— Рэж, сячы вяроўку,— падліў масла ў агонь Барздыка.
Я табе секану, я табе разану,— гэта Махахей. I волікаў яму шкада, і вяроўку шкада, і парася марна страціў — за ўсё адказваць яму перад жонкай. А тая ўжо друк ухапіла.
— А вось табе волікі, а вось табе кабанчыкі... I кабанчыка няма. I гармонік — грала тваё чортава ўтаплю.
— Тані, гары яно гарам усё — і волікі, і кабанчыкі з музыкай разам, хоць чорта жывога пабачу.
— Чорт, чорт! — залямантавалі бабы. А валы ўжо хрыпелі. Возера калыхнулася і рушыла на бераг, раздалася, як ні да дна, расступілася вада над ямай, здаецца, паднялася вада ўгару і плюхнула на людзей, па валоў. Махахей схапіўся за вяроўку, ратуючы жывёлу і маёмасць сваю, а апынуўся ў старыцы, нехта з Барздык усё ж не вытрымаў, паласнуў нажом па вяроўцы.
— Дзядуля,— заенчыў Цімошка.
— Туды табе, старому дурню, і дарога,— сказала Ма- хахеіха.
Але Махахея выцягнулі з вады, сам ён, дапамагаючы сабе мацюком, выплыў. А чорт, нячыстая сіла знікла.
— Ты хоць бачыў яе? — пыталі Махахея мужыкі.— На каго яна падобна?
— Бачыў... На жонку маю яна падобна, таму і не прыняла мяне.
Невядома, каго бачыў дзед, а вось сам ён, Цімох Махахей, падзівіўся на тое страшыдла, што лавілі, ды не спаймалі княжборскія мужыкі. Карчавальнікі на выхадны падскочылі да іх парыбачыць, і колькі шагаак толу, якімі пні рвалі, кінулі яны ў тую яму, цяжка і падлічыць, але грымнула так, што Махахей, у адным споднім, з хаты выбег. Карчавальнікі падважвалі, падцягвалі да берага баграмі вялізнага сома, пудоў па пятнаццаць, не менш. Усклалі яны таго сома на драбіны, хвост па зямлі валочыцца...
Вось што тояць у сабе княжборскія старыцы і азярыны. Жывуць яны сваім незалежным ад чалавека таямнічым жыццём, мо і дамкі якія там на дне стаяць. Жывуць азярыны, старыцы, рэчкі, як людзі, дыхаюць, старэюць, мо і дзяцей на свет пускаюць. I свет іх такі ж разумны, як і ў чалавека, а мо і разумнейшы яшчэ. Мароз жа па скуры, калі ён назірае за бабрамі і бабраняткамі. Іх тут процьма, больш, чым мужыкоў у Княжборы. I як яны робяць! На золаку пачынаюць, раней нават, ноч яшчэ не адышла, яшчэ світальны туман над ракой, а яны ўжо ў клопаце. Як з таго свету, выплываюць з сваіх хатак чорнымі чоўнамі, і не згледзіш на вадзе, слізгатаць па плыні, будуюць плаціны, валяць дрэвы, падымаюць ваду. Камунай упраўляюцца, но паспела дрэва яшчэ ўпасці на ваду, а яны ўжо на ім з усіх бакоў і, як пілою, пілуюць яго. А зазлуюць ці пачуюць каго, што чэпам, малатне па вадзе стары сівы бабёр, і цішыня, толькі лозы, дубы, ясені — адбітак іх пагойдваецца ў рудой вадзе. I здаецца, дубы, ясені растуць не толькі па беразе, але і з дна старыц і азярын, а скрозь іх голле і ствалы гарачым жарам прабіваюцца белыя гарлачыкі, лотаць, белай і жоўтай прахалодай астуджваюць дзень, зямлю. Радуюць вока, а рукам не даюцца. Узяў ты, малады, у рукі гэты белы гарлачык, вокам на яго, а ён ужо і састарэў, забіў ты яго сваім жаданнем, хапатлівасцю чалавечай да ўсяго, да прыгажосці і пачварнасці, дакрануцца рукамі. А Княжбор трэба прымаць сэрцам, сэрцам чуць і бачыць яго. Не дзеля ж прыгожага слоўца гавораць княжборскія мужыкі і бабы, што знак ім быў перад тым, як яны атабарыліся на беразе рачулкі.
Плыў па рацэ з славутага і старажытнага горада Турава каменны крыж. Ішоў за вадой, пагойдваўся ў хвалях, пакуль не дайшоў да вусця іх рачулкі, у вусці развярнуўся і пайшоў па рачулцы, толькі ўжо супраць вады. Спыніўся ля стромага берага, ля сунічнай паляны, дзе, як свечкі, стаялі бярозы, і знік. Там, дзе ён знік, і пачалі будавацца княжборцы, заснавалі вёску. Махахеі сцвярджаюць, нібыта гэта яны і былі першымі. Барздыкі ж даказваюць, што не: яны былі першымі. А Роўды гавораць, што ўсё было зусім наадварот, нібыта яны самі і былі тым крыжам. I нікуды крьж не знікаў, з крыжа іх хата вырасла, і толькі потым, ці не на другое ўжо лета, з'явіліся ўсякія там Барздыкі і Махахеі. Спрачацца з Роўдамі цяжка. Яны Дзям'яны. А дзед Дзям'ян яшчэ і зараз, мінулым летам, з дзем'янятамі сваімі. паехаў па сенажаць. У былую дуброву паехаў грабці сена. Зграблі сена, скідалі ў стог, наклалі на воз, высеклі, кінулі зверху рубель, хапіліся ўціскаць — няма чым, забыў, у сенцах пакінуў Дзям'ян вяроўку. I так яму прыкра зрабілася, што ён скокам узляцеў, як малады, на стог і так раўнуў: «Сцяпане, вяроўку!» — што пляменнік з вяроўкай у зубах прыджгаў. А ад пакосу Дзям'янавага да сяла, ні мала ні багата, тры кіламетры. Вось якая глотка ў гэтых Роўдаў. Хто іх перагарлае? Але гарлалі ўсё ж у вёсцы больш Барздыкі ды бабы Махахеяў. Адстойвалі першынства ды верхнасць сваю. А адстойваць гэта прыходзілася часцяком. Варта было толькі Махахеевай курыцы Барздыкаў гарод перапароць, як усчыналіся войны і змаганні. Шалелі бабы ад цішыні, прыгажосці, спакою, ад абшару і абсягу, ад вады, дубровы, не браў іх мір і ў раі. А рай зямны, безумоўна, калі ён быў, то быў у княжборы. Але калі існавала на зямлі і пекла, то лепшага месца, чым Княжбор, прыдумаць яму было немагчыма. Апошнія пяць гадоў перабралася гэтае пекла ў Княжбор. Разверзліся хлябі нябесныя, адчыніліся рэкі і азёры падземныя, з усяго свету абрынулася вада на Княжбор і затапіла яго — ні праехаць ні прайсці. Першы год княжборцы жылі, як жылі і да гэтага, грунтоўна і нязвадліва: ці то яны не палешукі, ці то першая паводка ў іх жыцці, іншым годам іх жа па тры, а то і чатыры запар выпадае. Самая першая — гэта яшчэ зімой, напрадвесні, калі яшчэ і рэчка пад лёдам, з Карпат прыходзіць вада; другая — вясновая, пасля крыгаходу ўжо; а трэцяя — улетку, зноў Карпаты ваду пускаюць — самая небяспечная, таму што ўсё ўжо ў зямлі і ўсё вымакае і гніе; і апошняя — восеньская. Так што вада, хоць і бяда, але звыкліся ўжо з гэтай вадой палешукі, не першы год жывуць на зямлі, чаго толькі ў гэтым жыцці не зведалі, хапіла і горкага, і салодкага. I вада была, і суша, і пажары праляталі тут, і войны не абміналі. Ні адна вартая ўспаміну бойка не мінула іх. Калупні іх зямлю і наткнешся на костку татарскую,. шалом і чэрап шведскі і германскі, і свежанькі чарапок, нямецкі. На іх драўлянымі крыжамі засеяным пагосце па сённяшні дзень урастаюць у зямлю каменныя крыжы, глыбы, на якіх не нашымі літаркамі пісана. Ніхто з княжборцаў тых літарак не разумее, але ведаюць, што чужынцы там, пад тым каменнем, адпачынак знайшлі. З чым ішлі, тое і атрымалі: амінь. А непадалёку ад тых камянёў, ад могілак вясковых, узвышаюцца на іх палескай зямлі курганы з белага пяску, зусім ужо старажытныя магільнікі, невядома толькі — чые. Ні погалас, ні паданне не данеслі да нашых дзён нічога, аніякай памяці аб гэтых магільніках: мо крыж недарэмна сюды плыў. Так, пэўна, і трэба, што пра ліхое згадваць. Тыя ж, у магільніках, сваё атрымалі. Усё зведалі, усё спасціглі за свой доўгі вясковы век палешукі-княжборцы, выстаялі, перацёрлі, змалолі ўсё ў муку, у пацяруху, і чужынцаў тых, падняць бы іх зараз з зямлі, паставіць адзін да аднаго — Белай Русі не хапіла б, і беды свае, уласныя ўжо, не зламалі іх, і агонь не спаліў, выстаяць яны і перад гэтай вадой, вадой-бядой.
Але ішлі вёсны, а за імі яшчэ большая вада, патоп сусветны, нібыта бог нанава ўздумаў стварыць свет і тварыў зараз ваду, наядноўваў зямлю з вадой. Жывёла, коні, каровы, тыя ўжо, здаецца, звыкліся, месяць і гразь, і ваду. Праўда, зрэдку які конік ці кароўка з тых, што шчыпалі траву ў пачатку гэтага патопу, шчыплюць яе і сёння. Адны самі, добраахвотна, сканалі, другіх прырэзалі, але затое нашчадкі іх адчуваюць сябе і на самай справе, як рыба ў вадзе. Каровам, валам, каб тыя не гразлі ў балоце, яны прыладзілі да ног дошчачкі, абулі іх, і ходзяць яны па княжборскай зямлі ці, праўдзівей кажучы, вадзе, пасвяцца, равуць і плодзяцца, як спакон веку пасвіліся, раўлі і пладзіліся. А вось людзі гібеюць. Хоць і гаворыцца, што чалавек хутчэй з усім звыкаецца, на гэты раз не па прыказцы атрымалася. Хутчэй звыклася з новым жыццём жывёла. А людзям хочацца, каб па-людску ўсё было. Зусім жа інакш жывуць людзі там, дзе бяруць пачатак і куды збягаюць іх рэкі. А яны як у бога цяля ўкралі. Яшчэ год-другі, і змые паводка іх хаты, сплыве весняй вадой іх вёска, іх жыццё. I як па-мужыцку ні трымаліся княжборцы за зямлю сваіх дзедаў, за зямлю, дзе іх пот і кроў змешаны з потам і крывёю іх ворагаў, дзе цень іх ходзіць у абдымку са стогнам, скрыгатам і бразгатам іх мяча, што скрыжавалі яны ў смяртэльным паядынку са сваімі ворагамі, дзе перагукваюцца паміж сабой першы і апошні, той, што адыходзіць, і той, што прыходзіць, каб змяніць яго, прыйдзецца ім пакінуць гэтую зямлю.
Махахей ужо ўправіўся з жакам, але кіраваць дамоў не спяшаўся. Гэты лес, куст лазы, вада, неба — таксама хата, хоць не ім, не яго рукамі пабудаваная, і драбніцу толькі трэба чалавеку ў гэтай хаце, што не ведае сцен,— закутак невялічкі з акенцам неба, з адным-адзіным дрэвам, лапікам зямлі, стужкай вады. Усё гэта бачыў ён, як толькі пачалі бачыць вочы, і ўсё гэта ён павінен і несці з сабой, бачыць павінен і з-пад крыжа. Інакш атрымаецца, што і не жыў ён, не нараджаўся на свет і няма нічога роднага яму на гэтым свеце. I няхай паўсюдна ёсць вада, растуць дрэвы, аднакава на ўсе чатыры бакі зямля, але яго дрэва, яго зямля, яго вада адметныя, чужое ўсюды чужое, на чужыне і сонца ўсходзіць інакш, і не грэе, і не свеціць. Махахей жадае памерці на роднай зямлі, прымае смерць на роднай зямлі, як прымаў жыццё. Магчыма было б загадаць наперад — ён скапаў бы тут, сярод вады, у дзедавым чоўне. Калі толькі б магчыма было, не будзь у яго столькі клопату, быў бы вольны ён, пусціў бы гэты човен за вадой — плыві, куды плынь вынесе. I дзень, і ноч, і месяц, і год не стаміўся б плысці, глядзеў бы на ўсе вочы: якія дрэвы растуць, якія каровы па беразе ходзяць, якія хаты стаяць, якія людзі ў гэтых хатах жывуць, глядзеў бы наперад, якое дрэва паўстане там, за каленам ракі, за касою пяску, за чаротам і лозамі, за лукавінай чорнай, што там, у тумане, у мроіве далёкім, прыхавана, ці варта зямля цікавасці і болю, глядзеў бы з чоўна ў ваду, у патаемную глыбіню яе, што паказала б яму гэтая глыбіня, чым бы прывабіла, рыбінай, вялікай і разумнай, ці рыбінкай маленькай, дураслівым пячкурыкам, пясчынкаю, што дрыжыць і свіціцца па дне. А мо б убачыў ён і самога сябе. Плыў бы так і плыў, глядзеў бы, дзівіўся і дзівіўся, пакуль не захапіла б дарэшты яго рака. А рака, агонь ды яшчэ колы машыны, што імчыць немаведама куды, заманьваюць чалавека, загад нейкі ад іх зыходзіць: кроч, ступі, кінься, забудзь пра ўсё — і да нас. I сам ты ператворышся ў агонь, у дарогу і ваду — у тое, што спрадвечна. Слізгані, слізгані ў гэтую нехапатлівую плынь, ты ж з'явіўся з яе, ты прыгадаеш і Жалезнага Чалавека, і Галоску-галасніцу, ты прыгадаеш усё, што з табой некалі было, як ты выйшаў з гэтай вады, выпластаваў, атросся і рушыў ад яе, запалаў полымем кастра, прапыліўся пылам дарогі і сам зрабіўся дарогай, пылам яе каляін, скрыжаванняў, травою ўзмежкаў і ростаней. Такую ж растваральнасць і злітнасць з далеччу і дарогамі адчувае ён ноччу, седзячы каля цяпельца, маркотна паглядаючы, як убіраецца ў сілу полымя, слухаючы поскач спутаных коней, як тужліва ржуць яны ў тумане, нібы выклікаюць некага з гэтага туману. Махахей слухае, наглядае і міжволі чакае, што вось зараз нацешыць ён цяпельца, падкорміць яго, падкіне сухога голля, усхопіцца, скруціцца тугім скруткам полымя, і з гэтага полымя крочыць нехта жывы (мо сам ён крочыць) і скажа: здароў, Махахей, чаго ты тут смуткуеш, навошта клічаш мяне, што табе ад праху майго трэба?
Махахей палохаецца і пытання гэтага вогненнага, і чалавека агнявога, і вады — сябе палохаецца.
— Што табе, бацька, трэба? — з гэтым жа, як з нажом да горла, прыстаюць да яго і дзеці, і жонка з той жа сама песняй.
«Што табе, бацька, трэба, што трэба табе, чалавеча?» — запытальна цурчыць вада. А бог яго ведае, а чорт яго ведае, што трэба яму, каб быць шчаслівым. Сына вось трэба, нашчадка, толькі спазніліся яны з Ганнай мець сына. Усё жыццё чакаў ён сына, кожны раз спадзяваўся: ну, на гэты раз будзе ўжо сын. Але нязменна нараджаліся дочкі, толькі дочкі. Чатыры разы дочкі. Тавар ненадзейны, чужым людзям, а не сабе. Усе, акрамя апошняй, ужо вылецелі з яго кубла. I гэтая апошняя не затрымаецца ў кубле, не заседзіцца ў яго хаце. А што за хата, калі ў ёй пуста, калі ў ёй толькі старая ды стары, кошка ды сабака. I што за век такі пайшоў, што здарылася з людзьмі, размежаваліся яны на маладых і старых, на гарадскіх і вясковых і яшчэ бог ведае на каго. Раней хата была дык хата, каля старых маладыя, пры дзецях — бацькі. А зараз дзеці ўсе ў горадзе — у жалезе, у каменні, старыя — у вёсцы, у гноі. I лягуць хутка гноем у зямлю, і хату, вокны і дзверы, крыж-накрыж дошкамі.
Яго, праўда, дочкі напярэймы адна перад адной клічуць іх са старой да сябе. Усе яны няблага ўладкаваліся ў горадзе. Трое паканчалі інстытуты. Адна толькі, першая, з тэхнікумам, медсястра. Некалі ёй было, гаротнай, вучыцца, глядзець меншых трэба было. Да яе, да Алёны, мо й пайшоў бы Махахей жыць, толькі адчувае: не ўсё добра ў яе жыцці. Чалавек упадабаў яе неблагі, але толькі не яе гэта чалавек, іншаму яна была ўгатавана. Алёна маўчыць аб гэтым, але ён жа не сляпы, сам бачыць. I шкада яму таго чалавека, і дачкі шкада, а як парадніць іх, ён не ведае. У кожнай — кватэры гарадскія, прасторныя, толькі што яму ад той прасторы, калі не ляжыць яго душа да гарадскога.
Гіблае, гнілое тут месца. Усё гэта так. Але як выдзерці сябе, як па жывому адрэзаць сябе ад гэтага месца, калі па могілках скрозь усё Махахеі, Махахеі.
— I чаго табе трэба, бацька, хто цябе тут трымае? — гэта хор дачок, чортава капэла.
—Хочу ў горад, хлопца людскога на ўсю вёску ніводнага,— гэта піскуха малодшая, самая апошняя, самая дарагая.
— О дурыла, пень стары, вось трактарыста клікну, няхай яе ў рэчку, парахню, гэту хату скоціць,— гэта падпявала жонка. Пяць год паводкі дапяклі і яе. Заспявала з голасу дачок. Праўда, і свой голас, свой розум яшчэ не страціла: — Пакуль у сіле, Пакуль тое-сёе рукамі здольны і таму дзецям патрэбны — унукаў дагледзець можам,— бегчы адсюль і не азірацца.
А ён пачаў будавацца, назло жонцы і дзецям. Ён хоча застацца тут, так хоча, як вымушае яго нехта, застацца і агледзецца. Раней жа не было калі, адна толькі вайна тры жыцці, здаецца, украла, зараз бы самы час на неба паглядзець, а жонка і свая ж хата новую вайну распачалі, пайшлі вайной на гаспадара. I так у кожнай хаце, па ўсёй вёсцы, ціхая вайна, слёзная бойка. Плачуць мужыкі сэрцам, як гэта наважыцца, пакінуць селішча. Ды і куды рухаць, куды перасяляцца. Паўвека назад усё, здаецца, прасцей было. Мужыку аб сваім жыцці самому трэба было маракаваць: не будзеш круціцца — і не пражывеш. Цяпер жа мужыкі звыклі, што Савецкая ўлада клапоціцца за іх, яна аслабаніла іх ад клопату пра хлеб надзённы, і вёска жыве, азіраючыся ўвесь час на гэтую ўладу, ды і не бачаць яны другога такога месца, якім было паўвека назад вось гэтае, каб можна было рушыць усім адразу і сесці, як сядзелі тут. А па адным ніхто не наважваецца крануцца, пакінуць свой кут, сваё кубло; гаворка не пра тых, хто едзе жыць да дзяцей: сваю хату на калёсы пагрузіць ніхто не адважваецца, усе адзін другога пільнуюцца; хто першым рушыць, чакаюць. Састарэла вёска, і мужыкі састарэлі, і смеласць іх вырадзілася ў асцярожнасць. Але ж усяму ёсць мяжа. Яшчэ год-два будуць гібець яны так, а што далей? Куды павернецца іх жытка, што будзе з Махахеямі, Роўдамі, Барздыкамі, раздзьме іх ветрам па свеце ці згуртуюцца яны зноў у грамаду і ўсё пойдзе, як і раней. I будзе галасіць над іх загонамі Галасніца, шукаць сваё дзіця, і будзе непрыкаяна блукаць па княжборскіх вуліцах Жалезны Чалавек...
ВЫБАР
Прамільгнула вёска ў адну сумную, хаця і нядоўгую, вулачку, спустошаную спакоем і цішынёй, дрымотай пракавечнага, зляжалага пяску — маркотнымі сведкамі той былой і вялікай працы, што тварылася тут ці то морам, ці то ледніком. З гэтага пяску, што белымі гурбамі ляжаў уздоўж дарогі, і на самой дарозе, і каля хат без платоў — дзвярыма адразу на вуліцу, лена падняўся рабы, як карова, страшэнна худы і таму, здаецца, неахайны сабака, раздумліва і скрушліва паглядзеў на машыну, хапатліва азірнуўся на шэрыя хаты, што п'яна валюхаліся па абодва бакі дарогі, нікога не згледзеў, пазяхнуў і зноў лёг у цёплы, як прысак, пясок, ведаючы па вопыту, пэўна, ужо, што ніхто не адзначыць яго руплівасці. Хлеб, як і ўсе вясковыя сабакі, ён павінен здабываць сам, і не пустым брэхам. Худы рабы сабака і апошняя хатка адбегліся назад, і адразу ж пачалося балота, як хаткі вулачку, абціснула з абодвух бакоў дарогу чорным вокам вады, што не ведала турбот, жалезна-рудой тванню, што спачывала ў гэтай цьмянай вадзе, атрутна-яркім бабоўнікам і капытнікам, зараснікамі алешніку, а дзе-нідзе і дубам з ясенем.
Месцам алешнік з ясенем і дубам закрывалі балота, нібыта саромеліся паказваць яго Роўду і Шахраю, не хацелі да пары да часу палохаць іх бясконцасцю і непраходнасцю дрыгвы, аддзеленыя ад асноўнага лесу вадой, ціха і безабаронна задыхаліся і чэзлі ў ліпкім паветры дрэвы на малых лапіках зямлі, што адваявалі яны ў той жа вады. Толькі з мосцікаў, якія ішлі адзін за адным, цяжка плюхаліся ў свінцовыя канавы рабыя балотныя чарапахі.
— Нечысць, брыдота,— пазначыў і чарапах, і балота ІІІахрай, наглядаючы, як чарапахі нязграбна перакульваюцца ў паветры, аголенай знізу косткай, нібы голым целам, бліскаюць на сонцы. Мацвей змоўчаў, яго заўсёды бянтэжыла і прыгнятала бездапаможнасць гэтых рахманых, хаця і грозных на выгляд стварэнняў, былі яны нечым падобныя на чалавека, якога захапілі знянацку. Чарапах жа тут было шмат, і не толькі ў балоце, вадзіліся яны і ў рэчцы, Мацвей калісьці лавіў іх вудай нават на чарвяка, ледзь не плакаў, выдзіраючы такі каштоўны ў дзяцінстве кручок са змяінай, здавалася, але такой пакорлівай, такой палахлівай пашчы. Яны мёртва трымалі ў гэтай пашчы сваю здабычу, сцяўшы зубы да скрыгату, пэўна, ад нясцерпнага болю, які ўваходзіў і ў Мацвея, уцягвалі пад уратавальны панцыр адрузлую шыю, адступалі ад цяпла бязлітасных яго рук і толькі што не крычалі крыкам. I крыкам сыходзіла ўсё ў ім, але страх згубіць кручок быў усё ж больш гучны, чымсьці. гэты немы крык. I цяпер ён вінаваціўся ад той міжвольнай сваёй жорсткасці, таму і не адазваўся на словы Шахрая.
— Каб пераўтварыць усё гэта, і жыцця не шкада,— Шахрай як зразумеў яго, вылучыў з таго, што было перад імі, толькі балота, развёў рукі ў бок гэтага балота. Мацвей пагадзіўся з ім, але зноў нічога не адказаў, а Шахраю, пэўна, хацелася вымусіць яго пачаць гаворку.
— Гэта можна толькі ненавідзець,— ён зноў кіўнуў на балота. Мацвей паглядзеў на Алега Віктаравіча і зразумеў, што памыляюцца — той размаўляў сам з сабою, адказваў на нейкія свае пытанні, што хвалявалі яго. I хаця ў душы Мацвея не было нянавісці да гэтых балот, і да балот наогул, яны не толькі засцілі свет, пладзілі з'яд і жоўта марылі княжборцаў ліхаманкамі, але і кармілі іх, адорвалі ягадай-журавінай, давалі траву і дровы і птушку на стол, укрывалі ад ворага. I больш цяжка, і больш вольна ўсё ж дыхалася мужыку за гэтымі балотамі. Мацвей не мог уявіць свайго Княжбора без балота, але ён усё ж паспяшаўся згадзіцца з Шахраем, не хапіла яго вытрымаць і процістаяць вуснам Шахрая, таму, як той рашуча сцяў іх; вачам Шахрая, іх скіраванасці ў нейкую невядомую Мацвею далячынь, як бы адсякаючы ўсё, што не датычыла гэтай скіраванасці і гэтай далечыні. Ён нібыта ўбачыў раптам ворага і напружыўся, гатовы да схваткі з гэтым ворагам, зацвярдзеў, як у браню закаваў сябе. I нішто звонку, здавалася, ужо не магло крануць яго, даступіцца да яго душы. I жах апаноўваў бачыць Шахрая такім, але і спакойней было на душы, адчуваючы побач такую моц, калі, зразумела, ты не супраць яго, а з ім. Падобным на яго імкнуўся быць і Мацвей, такім хацеў ён бачыць сябе, калі прыйдзе час сустрэцца з роднай вёскай, хаця ў душы яго ўсё трымцела ад радасці, а ў той жа час і аблівалася крывёю. Няпэўна ўсё было ў ім, пераблытана, змешана ўсё, як у тым балоце, і ён здольны быў бегчы па верхавінах дрэў і паўзці, што рак, ад спапяляючай, радаснай і тым жа часам горкай сваёй памяці. Мацвей, здавалася яму, ужо даўно выпаліў, вытруціў яе, нішто, здаецца, не звязвала яго з Княжборам, усе карані былі абсечаны і заараны, каб не засталося і знаку ад яго мінулага. А цяпер наадварот: усё — і. гэтыя задушаныя вадой дрэвы, і спарахнелыя масткі, і пужлівыя чарапахі — зрабілася да болю дарагім і любым, нібыта ён сутыкнуўся са сваім уласным ценем, які заблудзіўся сярод гэтых балот, знясілены і змардаваны чаканнем і пошукамі таго, каму ён палежаў. Мацвей, і сам не заўважыўшы таго, уступіў і наступіў на гэты цень, цень ускрыкнуў, ускрыкнула ўсё і ў ім. Іх галасы зліліся і нарадзілі плач, галашэнне.