Калі крыху выпілі, яна змусіла мяне есці цукеркі, А сама зноў закурыла.
— Ты, бачу, прыстойны чалавек, дык раскажу табе, пра што дасюль не гаварыла, — здаецца, заспавядалася. — Ты ўжо ведаеш: я свайго мужа ненавіджу. Зараз скажу — за што. Я, калі вучылася ў апошнім класе, закахалася ў аднаго маладзенькага i прыгожанькага курсанта-лётчыка! Ой, каб ты ведаў, як я ўтрэскалася! Свету не бачыла з-за яго, гатова была бегчы за ім на край зямлі! А як раўла, калі ён на мой ліст адказаў, што не можа са мной сябраваць, бо мае ўжо прыгожую, добрую дзяўчыну i думае з ёю жаніцца. Я яшчэ была юная, але ўжо глыбока па-жаночаму ўразілася: я, мабыць, не толькі не самая прыгожая, але i ўвогуле без красы. Іначай мяне не адштурхнулі б. Ад гэтай роспачы я яшчэ на першым курсе інстытута замуж выскачыла. На студэнцкім вечары ён, ужо старшакурснік, раз за разам запрашаў мяне танцаваць, а пасля прычапіўся: «Я хачу правесці дамоў самую прыгожую студэнтку нашага інстытута». Дазволіла. А пазней крыху, калі пачаў ухажорыць, прасіць стаць ягонай жонкай, дакляроўваць, што я ўсё жыццё буду для яго каралевай, згадзілася на шлюб з ім. Зусім хутка адумалася, убачыўшы, што цяжка жыць з чалавекам без кахання. Хацела развесціся, ды бацькі адгаварылі. У мяне такі характер, што я магла б настаяць на сваім, але паасцерагалася: раптам у хворай маці будзе інфаркт i яна пойдзе з-за мяне на той свет. Без кахання нарадзіла дачку, сына, а потым пачала ўхіляцца, каб не быць з ім блізкай. A калі ўведала, што ён завёў сабе цыпу, зусім адвярнулася. «А ты мяне не кахаеш, — спрабаваў апраўдацца ён. — Ты да мяне халодная...» — «Ну ж чорт з табою! — адказала яму. — Жыві як хочаш, але да мяне нават не дакранайся...»
Павер, вельмі не пакутавала, што ён аддае свае ласкі не мне, а нейкай іншай. Не, я тады не думала быць манашкай, тады была я яшчэ маладая, гарачая, адчувала, што маю цела i што яно прагне мужчынскай пяшчоты. Але i яно, цела, i душа мая яшчэ драмалі, не разгарнуліся, як бутон маладзенькай ружы. Павяла туды-сюды галавою: дзе хто варты, у каго калі не закахацца, дык з кім можна стаць жанчынаю, адчуць тое, што адчуваюць закаханыя шчасліўчыкі. Убачыла: ёсць мужчыны-хваты, ёсць мужчыны-сарамліўцы. Першыя адчуваюць усё з аднаго позірку i з паўслова, але не ўсім з ix можна даверыцца. Многія з ix адразу ж кідаюцца, як на лёгкую здабычу, але пастаяннымі бываюць нядоўга. Другія добрыя, шчодрыя душой, здольныя на глыбокае пачуццё, але баяцца самі сябе i ўсяго свайго лепшага. Быў i ў нас адзін такі на кафедры. Без званняў i тытулаў, не прыгажун, але працавіты, сумленны i прыемны чалавек. Падступаюся да яго, заводжу гутаркі пра гісторыю (не магу ж я, жанчына, узяць i сказаць: «Не жадаеце завесці са мной раман?!»), а ён, ідэаліст-прастак, не бачыць, чаго баба хоча, з захапленнем, нават з уюшанасцю талкуе мне пра новую, неабэцэдараўскую канцэпцыю ў гісторыі Беларусі... Некалькі тыдняў паслухала яго, хітаючы ў знак згоды галавою, а пасля пачала спакваля адыходзіць ад яго... А тут заявіўся ў нас новы выкладчык. Прыехаў ажно з Масквы, каб тут у нас, як лічыў, у глыбокай правінцыі, хутчэй абараніць доктарскую дысертацыю па камуністычнаму выхаванню працоўных (i пасля абараніў, быў у абкомаўскім актыве прапагандыстаў). Ён з першага нашага знаёмства як рэнтгенам прасвяціў мяне, пачаў ліпнуць. Я адчула, што ён за птах. «Ладна, — думаю, — хлюст ты, на добры толк цябе не трэба падпускаць на пушачны стрэл, але, так i быць, станавіся палюбоўнікам. Зрэшты, з такімі амурнічаць лягчэй, чым з сур'ёзнымі людзьмі. Толькі, дарагі, прыйдзецца табе папахадзіць вакол мяне, уюном павіцца, пакуль я лягу з табою». I, злыдзень, павыгінаўся i папрасіў! Карацей, аддалася яму. Мужчына як мужчына, нічога незвычайнага. Можа, нейкі час гуляла б з ім — не для душы, толькі для цела, цярпела б яго пашлаватасць, каб не пачаў падбіваць мяне не на «дзедаўскае», а на «сучаснае» каханне, змушаць, каб я рабіла тое i тое... Не. На гэта пайсці я не магла. Не згадзілася больш i сустракацца з ім. «Ты — распуснік i мярзотнік, — так i сказала яму, — ганьбіць сябе як жанчыну, ганьбіць сваё пачуццё не буду». Сказала — зрабіла. Але гэта не толькі абурыла мяне. Яно выклікала ў мяне непрыязь да ўсіх мужчын, i я пачала паволі глушыць у сабе ўсё жаночае. I заглушыла. Я магу жыць без мужчыны. Верыш?
Я змаўчаў. Мяне ўразіла Ксеніна шчырасць, шчырасць жанчыны, якая зведала ў жыцці вялікія душэўныя ўзрушэнні, ды яшчэ здзівіўся: свет вялікі, шмат у ім люду, мужчын i жанчын, у кожнага з ix усё сваё, але тое-сёе нібы паўтараецца.
Гадоў пяць таму я з дзесяткам іншых сваіх супрацоўнікаў паехаў у падшэфны калгас на сенакос. Сярод нас былі пажылыя i маладыя, сямейнікі i вольныя птахі. Адным словам, там я нават нечакана для сябе сышоўся з малодшым рэдактарам з суседняга аддзела, з Сімай — на гадоў дзесяць, а то i яшчэ болей маладзейшай, замужняй, не красуняй, але i не брыдкой, паўнаватай i, здавалася, ціхмянай маладзіцай. Мала-памалу мы з ёй зблізіліся. Першы раз яна аддалася мне так, як звычайна аддаюцца жанчыны, спадабалася, i я падумаў, што якраз яна будзе мая каханка, з ёй буду мець тое, чаго яшчэ не меў. Але другі раз (а мы з Сімай удваіх былі позна вечарам каля возера), як толькі яна скончыла свае страсныя охі i ахі, нечакана смела i настойліва павяла мяне зноў у ваду, сама памыла з мылам, вывела на бераг, выцерла, свядома зноў узбуджаючы мяне, а пасля... як толькі што казала Ксеня, пачала спакушаць на «сучаснае» каханне... Я ашаламіўся, што ў яе няма ніякага сораму, усё ў маёй душы паўстала супраць бессаромнасці, i я груба адштурхнуў яе.
«Дурань! — авечачка накінулася ваўчыцаю. — Ты — дужы мужык, але мала цяміш, што i як павінна быць паміж мужчынам i жанчынаю! Ты хочаш любові, кахання, а трэба хацець сексу! Я магу навучыць цябе, i ты станеш майстрам, будзэш мець поспех у элітных слаях грамадства! »
«I гэтак ты жывеш з мужам? — запытаў я.
«Гэтак, — прызналася. — I я, i ён без комплексаў».
Як i Ксеня, я не пачаў вучыцца таму, супраць чаго бунтарыла душа. Але цяпер не сказаў Ксені, што i я зведаў тое, што i яна.
— Я, Васілёк, люблю мары, уяўленні, нават ілюзіі, — зноў падала голас яна. — Інтэлігенцкая, нават эстэцкая гамана мне цікавей за сувязь з мужчынам. — Усміхнулася, з чорцікамі ў вачах. — А ведаеш, чаго я цябе да сябровак патарабаніла?
— Хто можа ведаць цябе, такую загадкавую.
— Загадка, Васілёк, тут простая. Яны ж, мае сяброўкі, ведаюць: я са сваім не жыву як жонка. Ведаюць i іншае: новых раманаў не заводжу. Час ад часу спрабуюць вярнуць ува мне жанчыну, раяць якога-небудзь хахаля. Я — толькі не. Дык вось, каб не лічылі мяне непаўнацэннай, я ім цябе i прывезла: глядзіце, зайздросьце, які ў мяне відны каханец! Не з перыферыі, а са сталіцы! Так што ты, Васілёк, выратаваў мой жаночы гонар!
Скажу шчыра, гэта не зусім мне спадабалася. Цяпер я зразумеў: Ксеня ўчора вечарам калi не вадзіла мяне за нос, дык гуляла ў свае гулі. Я, канечне ж, насупіўся.
— Ты пакрыўдзіўся?
Я не адказаў.
— Пакрыўдзіўся? — перапытала яна, паклала руку на маю, гарэзна зазірнула ў вочы. — Не трэба. Я абы-каго ім не паказала, бо яны, хітрыя, адразу ж разгадалі б мой падман. Мы сёння перазвоньваліся: ты ім вельмі спадабаўся. Сталасцю i сур'ёзнасцю.
Адчуваючы, што цяпер якраз той момант, калі можна дазволіць такую-сякую вольнасць, я паціснуў яе руку, i яна згадзілася патрымаць яе ў маёй далоні. Пазіраючы вочы ў вочы, я прыцягнуў яе да сябе i прыпаў да яе вуснаў. Яны, пахкія памадай, цыгарэтным дымам, раскрыліся, але былі халодныя.
— А ты ўмееш цалавацца, — адхіліўшы мяне, зусім спакойна прамовіла яна. — Дарэчы, ты ўжо дзед? Я табе расказвала пра сябе шмат, а ты вось пра сябе амаль нічога мне не сказаў.
— Мае дзеці яшчэ халасцякуюць.
— А я, як казала, бабуля ўжо.
— Маладзенькая бабуля, — я падняўся, абышоў i моцна абняў яе, сціснуўшы далоньмі яе важкія грудзі. Нахіліў з крэслам i зноў прыпаў да яе вуснаў.
Яна дала ix, але стрымана, а то, можа, толькі для прыліку, каб не пакрыўдзіць мяне. Хутка зноў выцерабілася, амаль загадала:
— Сядзь. Давай забудзем, што мы жанчына i мужчына, давай пагаворым як сябры. Скажы вось мне, як ты жывеш са сваёй жонкай? Ты яе кахаеш?
Канечне, яна мела права пра гэта запытаць: мне ж пра свайго мужа яна расказала нямала. Ды пасля майго прызнання ёй будзе відаць лепш, як паводзіць сябе са мною.
— Я яе паважаю, — шчыра адказаў я.
— Дык кахаеш ці не?
— Я ж кажу: я яе паважаю.
— Але ж для сапраўднай сям'і гэтага мала. Дарэчы, яна маладзейшая, старэйшая, твая равесніца?
— Старэйшая за мяне на дзесяць гадоў.
— Ясна, — прамовіла яна. — Тады я цябе разумею... У нечым мы з табой роднасныя. I я, i ты, мабыць, жывём найперш дзеля дзяцей. Праўда, толькі матывы ў нас розныя.