Вось і дарога...
Яе Паласацік заўсёды праходзіў асцярожна. Спачатку доўга ляжаў у кустах, прыслухоўваўся — ці не рухаецца машына са смярдзючым дымам, ці не ідзе дарогай чалавек. Падбег да дарогі, спыніўся — нешта зноў насцярожыла. На дарозе пахла чалавекам і яго крывёю, а самога бачна не было. Усё ж асмеліўся, пачаў красціся да купкі з перасохлай папараці. Разгроб лапай — і ўбачыў, пазнаў чалавека. Твар у яго быў скрываўлены, апухлы. Чалавек застагнаў, але не расплюшчваў вачэй.
Барсук запрацаваў лапамі...
Міхалап пачуў, як нехта фыркнуў, засоп над вухам і лізнуў па шчацэ. «Сабака? Знайшоў мяне? Не чуў жа, як я падаўся ў лес...»
Ён паварушыўся, паспрабаваў сесці — асцярожна, перасільваючы боль і немач, і тады ж зразумеў, што будзе жыць.
Падняўся ён не скора. І не ў тым месцы, дзе ляжаў, а падпоўзшы да высокай хвоі — упёрся ў яе спіной. Устаў, учапіўся рукамі ў шурпатую дзеравіну.
«Як жа гэта, ёлкі-маталкі! — падумаў з прыкрасцю, дакараў, што так неабдумана палез на ражон — як на згубу. — І навошта так блізка падпусціў да сябе?»
Паспрабаваў ісці, але адразу падкасіліся ногі, і ён упаў на ігліцу. Страціў прытомнасць ад болю.
Ачуўся няскора. Ляжаў на зямлі, набіраўся сіл, думаў, як выбрацца з бяды.
Неяк увечары, пасля непасільнай работы ў каменяломні, ледзьве дацягнуўшыся да мулкіх нар, Мікіта Ладуцька адчуў, што яго пачалі пакідаць сілы.
Стала раптоўна ўсё абыякавым. Хіліла да сну. Нехта з'едліва шаптаў над вухам: «Ну якога д'ябла ты працівішся, траціш сілы, на нешта маеш надзею? Заўтра-паслязаўтра адправяць у крэматорый, і ўсё знікне для цябе назаўсёды... Адсюль ніхто жывым не выходзіць».
— Што з табой? — нахіліўся над ім Панас Галушка. — Ты на сябе не падобны, Мікіта.
З Панасам яны былі ў адным палку. Разам папалі ў акружэнне, разам іх везлі ў Нямеччыну.
— Не ведаю, Панас. Але адчуваю, што мне капцы, — прашаптаў асмяглымі губамі Ладуцька, зажмурыўся, ні рукой, ні нагой не пашавяліўшы — ён не адчуваў іх, яны былі як не яго. — Не жыток, браце, я ўжо...
— Ды ты што, Мікіта, што ты, — зашаптаў адчайна над вухам сябар. — Цярпець трэба, цярпець...
— Бог цярпеў і нам вялеў, так? — крывотліва ўсміхнуўся Ладуцька.
— Трываць і цярпець.
Ладуцька ўздыхнуў, адвярнуўся ад Панаса.
— Баліць што, Мікіта Парфенавіч? — дакрануўся да пляча.
— Не...
— Цярпі, брат. У лагеры ёсць падпольная група. Трэба надзейныя людзі, — шаптаў Панас. — Твая дапамога трэба.
Ён нічога не адказаў. Расплюшчыў вочы. Але ў позірку не было ні цікавасці, ні ўсведамлення пачутага.
— Давай спаць, Панас.
Ад голаду кружыцца галава, рэзь у жываце. Іх завезлі ў кар'ер — нагружаць камянямі ваганеткі. На схіле ўбачыў некалькі каліваў святаянніку і хуценька вырваў яго, запіхаў у кішэню. Мікіта з дзяцінства ведаў, што адвар з яго лечыць страўнік, сцішвае галаўны боль. Але дзе ў бараку зрабіць той адвар? Рашыў жаваць траву сырой. Яна была горкая і нясмачная. Але ці было саладзей тое жыццё, якое было ў вязняў? Паціху прывык да горычы, і кожны раз, як рабілася цяжка і амаль невыносна, калі даймаў жывот і расколвалася ад болю галава, ён жаваў зеляніну. Траўка памагала, наступала палёгка. Гэтаму ж навучыў і Панаса...
З'явілася кволенькая надзея на сваё выратаванне. Але яна жыла нядоўга. Прыйшла восень. І ганялі іх у такі кар'ер, дзе нічога не расло.
Камендант лагера шалеў з кожным днём усё больш і больш. На яго хударлявым твары гуляла яхідная ўсмешка. На сонцы зырка блішчэла пярэдняя фікса. Казалі, што ў яго цёткі Эдэльтрауд партызаны ў Беларусі забілі сына.
...Уліта, я пішу табе — у які раз!— з таго далёкага цяжкага года. Кожную раніцу роўна ў шэсць гадзін нас зганяюць з нар і выпіхваюць на вуліцу — пастраенне.
Рукі і ногі не адпачылі пасля ўчарашняй работы ў арбайтскамандзе, а тут зноў тое ж самае, невыноснае і пякельнае — работа, работа, работа... А ў мазгах сядзіць і свідруе адна і тая ж думка — есці, есці, есці... Штораніцы — кавалачак хлеба з «гонікам» або нешта накшталт каўбасы, якую немцы завуць «вуршт». Каўбаса як той святаяннік — горкая, не праглынуць. У абед таксама нішчымніца — нейкі мутна-жоўты супчык, калі яго можна так назваць, адвар з сушанай бручкі. І невыносная рэзь у жываце, ад якой нельга ніяк пазбавіцца, не памагаў нават і святаяннік — а мо ён і да гэтага не памагаў, а толькі здавалася?..
Я — нішто, я — палена, калода, без думак і адчуванняў, ува мне нічога няма, з мяне ўсё павыцягвалі, вырвалі абцугамі, а загналі ў мяне нейкую брыдкую вадкасць.
Чуваць толькі, як цяжка дыхаюць і стогнуць людзі. У кожнага свой боль, свае ўспаміны, свае хваробы, але адно з'ядноўвае нас — лагернае жыццё. Кожную ноч чуваць крыкі. То вязні ратуюцца ад сонных кашмараў, а сусед мацярыцца на чым свет стаіць, крычыць нехта, што не даюць паспаць. Плач, стогны, крыкі, праклёны...