Вечарам у барак некаторыя не вярнуліся, а ў той вечар крэматорый выпусціў з трубы чорныя воблакі.
Як выжыць? Як выстаяць?
Кожны раз я ўспамінаў пра вас, Уліта. Вы прыходзілі да мяне ў барак, стаялі каля нар і пыталіся, як мне тут. Я адказваў, што нічога, трываю. Як вы? І так мне хораша рабілася тады, як быццам дома пабываў, у нашай Будзе-Казіміраўскай. І тут мяне наведала нечаканая думка — а што, калі я буду кожны вечар пісаць табе, Уліта, пісьмо. Не пісаць, а ў думках расказваць табе пра ўсё, што было са мною за дзень. Ведаю, што нецікавымі будуць мае радкі, нават жудаснымі, але хто мяне можа зразумець, як не ты, мая жонка? Дык добра, Уліта, га? І гэта будзе мая малітва да цябе, бо ты не падвядзеш мяне, чуеш?
— Чую, Мікіта, не падвяду!
Я прыслухаўся і пачуў, як над баракам скуголіў вецер, быццам стараўся сарваць з будыніны дах, каб пазбавіць нас і апошняга — такога-сякога цяпла. Вецер Нямеччыны і той быў супраць нас.
Але я пачуў твой голас. І адразу паверыў у сваё выратаванне. Праз колькі хвілін мяне ўкрыў сон цёплай коўдрай.
Дыктую табе, Уліта, пісьмо ў наступны вечар, калі зняможаныя і змардаваныя мы прыпляліся ў халодны барак. Цэлы дзень дзьмуў сіберны вецер, кідаўся снегам, прадзімаў наскрозь. Ды што там было нас прадзімаць — тонкае адзенне вязня прапускала холад і вецер.
Раскажу табе пра лётчыка, які пакутаваў разам з намі. Збілі яго пад Смаленскам. Лётчык быў вясёлы, сінявокі, любіў расказваць смешныя гісторыі — рэдкімі вечарамі, калі выпадала вольная хвілінка. У яго на грудзях была татуіроўка — магутны арол трымае ланцужок з зямным шарам.
Жонка начальніка лагера прыдумала завядзёнку — выязджала штораніцы на кані і прагульвалася сярод вязняў. Жонка была статная, нават прыгожая, калі да яе падыходзіла такое слова. Звалі яе Эльза Кох. Нічога ў тым не было дзіўнага, але адна акалічнасць — раз'язджала яна на кані голенькая, як маці нарадзіла. Заўсёды ў руцэ трымала наган. Для чаго? Як толькі хто зіркане ў яе бок, нават мельгам, адразу ў таго страляла.
Яе ахвярамі сталі француз Рэжэ, паляк Франэк, немец Курт і двое нашых хлопцаў з суседняга барака.
І так сталася, што немка сама паклала вока на нашага лётчыка Бар'яша. Ад работы яго вызваліла. У замак да сябе прывяла. Накарміла-напаіла, спаць у свой ложак паклала. Але не глянуў лётчык на беласнежную Эльзу. Сказаў, што ў Расіі ў яго нявеста чакае...
Раз'юшылася Эльза за такую непакорнасць і знявагу. Не зразумела, чаму вязень, якога кожную секунду чакае смерць, адмовіўся ад такога вялікага дарунку.
Потым мы зноў убачылі яе. Зноў гарцавала на кані. Апранутая. У яе была новая сумачка з чалавечай скуры. На ёй добра быў відзён малюнак — арол трымае зямны шар. Такога малюнка не было ні ў кога. Належаў ён Бар'яшу...
Яна ж займела сабе новы занятак — выбірала сабе татуіроўку па целах вязняў. Каб потым зрабіць для сябе і сваіх сябровак прыгожую сумку. І гора таму, у каго быў малюнак, які магла ўпадабаць Эльза. Але вязень не ведаў тады, што носіць на сабе «пропуск на той свет». Спачатку пад скальпель Эльзінага ўрача, а потым ужо ў крэматорый.
Вось так, Уліта, прабач мне за такія пісьмы. Не дай Бог калі-небудзь іх прачытаць ці пачуць. Але я буду расказваць. Ты ўжо не злуй на мяне.
За акном жудасна і надрыўна скавытала завіруха. Я ж складаю новае пісьмо, чую знізу гугнявую мелодыю Панаса і ўнепрыкметку засынаю. Я выстаю. Я перамагу. У гэтым паможаш мне ты, мая Уліта...
Такія вусныя пісьмы пісаў ён з Бухенвальда.
Вязні здзейснілі смелы план уцёкаў. Шмат загінула сяброў.
Не скора ён дабраўся да сваіх мясцін. Быў удзячны Уліце, што выратавала яго ад немінучай смерці.
Як прыехаў у Спрымачоў, як уведаў пра трагедыю, адразу стаў дзедам Мікітам — пастарэў на паўстагоддзе. Такім стаў за ноч, калі сядзеў на папялішчы роднай вёскі.
Выходзіла так, што пісаў ён пісьмы нежывым, спаленым у агні. Атрымлівалася, што нават нябожчыцай ратавала яна яго ад смерці...
Вось і ўцякаў Ладуцька ад сваіх успамінаў пра Нямеччыну, ратаваўся ад іх у Княжыне і Вятчынцы.
...Мікіта назбіраў пад Яркавым дубам тры кашалі жалудоў. Яны былі пукатыя, важкія, з карычневым адлівам. Ведаў Мікіта, што добрыя дубкі вырастуць у гадавальніку і на лясных пасадках. Яму і Косцік Міхалап наказваў, каб назбіраў і ссыпаў у бочку ў леснічоўцы. Пасля абеду ён наабдзіраў кары з крушыны і паставіў, звязаную ў пукі, на прызбу, каб сушылася.
Ён узяў з сабою нож, сякеру, мінуўшы Яркаў дуб, паклыпаў нацянькі туды, дзе хавалася ў густым голлі пасляабедзеннае сонца.
Хадзіў ён па лесе гадзіны тры...
За нахіленай старой бярозай нехта застагнаў. Стары насцярожыўся, напручваючы слых. Праз момант зноў пачуўся стогн — ціхі, ледзь чутны.
Ён асцярожна пайшоў у той бок. Каля трухлявага пня, спіной упёршыся ў яго, сядзеў Косцік Міхалап. Побач з ім сядзеў Грай — дык вось чаго яго доўга не было.
— То ты, Косцік? — жахнуўся Ладуцька. — Божачка, што з табой?
— Я, дзед, — прашаптаў ляснік і бездапаможна паваліўся на бок...
Ужо які дзень ліў халодны восеньскі дождж. Пісяжкі на аконным шкле паўзлі бясконца ўніз, наводзілі нуду.