жонцы, дык толькі ў думках. Бывае, едзеш, рулюеш, дарога доўгая, пустая, дык узбрыдзе тое-сёе ў галаву — надта пасля таго, калі паглядзіш перад гэтым кіно, дзе кахаюцца маладыя Ён i Яна. Вось i ты, марачы пра нейкае іншае, больш высокае ды летуценнае каханне, пачынаеш плесці ў розуме нейкія фантазіі, уяўляць сябе якім-небудзь гусарам альбо нават разбойнікам i маляваць сустрэчы, пацалункі i абдымкі з самай што ні ёсць красуняй... Праўда, мінаў час, i гэтыя трызненні знікалі. Да новага ўяўлення, што заяўлялася нечакана i часамі з такой сілай, што, здаецца, усё гэта было, ёсць у тваім жыцці, што ты, бадай, упершыню як след закаханы... у прыдуманы жаночы вобраз. Можа, i сорамна пра гэта гаварыць, можа, палічыш мяне калі не маньякам, дык дзіваком, але, далібог, што было, то было. Нават больш — бачыў у сне ix, гэтых стройных, прыгожых, высакагрудых маладзіц i адчуваў з імі такую радасную пяшчоту, такую ўцеху ад блізкасці, чаго не адчуваў у жыцці. Але хутка мае трызненні, сны скончыліся, i я нібы апусціўся з неба на зямлю, пачаў цвяроза i цвёрда хадзіць па ёй...
Ды, як кажуць, пачну з самага пачатку. Калі помніш, я гаварыў ужо: у маладыя гады жыў далека адгэтуль, у адным з цалінных пасёлкаў, шафёрыў, завочна вучачыся ў аўтатэхнікуме. Праўда, у той час, калі ўсё гэта адбылося, я ўжо дажываў там: сабраўшы грошай i апытаўшы праз сваіх родзічаў у родных мясцінах хаціну, адправіў туды сям'ю, з паўмесяца жыў адзін амаль у пустой кватэры, маючыся праз тыдні два дачакацца разліку i выехаць.
I трэба ж так, браце, здарыцца, што аднаго разу даволі позна, калі ўлеглася ноч i ярка свяціліся вокны пасялковых кватэр, а вакол, за платамі i тылавымі сценамі, чарнелі цені, я вяртаўся з гаража дадому i набрыў на вуліцы на недалёкіх суседзяў — на Жэню i на яе Сашу. Жанчына крычала, плакала, спрабуючы падняць з долу i валачы мужчыну, а той, як заўсёды, п'яны, што гразь, не мог устояць на нагах, падаў, злосна мацюкаўся, а то i адбіваўся, брыдка абражаючы i адштурхоўваючы жонку.
Гэтая Жэня — так называлі яе мы, прыезджыя са славянскіх мясцін, а яна на самай справе была Жамал, — дачка былога зэка-рускага i тутэйшай казашкі, недзе мая равесніца, гадоў за трыццаць, працавала ў нашай канторы бухгалтарам, была добрая i паважлівая кабеціна, а вось яе Сашка-разанец, шафёр, слесар, пастух, a ў апошні час Куды Пашлюць альбо Хто Падасць, быў зусім непуцёвы. Цвярозы быў ціхі, замкнёны, нават паслужлівы, а вось на падпітку мяняўся. Не раз i не два біў Жэню, ганяўся за ёй у двары i па вёсцы з сякерай, глуміў мэблю, падпальваў кватэру. Яго часта брала міліцыя, нават адседзеў тры гады, але са сваёй цяжкай планіды не вылузаўся, падаў усё ніжэй i цяжэй. Спачатку яго ўшчувалі, спрабавалі памагчы яму ачалавечыцца, а пасля, калі знясіліў усіхнае цярпенне, махнулі на яго рукой, як на прапалага ўжо. Яго нават не ўстрапянула i не змусіла ўзяцца за розум тое, што з-за яго п'яных дэбошаў захварэла дачка на нервовую хваробу, не змагла хадзіць у школу, надоўга трапіла ў бальніцу, а пасля памерла. Жэня з бяды i гора, з-за мужавых паводзін марнела проста на вачах.
Хоць было цёмна, Жэня мяне папрасіла:
— Вась, помоги дотянуть домой этого негодяя.
Сашка быў дробны, ад п'янства, курэння i недаядання худы i выпетраны, дык я, значна вышэйшы i дзебялейшы, легка падхапіў яго, закінуў ягоную руку сабе за шыю, другой рукой падчапіў яго пад паху i панёс. Той, адчуўшы, што трапіў у дужыя лапы, здаўся, толькі раз за разам брыдка лаяўся, плёў-вёрз штосьці бесталковае. Жэня ішла збоку i, плачучы, скардзілася мне як блізкаму суседу i сябру: