— А чаму не добра?
— Было сумнавата аднаму пасля такога вясёлага вечара, — прыглушана, з адпаведным намёкам адказаў я.
— Якраз пасля вясёлай успышкі патрэбен спакой, a часамі i добры смутак, — адразу ж астудзіла мяне Ксеня.
— Але не адразу. Ва ўсім гэтым патрэбен плаўны пераход.
— А ты, скажу шчыра, небяспечны.
— Чаму?
— Бач ты, яшчэ прыкідваецца, што нічога не разумее.
— Дык у чым я небяспечны?
— Нібы мяккі, далікатны, але настойлівы. Такія мужчыны, як ты, бываюць пераможцамі-сэрцаедамі. Я цябе пабойваюся ўжо.
— Не бойся, я не людаед. Хачу вось бачыць, чуць цябе, — прамовіў яшчэ больш прыглушана i мякка. — Заходзь, калі ласка, у маю келлю.
— Пакахаў? — усміхнулася. — Альбо толькі адчуў жаданне?
— Ты жартуеш ці кпіш, а я сапраўды хачу пасядзець i пагутарыць з табой. Сам не ведаю чаму, але мне з табой легка i добра.
— Што ж, — уздыхнула. — Мужчына ты ўплывовы i відны, не магу адмовіць. Іду.
Праз паўгадзіны была ўжо тут, у цеснаватым асобным гасцінічным нумары. Зноў у новым уборы — у чорных боціках з раменьчыкамі i металічнымі спражачкамі, у боцікі былі запраўлены маладзёжныя джынсы, у пуховай куртачцы, пад вялікім чорным берэтам. Калі скінула куртку, дык засталася ў цесным сінім свэтарчыку, што хаваў яе шыю i нацягваўся на поўных грудзях. Калі павесіў у шафу адзенне, я прытуліў Ксеню. Яна рэзка ўскінула галаву, але падставіла трошкі патрэсканыя вусны.
— Добры дзень, — тут жа адхілілася. — Кажаш, сумнавата пасля вясёлага вечара?
— Сумнавата.
— Тады трэба падняць настрой, — падышла да стала, паклала на яго сваю сумку i дастала адтуль пляшку каньяку, пачак цукерак. Села на крэсла, па-заліхвацку паклала нагу на нагу.
— Закурыць дазволіш?
— Калі ласка.
— Ты вось мужчына, не курыш, а я смалю. — Па-свойму, гарэзна i ў той жа час прыязна пасміхнулася. — Часамі не абураешся, не зелянееш ад злосці на нас, кур... жанчын, што кураць?
— Так i быць, куры.
Закурыла.
— Я, Васілёк, жанчына больш чым дзіўная, — прамовіла. — Прыйшла вось да цябе, да мужчыны, але мушу перасцерагчы: мы — сябры. Я люблю бяседы, люблю жартаваць i спяваць, люблю пакакетнічаць з вамі, рослымі i прыгожымі, але не больш. Чуеш?
— Чую, — усміхнуўся я, сеў насупраць на ложку.
— Значыць, адразу дамовімся: будзем піць, гаманіць, але ніякай спробы да шураў-мураў.
75
— Чаму ты гаворыш мне якраз пра гэта? Лічыш мяне разбойным донжуанам?
— Кажу ж, — пыхнула ўбок дымам, — я перасцерагаю. Бо крыху ўжо ведаю вас, мужчын. Усміхніся, прыхіліся — а вы нас у пасцель...
— I ўсе так? — пацвеліўся я.
— Амаль. Значыць, па-добраму дамовіліся пра ўзаемапавагу? A калі так, адкаркоўвай, вып'ем за наша большае сяброўства.