— Даў жа хаця? — зноў спыталася.
— Вечарам, сказаў, Аркадзеў хлопец пад'едзе і абгоніць,— адказала.
Шулячыха бліжэй падсунулася, зацерабіла Тацяніна рукаво:
— Дык слухай, Танька, што я папрашу. Як гэта, каб заадно і маю абагнаць, га? А то ж перарасце, а тады пахрабушчыцца ўся. Ужо барозны ўкрыла. Яе ж, на добры лад, трэба было і раней абагнаць. Ведама, у гародзе, не на полі... Я ж, ведаеш, не хачу да таго роўлы ісці. Мо і дасць, але ж спачатку горла пападзярэ. Дык каб заадно з табой, га? Траяка якога і я хлопцу не пашкадую.
«Ага, ты не пашкадуеш!» — падумала Тацяна, а ўголас сказала:
— Добра, Кацярына, скажу. Колькі там і бульбы ў мяне. На пятнаццаць хвілін работы.
— Дык жа і ў мяне во — толькі ля студні! — падхапіла Шулячыха, махнуўшы рукою на свой гарод, ажно затросся пад завэдзганым каптанам жывот,— Сотак дзесяць! Там, ад аселіцы, канюшыну пасеяла, ты ж ведаеш.
Яна, Тацяна, памаўчала, пашкрэбала нага аб нагу — ці то сляпень у полі ўкусіў, ці то абдзерла лытку аб нешта, таксама махнула рукой:
— А бо! А заўпарціцца хлопец, дык хай толькі коні прыгоніць — самі абгонім. Ты мне паводзіш, я — табе.— Голас яе гучаў ужо зусім спакойна, нават памяркоўна. Хочаш — не хочаш, а куды дзенешся? Суседка ж! Ды і не адстане Шлёпіха гэтая! Хіба яна яе не ведае? Усё адно будзе пільнаваць таго хлопца Аркадзевага.
— От дзякую, Танька! — Каця выпусціла яе рукаво, абцягнула на сабе каптан.— А то ж не столькі работы таей, як клопату: хадзі, прасі, кленчы...
— За што ўжо ты так раздзякавалася? — падышла да іх Манька Барыслава. Таксама ад каровы — у руцэ вядро, завязанае жаўтлявай марляй.— Чым вы ўжо адна аднэй так дагадзілі?
— Бульбу во збіраемся абганяць,— адказала Шулячыха.
— А-а-а,— Манька паставіла вядро на лаўку, сцепанула рукою, варушачы зацёклымі ад жалезнай вочапкі пальцамі, спыталася ў Тацяны: — І ты падаіла ўжо? А чаго ж гэта я цябе ў полі не бачыла?
— Не ведаю. Падласка нешта сёння даіцца не давалася — сляпні, пэўна, заелі. Дык я ў кустох даіла.
Яна памкнулася ўзяць з лаўкі даёнку, але Манька перахапіла яе руку, штурханула пад бок:
— Не спяшайся! Дзеці не плачуць, а кот не здохне, калі і пагамонім троху.
— А хай цябе з тваімі гамонкамі! — Тацяна ўсміхнулася.— Ніколі ты не нагамонішся!
Манька — высокая, ледзь не ўдвая вышэйшая за Тацяну, шырокая ў косці, няскладная і па-мужчынску дзябёлая — плюнула-свіснула праз зубы:
— А дзе ж, трасцу табе ў бок, і не пагаманіць, як не на вуліцы? Дома ж мы ўсе совамі жывём!
Халера на яе, Маньку гэтую! Заўсёды пра адно і тое ж. Жыццё зжывае, а ўсё не звыклася, што адна. Як быццам ад таго, што пажаліцца-пакрычыць, нешта зменіцца, палягчэе ёй, ці што? Яно, вядома, Маньцы больш і дадалося, і дастаецца, чым ёй, Тацяне, ці Шлёпісе во гэтай. Яны совамі, як яна кажа, пааставаліся, а Манька, лічы, усё жыццё адна. Кавалера нават не собіла мець. Перашкодзіў, пэўна, рост-азяродзіна. Ды і натуры не жаночай. Плакала ж аднойчы на плячы ў яе, прызнавалася, што ўсё дзевачкай ходзіць. Ну, але тое даўно было, ужо колькі гадоў усе яны — што дзевачкі, порхаўкі старыя! Ды цьфу на тое! У галаву што ўзбрыло! Гэта ж Манька ўсё. Заўсёды так. Ледзь гаворка якая, дык так і зверне на нешта такое...
А вось жа — найлепшая яе, Тацяніна, сяброўка. З малалецтва самага сяброўка. Яна, Тацяна, дык і расла пад яе прыглядам і заступніцтвам, хоць Манька на нейкія два гады і маладзейшая. Манька яе на вуліцы нікому ў крыўду не давала. Калі якія падшыванцы чапіліся, як дзеўчынёхамі ўжо былі, дык Манька так адшые каторага, што дзесятаму закажа. Дарма, што дзеўка! Дужая і ўвішная была Манька. Што казак той! Казаком жа і дражнілі. Яна, Тацяна, помніць, як яны з Манькай, не зважаючы на матчыны вокрыкі, пачалі патроху ацемняваць на вуліцы, бегаючы па падаконню хаты-чытальні, у якой рыпеў гармонік і прагіналіся пад абцасамі маснічыны. Калі б не Манька, дык яна, Тацяна, наўрад ці і швэндалася б там да паўночы. Манька ўсё яе зводзіла...
Яно і цяпер Манька мае над ёю верх. Тацяна дык і звыклася з тым. Ці купіць што, ці зрабіць — да Манькі ідзе, нібы яна матка ці сястра. І шкадуе яе, як родную. Але цішком шкадуе. Бо скажы што Маньцы пра жаласць тую, дык рада не будзеш. «Мне яшчэ тваёй жаласці не хапала, трасцу табе ў бок!..» Чула Тацяна такое ад яе, не адзін раз чула...
— Слухайце, дзеўкі, прыходзьце вечарам у суботу да мяне,— шырокі, скуласты, троху рабаваты Маньчын твар яшчэ болей шырэе ва ўсмешцы.
— А што ў цябе ў суботу — кошка акоціцца?
— Угадала! Зноў брухатая, хай яна выпруціцца! — Манька ўжо зусім рагоча.— Толькі я, Танька, не жартую. Дзень нараджэння ў мяне. Роўна паўсотні лясне. Вось і пагуляем. У сяле такой завядзёнкі раней не было, але ж цяперака і мы можам, га? Пагуляем, дзеўкі!
Тацяна ажно галавой крутнула:
— Кажаш абы-што! Я во і не помню таго дня свайго.
— Ну і дарма! У горадзе штогод адзначаюць, а мы што — горшыя ці бяднейшыя?
— Ат! Каб пра што разумнае, дык і пагаманіць можна. А пра такое... Папалуднаваць, свінчаці даць — і глядзі, што Міця будзе ехаць.
— Каця, скажы ты ёй, што я дурное кажў?! — Манька тузанула за каптан Шулячыху.— На добры лад Куніцкі з парторгам тэлеграму мне павінны былі б адбіць і падарунак даць. А яна — «кажаш абы-што!». Паўста, дзеўкі, гадоў адгуляла на гэтым свеце ваша таварышка.