I ў канец свету паверылі! Пачалі тэрмінова прадаваць хаты, нажыты скарб — з сабою ж на неба ўсё роўна нічога не возьмеш. Але канец свету так і не настаў. I вырашылі вернікі распяць свайго самазванага прарока, якога яшчэ нядаўна багомілі.
Агулам, як сказаў бы адзін сучасны філосаф, «старая праблема — правадыр і натоўп, які позна ці рана выступае супраць свайго правадыра».
Цікава, што першае выданне «Вершалінскага раю» пабачыла свет у 1974 годзе з паказальнай анатацыяй: «Новая аповесць А. Карпюка — мастацка-гістарычнае даследаванне эпідэміі сектанцтва, якая была захліснула Заходнюю Беларусь на пачатку 20-х гадоў». Нават сябра і крытык-добразычлівец Уладзімір Калеснік папракнуў Карпюка: «Патуранне «антыопіумнай» праграме супрацьпаказана мастаку, шкодзіць творчасці чужая стандартная ацэнка, бо замыкае яна творчую фантазію і звужае пісьменніцкую здольнасць ужывацца ў душы і лёсы розных людзей, ставіць сябе на іх месца». Хоць відавочна, што справа зусім не ў сектанцтве і не ў спробе будучага дырэктара Музея атэізму і гісторыі рэлігіі — гэтую пасаду ўрэшце зойме Карпюк і будзе захоплена збіраць экспанаты для свайго музея — развеяць «опіумны дым» рэлігійных перакананняў.
У «Вершалінскім раі» Карпюк па-майстэрску даследуе прыроду таталітарызму. Правадыр-харызматык (а Гальяшу не адмовіш у ха-рызме) умела карыстаецца слабасцямі народа, яго неадукаванасцю, недалёкасцю. Яго асабісты дабрабыт магчымы толькі да тае пары, пакуль людзі не задумваюцца над тым, наколькі горай стала жыць пад «мудрым кіраўніцтвам» правадыра, пакуль не губляюць апошняе. I толькі тады робяцца відушчымі.
Але і відушчыя, яны не прыходзяць да святла. Хутчэй, расчараваныя ва ўчорашнім правадыры, яны помсцяць яму як махляру. Хоць — і гэта Карпюк паказвае па-майстэрску — яны падманваюцца самі, таму што вераць Гальяшу толькі тыя, хто не гатовы паверыць ва ўласныя сілы, хто імкнецца апраўдаць сваю бездапаможнасць і бяздзеянне верай у моцнага і добрага заступніка, у шчасце, якое прыйдзе без працы — само, у якасці ўзнагароды за перажытыя пакуты.
Тэнгіз Абуладзэ яшчэ не зняў сваё славутае «Пакаянне». А ў Аляксея Карпюка старая Піліпіха здае ўчорашняга куміра немцам — маўляў, усыпце яму, антыхрысту. Тыя — чаму не зрабіць прыемнае пажылой фрау? — расстрэльваюць «антыхрыста», толькі россып куляў палохае вераб'ёў і вясковую дзятву.
Варлама ў фільме Абуладзэ выкідвае з магілы ўласны сын — з горыччу, расчараваны, даведаўшыся пра злачынствы бацькі. Гальяша аддае на пагібель тая, што яшчэ ўчора малілася на яго — аддае ў пры-падку раздражнення. Для героя Абуладзэ такое развітанне з мінулым (нават калі яно асацыюецца з яго ўласным бацькам) — крок наперад па дарозе да Храма. Злосць і бяссілле вернікаў становяцца прычынай смерці Гальяша — але яго нядаўнія паслядоўнікі ні на пакаянне, ні на ачышчэнне не здольныя. Цемра моцна трымае іх у сваіх жорсткіх лапах — ды і самі яны зусім не імкнуцца вырвацца з яе да святла, да храма.
Ды і да якога храма? Да таго, што будаваў Гальяш? Хіба ж гэта — Храм?! Хіба здольны чалавек з таталітарным светапоглядам прывесці люд — хай сабе і той, які яму безаглядна верыць, — да Храма?!
Цэнзура адчула сілу карпюкоўскай кнігі з большай дакладнасцю, чым крытыкі. Невыпадкова ніводзін тэатр не прыняў да пастаноўкі п'есу «Канец свету», напісаную аўтарам паводле «Вершалінскага раю».
Хіба толькі ў Польшчы паставілі «Вершалінскі рай» — з купюрамі і не паводле аўтарскай п'есы, а паводле сцэнічнай версіі драматурга Тадэвуша Слабадзянека. У нашым выданні п'еса «Канец свету» дру-куецца ўпершыню.
Прачытаўшы «Вершалінскі рай», пачынаеш разумець: збліжанасць з дысідэнцкім рухам для Карпюка была абсалютна натуральнай. Ён ненавідзеў любы духоўны гвалт, ненавідзеў шчыра.
Гэта не азначае, што пісьменнік жыў, як гаворыцца, «з дуляй у кішэні». Наадварот, да канца перабудовы, да яе ідэалагічнага краху, азначанага штурмам у студзені 1991 года тэлевежы ў Вільні, Аляксей Нічыпаравіч, наколькі можна меркаваць, шчыра верыў у магчымасць пабудовы новай грамадскай фармацыі, якая б грунтавалася на прын-цыпе ўсеагульнай роўнасці. Але ён бачыў, як рэалізуецца гэтая ідэя ў Савецкім Саюзе, як не адпавядае савецкае грамадства дэклараваным высокім ідэалам. І не змагацца з гэтымі «скрыўленнямі», «адхіленнямі ад ідэалаў» Карпюк не мог — папросту таму, што звык абараняць справядлівасць.
Так ён стаў членам невялікага інтэлігенцкага гуртка. У які, апрача яго самога, уваходзілі яшчэ два вядомыя гарадзенцы — Васіль Быкаў і выдатны гісторык, доктар навук Барыс Клейн. Гэтая «гарадзенская тройка» зусім не займалася арганізацыяй антыўрадавых пікетаў і дэманстрацый. Як сведчыць Іна Карпюк, «хто б дазволіў у тыя часы нейкія гурткі? Проста тры мужчыны збіраліся і размаўлялі, без гэтага асоба немагчымая».
Але наўрад ці справа выглядала так проста. Гэтыя «тры мужчыны збіраліся і размаўлялі» ў памежнай Гародні, за трыццаць кіламетраў ад традыцыйна гатовай да бунту Польшчы. У «правільнасці» той мадэлі сацыялізму, якую будавалі тагачасныя «верныя ленінцы», на той час публічна ўсумніліся і ў Будапешце, і ў Празе. Ды і сам па сабе інтэлектуальны патэнцыял гэтых трох людзей, звыклых думаць і аналізаваць рэчаіснасць, быў надзвычай вялікі. Тым больш, што ўсе трое ўмелі пісаць (Барыс Клейн быў аўтарам некалькіх кніг па гісторыі Беларусі, таленавітым гістарычным публіцыстам), да іх хінулася моладзь.
Карпюк не звык прыхоўваць свае перакананні. Ягоны выступ на V з'ездзе Саюза пісьменнікаў БССР 13 траўня 1966 года быў рэзка крытычным у адносінах не толькі да літаратурных нораваў, але і да многіх рэалій савецкага жыцця, якія ён як сумленны чалавек не мог не крытыкаваць.
«Толькі раўнадушны чалавек, якому не дарагія нашы заваяванні, што дасталіся такім дарагім коштам, можа праходзіць міма адмоўных бакоў нашага жыцця, не ўзнімаць іх у творах.
Ці ж у нашай краіне так усё ўжо гладка?»
Пэўна ж, не ўсё было гладка. I ў сваім выступе з высокай трыбуны з'езда пісьменнік крытыкаваў і кампартыю, і ўсемагутны КДБ, заступаўся за апальнага сябра Быкава, які нядаўна падпаў пад аглабельную партыйную крытыку за аповесць «Мёртвым не баліць»:
«Эх, каб усе артыкулы пра Быкава мелі адно тыя скуткі, што людзі па бібліятэках рынуліся чытаць яшчэ раз нашага і так шырокавядомага і таленавітага гарадзенца. Бяда ў тым, што сігналы зверху, покуль дойдуць да нізу, у нас часамі становяцца вульгаршчынай.
Па гарадзенскіх школах работнікі КДБ адразу пачалі чытаць лекцыі пра пільнасць, црыводзіць прыклады, што побач з Сіняўскім, Даніэлем і наш Быкаў, бачыце, пісаў творы, якія накіраваны на падрыў Савецкай улады і разлагаюць моладзь. Уявіце сабе, як было слухаць такую лекцыю дзецям-школьнікам і яго жонцы-настаўніцы!
На партактыве першы сакратар абкама таварыш Міцкевіч I. Ф. аб'явіў усім, што Быкава ўжо апрацоўваюць італьянскія фашысты, а нейкая фашысцкая газета ўзяла яго на ўзбраенне. Дзіва, і як той Быкаў, халера, пасля ўсяго таго зачасаўся ў прэзідыум V з'езда беларускіх пісьменнікаў і сядзіць побач вунь з першым сакратаром ЦК КПБ т. Машэравым? Глядзіце, ці не з якой мэтай!..»
Такія выступы вымагалі немалой мужнасці. Калі Быкаў, якога своечасова ацаніў лідэр беларускіх камуністаў Пятро Машэраў, меў, да таго ж, магутную падтрымку ў Маскве ў асобе рэдактара часопіса «Новый мир» Аляксандра Твардоўскага (аўтару «Василия Теркина» на той час дазвалялася многае), то Карпюк цалкам знаходзіўся ў руках мясцовай улады. Тым больш нечаканым быў ягоны публічны выступ у падтрымку сябра. У «Литературной газете» нашмат пазней Быкаў напіша: «Думаў, ніхто не заступіцца. Але заступіўся А. Карпюк».
Аднак не толькі мясцовыя ўлады цікавіліся «негатыўным» уплывам Карпюка. 16 кастрычніка 1992 года, а затым і 16 лютага 1993 года ў газеце «Комсомольская правда» журналіст Дзмітры Бабіч апублікаваў фрагменты дакладных запісак у ЦК КПСС самога Юрыя Андропава — усемагутнага шэфа саюзнага КДБ: «Карпюк нелегальна распаўсюджвае сярод сваіх знаёмых разнастайныя пасквілі ў выглядзе кнігі Аксёнавай-Гінзбург «Круты маршрут» ды іншыя. Адмоўна ўплывае на моладзь. Пад ягоным уплывам студэнт Гарадзенскага педінстытута Малашэнка піша вершы, прасякнутыя песімізмам і ўпадніцтвам, некаторыя з іх утрымлівалі шкодны палітычны сэнс».
Андропаў мог бы многае дадаць да гэтай характарыстыкі. Акурат ён павінен быў добра ведаць, што Карпюк ліставаўся з Аляксандрам Салжаніцыным, Ленартам Мэры, Віктарам Астаф'евым ды іншымі далёка не добранадзейнымі дзеячамі культуры. Ён актыўна падтрымліваў Ларысу Геніюш, якая пасля вызвалення з лагера жыла ў Зэльве, так і не прыняўшы савецкага грамадзянства. Былі ў кіраўніка абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў і міжнародныя кантакты — з людзьмі, што таксама знаходзіліся пад падазрэннем, з эмігрантамі (прыкладам, са спеваком Міхасём Забэйдам-Суміцкім).
20 красавіка 1972 года бюро Гарадзенскага абкама КПБ выключыла Аляксея Карпюка з партыі. Яшчэ раней — у 1971 годзе — з партыі быў выключаны і Барыс Клейн.
У сваіх успамінах, фрагменты якіх мы публікуем у раздзеле «Да-датак», Барыс Самуілавіч Клейн пераканальна паказвае задушлівую атмасферу правінцыйнага горада, калі ты жывы — але не можаш уладкавацца на працу, і нават сябры твае радзей сустракаюцца з табой. Клейн перадае сваю размову з другім сакратаром абкама кампартыі Рыгорам Фамічовым, які гэтак патлумачыў, чаму абкам не дае апальнаму гісторыку выехаць з Гародні і ўладкавацца на працу ў другім горадзе:
— Не, вы нам патрэбныя тут. Нам трэба, каб, калі вы ідзяце па горадзе, людзі глядзелі на вас і разумелі, што мы можам зрабіць з імі, калі яны будуць паводзіць сябе так, як вы.
Карпюк не захацеў адмовіцца ад сябра, пазбаўленага навуковай ступені і другіх навуковых рэгалій. Прайшоўшы праз жахі канцлагера, ён не мог спалохацца пагрозаў камуністычнага чыноўніка, які з насалодай думаў пра маральныя экзекуцыі, наладжаныя сумленным людзям, уся віна якіх — у іншадумстве. Аляксей Карпюк працягваў сустракацца з апальным гісторыкам і публічна абараняць ягоную рацыю. Тым больш, што кампетэнтныя органы займаліся і ім самім.
Карпюка таксама пазбавілі працы. Вось як прыгадвае тыя часы яго жонка, Іна Анатолеўна:
Як мы выжылі фізічна і матэрыяльна, цяжка зразумець. Білі па самых балючых вітальных «кропках».