— І так не здыхацца, куды ўжо есці!
Маці, быццам чакаючы гэтага, адразу ж паднялася. Збіраючы са стала талеркі, казала:
— Дарма толькі рэзала і крышыла. Во колькі пааставалася. Трэба, пэўна, у склеп спусціць, шкада ж...
— А ты ж казала, што прадушыну там адчыніла, дык мо каты палазяць? — спытаў Іван.
— А я ў скрынку пакладу...
Пакуль маці прыбірала са стала і лазіла ў склеп, Надзя паслала пасцель і лягла. Іван, сеўшы ля расчыненага акна, зноў закурыў.
Урэшце маці ўправілася, вярнулася ў хату.
— Лягай, сынок,— сказала да Івана.— Заўтра мо і праўда перахопіш у Смаляка той тарахцёлкі ды парэжаш круглякі, пакуль гразі няма.
— Лягаю, мама,— азваўся сын.— Учора недаспаў, позна лёг быў, і сёння рана ўспароўся, каб білеты на аўтобус узяць... А дровы парэжу. Са Смаляком дамовіўся. І з Сяргеем гаварыў. Казаў, паможа. А пакалоць калі не паспею, дык не бяда. У любы час, як выдасца, падскочу і пакалю.
— Як-небудзь паколюцца. Танчэйшаму чаму мо і сама рады дам, а таўсцейшыя паколеш, другім разам прыехаўшы.
— От не смяшы людзей, мама! Ужо яна сама калоць будзе! Пакуль у пліце ёсць што паліць. Нават і грубку, калі трэба, можна прапаліць тым суччам, яго на ўсю восень хопіць.— Іван падняўся, прайшоў да стала, раструшчыў пальцам недакурак у попельніцы і, выпрастаўшыся, сцягнуў цераз галаву тэніску...
Стаяла над сялом жнівеньская ноч — расяная, без ліпеньскай задухі, але і не халодная. З гарода праз расчыненае акно плыў у хату пах гурэчніку, кропу і мяты. Сяды-тады даплывалі з начы і галасы — то дзявочы смех, то хлапечы гоман. Але найбольш перашкаджала радыё. Маці ніколі не выключае на сцяне дынамік, і ён ціхенька гамоніць-спявае, колькі можа. Днём дык яго не надта і чуваць, а ўначы, калі і муха не дзумкне, гоман яго даволі гучны. Лягаючы ў маці спаць, Іван звычайна выключаў дынамік, а сёння забыўся на яго. Ды ўставаць не хацелася. І ён ляжаў і цярпліва чакаў, калі гадзіннік на Краснай плошчы праб'е дванаццаць і дынамік, хвіліну пасіпеўшы, змоўкне.
Жонка, адчуваў па дыханні, даўно спала. Як лягла, адвярнуўшыся да сцяны, так і спіць — на левым баку. А яго сон чамусьці не браў. Ляжаў на спіне, падклаўшы рукі пад галаву, і думаў...
Спачатку ўсплыла была думка пра тое, што забыў спытаць у Смаляка пра бензін. Мо раптам няма ў яго. Тады трэба будзе ранічкаю бегчы да Віцькі Фэлькавага: яго аўталаўка заўсёды ля хаты начуе, мо хлопец не будзе ўпарціцца, адшкадуе колькі літраў.
Пасля прыбегла думка пра дзяцей. Нэла ў апошнім пісьме так напісала, што яны з Надзяй і не разабраліся, ці хаця добра ў яе там. Хлопец, здаецца, неблагі трапіўся. Летась, як падхапіліся, прыязджалі, некалькі дзянькоў пагасцявалі, і сюды во, да бабы, з'ездзілі. Упадабалі хлопца і тут, у сяле. Пэўна, нездарма, бо калі што — кабеты тут жа абгаварылі б. І спецыяльнасць добрую мае, і так чалавек быццам сур'ёзны. Ужо больш як год не бачыліся. А Нэла нешта не такія пісьмы пачала пісаць. Вось і апошняе. Нібы хоча нешта сказаць і недагаворвае. Надзя дык і паплакала над тым пісьмом. Добра было б з'ездзіць, але — на край свету забралася дачка. Ажно на Алтай, у горад Рубцоўск. Ён дык і не чуў такога горада, а казалі, і немалы, як наша Маладзечна. Трэба будзе ўзяць водпуск і з'ездзіць. Хоць аднаму, калі з Надзяй не ўдасца.
З Ромам — лягчэй. І не толькі таму, што хлопец. Лёс не такі, як у Нэлы. Дачка вучыцца ленавалася, лічы, на троечках ехала. А Рома — па дзядзьку пайшоў, па Валодзьку. З першага класа па дзесяты пяцёркі дадому прыносіў. Студэнтам стаў. Зараз недзе на Палессі, у студэнцкім будаўнічым атрадзе. Пісаў, што абкладваюць дзёрнам адхоны каналаў. У політэхнічным вучыцца. Валодзька параіў паступаць туды. Сказаў, што ў яго там ёсць знаёмы — калі што, дык дапаможа. Не ведае Іван, ці спатрэбілася тая помач яго Рому, ці сам паступіў. Валодзька пра тое маўчыць, а пытацца няёмка, хоць і брат. Калі і памог, дык нашто лішні раз напамінаць? Капнуць жа, за такое па галоўцы не гладзяць.
Вось так, праз дзяцей, думка яго зноў вярнулася да брата.
Двое іх было ўсяго ў маці: ён і Валодзька — меншы. Усё Валодзькам быў, а вось ужо і Уладзімір Антонавіч. А ён як быў Іванам, так ім і астаўся. А Валодзька, бач, у людзі выйшаў. Як каму што на раду напісана — старыя людзі кажуць. Ды, пэўна, не зусім яно так. Ён, Іван, таксама быццам няблага вучыўся, і хто ведае, што было яму на раду напісана, калі б не вайна. Да вайны скончыў пяць, а пасля вайны ўжо і зусім не думаў у школу ісці. Адно што перарос свой шосты клас, а другое — за кім было ісці? Каб бацька вярнуўся, дык яно, вядома, можна было б і вучыцца, як некаторыя пераросткі вучыліся. А так гаспадаром у хаце зрабіўся. І маці пра школу надта не надакучала. Але настаўніца, яшчэ даваенная, Ганна Фёдараўна, угаварыла, паслала яго адразу ў сёмы, абышоўшы шосты. Дык ён той першы для іх пасляваенны, а ўвогуле яшчэ ўсё ваенны год правучыўся, атрымаўшы дакумент аб заканчэнні сямігодкі. А далей не пайшоў. Узяў коней і да арміі рабіў у калгасе. А пасля арміі падаўся ў Мінск, на трактарны. Паслалі яго вучнем у ліцейны — пэўна, зважаючы на тое, што быў хлопцам ёмкім, шыракаплечым, дужым. З той пары ў ліцейцы і парыцца. Уцягнуўся, прывык — работа як работа. Мо і праўда не з лёгкіх, але затое заробак неблагі. Там, на трактарным, неўзабаве ажаніўся, кватэру атрымаў. Спачатку жыў з Надзяй у пакойчыку з агульнай кухняй, а пасля асобную кватэру, двухпакаёвую, далі на вуліцы Стаханаўскай, паблізу ад завода,— гэта як Нэла ў іх паявілася.
А Валодзька... А Валодзька за яго, Іванавай, спіной у школу пайшоў. У сорак шостым. Ён — асянчук, яму якраз тым вераснем стукнула сем. І загадваць нікому не трэба было, само так сталася, што ён над Валодзькам клопат узяў. Лічы, бацькоўскі клопат. Ці купіць што жэўжыку, ці памагчы-падказаць што — яго, Іванава, турбота была. Перапынак быў толькі на час службы ў арміі, а потым зноў на сябе той клопат узяў. Надзя, малайчына, ніколі насуперак не ішла ні ў чым: не папракала ні ягонымі частымі наездамі да маці, ні грашыма, што траціў на абновы Валодзьку, на ягоныя школьныя прычындалы.
Пасля сямі класаў Валодзька, перагаварыўшы з маці, наважыўся быў да яго перабрацца — на завод. Але Іван адгаварыў. Вучыцца хлопец добра, дык хай вучыцца. Час такі надыходзіць, што сем класаў — невялікі набытак. Работа не ўцячэ, а мо пасля дзесяці ўдасца паступіць куды? І рады быў Іван, як за сябе, калі Валодзька стаў студэнтам. І не абы-чаго там, а універсітэта! Інтэрната, праўда, хлопцу не далі, ды засмучацца не даводзілася: к таму часу Іван ужо меў хату, канапу ў зале Валодзька заняў. Так усе пяць гадоў і праспаў на ёй студэнт.
Пасля універсітэта, наўздзіў Івану і маці, трапіў Валодзька на кінастудыю, а неўзабаве паехаў у Маскву — зноў вучыцца. Вярнуўся адтуль і нешта надта хутка пайшоў угору. Ці не на другі год прэмію за свой фільм атрымаў. Глядзеў той фільм і Іван, але каб надта спадабаўся — дык не. Тады ж, пасля фільма, і кватэру Валодзька атрымаў. І не такую, як у Івана: трохпакаёвую, ды амаль што на праспекце...
Зайздросціў яму Іван? Глупства, вядома! Не зайздросціў, а радаваўся, ганарыўся. Вунь які ў яго брат! Ды дай жа веры: бег час, і пачаў заўважаць Іван, што ўсё далей і далей адыходзіць ад яго Валодзька — як чужы робіцца. Усё радзей зазіраў да Івана на Стаханаўскую. Бывала, па паўгода не паказваўся. Апошнім часам і зусім забыўся. Гэта ж гады ўжо тры, як не заходзіў. Але ж, гады тры! Як заходзіў, калі Рому семнаццаць было — тады Іван бяседу рабіў,— дык болей і не адведваў. Пакрысе і Іван забыўся дарогу ў Валодзькаву хату. Калі ні зойдзе, яго вечна няма, усё недзе прападае. Галіна ж Сямёнаўна надта не пагаворыць. Адно не забудзецца чарку наліць, быццам ён, Іван, толькі таго і прыходзіў, каб чарку тую выпіць.
І як бы нейкая крыўда на Валодзьку пачала расці ў душы Іванавай. Разумеў, канечне, што заняты ён чалавек, што клопат у брата не такі, як у яго: адрабіў свой час і — вольны казак. Але ж думалася і другое. Быць таго не можа, каб яны ўсе былі такія, кіношнікі тыя. Няўжо яны толькі сваім клопатам і жывуць? І не так за сябе гэтая крыўда была, як за маці. Яны што? Яны — браты, у іх свае сем'і, свае клопаты, лішні раз, мо і праўда, адно пра аднаго не ўспомніш. А маці? Колькі жыць старой асталося? Адно суцяшэнне — як хто прыедзе. Дык зноў жа: Валодзька і да маці, як капнуць, гады ў рады. Што з таго, што грошай ёй дасць? Тыя грошы ёй не надта і трэба.
Не кажа нічога Іван пра тое, што Валодзька начыста забыўся, каб памагчы маці зрабіць што. Тут ён, Іван, мо найперш і вінаваты. Сам жа ашчаджаў Валодзьку, як малы быў, ад работы, адно патрабаваў, каб вучыўся. Але ж гэта тады было. А цяпер павінен жа разумець, што маці сама і сена таго не накосіць, і дроў на зіму не назапасіць, і гарод не абгародзіць. Валодзьку ўсё гэта — да лямпачкі! Усё ён, Іван, павінен. А чаму ён? Чаму ён павінен быў і тады і цяпер? Хоць і вучоны, а ці ж гэта ганьба, калі сена маці накосіць?
Не, ён, Іван, разумее, што справа тут не ў ганьбе ці лянотнасці. Уся загваздка ў тым, што Валодзька іхні — Уладзімір Антонавіч. І не толькі для іншых, але ўжо і для жонкі і для сябе самога. Яму, Антонавічу, да ўсіх тых дробязных турбот інтарэсу няма.
Вось таму і не прапусціў Іван тых Валодзькавых слоў пра маці. Пра тое, што яму, бач, не сорамна было за маці. Відаць, не хацеў Валодзька таго гаварыць, само, пэўна, сказалася. І ў спрэчку не палез. Ён, Іван, таксама не палез у бутэльку, хоць Валодзька і папракнуў яго. Навошта? Нічога б ён сваркай не даказаў, толькі маці балюча зрабіў бы. Яна хутчэй за Валодзьку здагадалася, што не жартачкі між імі ўсчаліся, і кінулася на паратунак. І аднаго астудзіла, і другога.
«Ах, мама, мама! І ў сорак пяць мы астаёмся для цябе дзецьмі. І як добра, што ты ёсць, што жывеш у гэтай, пастаўленай бацькам хаце. Калі б не было цябе тут, не было б для нас і гэтай хаты, і гэтай магчымасці пабыць тут, пасядзець за адным сталом разам з братам. Як добра, што твая старэнькая, сухенькая ўжо рука астуджвае нашы гарачыя, хоць і пасівелыя галовы...»
Не спалася і Уладзіміру Антонавічу. Спачатку непрыемна казытала ўсярэдзіне згадка пра тое, што было за сталом. Але пакрысе супакоіўся, скіроўваючы сябе на іншае, і неўзабаве ўжо ажно ці не расчулена, хоць, пэўна, залішне, па-кіношнаму прыгожа, думаў аб тым, што ўсё ж няблага вось так час ад часу прыязджаюць сюды — хоць бы дзеля таго, каб пайсці ў пуню спаць, намацваць у поцемках чыстую халаднаватую пасцелю, слухаць шоргат сена і свіргат цвыркуна, дыхаць густым, церпкаватым і надзіва лёгкім настоем палявых смолак, званцоў, мядунак і чарнобылю.
«Аднак жа... Аднак жа ўсё гэта прыносіць радасць толькі таму, што бываеш тут рэдка, што гэтыя наезды — як хвілінная стрэча з дзяцінствам, звароту ў якое няма і не будзе. Пупавіна, якая звязвала цябе з тым, што некалі яднала ў дарагім адзінстве парог бацькоўскай хаты, вёску і наваколле, з кожным годам робіцца ўсё танчэйшаю, і аднаго разу ты не заўважыш, як яна станчэе і перарвецца. А можа, і ўжо абарвалася? Чалавек жыве паўнакроўным жыццём там, дзе працуе, дзе паядноўваюцца і скрыжоўваюцца з інтарэсамі іншых людзей яго асабістыя інтарэсы, дзе ён адчувае сябе патрэбным у тым кругабегу дзён, які завецца жыццём. А ўсё гэта, што зараз акружае цябе, усяго толькі трызненне душы, салодкі сон. Заўтра ты паедзеш адсюль — і сон мінецца...»
Падумаў пра тое, каб не забыцца заўтра пакінуць маці грошы. Што яшчэ, апроч грошай, ён можа зрабіць для маці? Памочнік па гаспадарцы з яго кепскі. Зрэшты, і непатрэбны: Івану ўсе тое зрабіць і зручней, і, пэўна, лягчэй. На добры лад, маці даўно трэба было б перабрацца да іх у горад. Чаго ёй тут адной сядзець, трымацца гэтых добра такі спарахнелых вуглоў? Магла б спакойна жыць ці ў яго, ці ў Івана, урэшце. Дык — не ўгаварыць. На зіму пару разоў перабіралася ў горад, але і то хапала яе толькі на самыя лютыя месяцы, а як толькі сонца паварочвала на вясну,— ехала дадому.