— А мне ўвесь час здавалася, што Косцік да цябе заляцаўся.
Вікця ўздыхнула, паправіла на каленях немаўля:
— Як хварэла, маці папрасіла, каб Жыльнага ў вёску прывёў. Ды не выпала неяк... Косцік у вольніцу прыходзіў. Вось і ўсе нашы спатканкі.
— А чаго ён цябе не ўзяў? Ты ж прыгажэйшая за мяне.
Паліна, відаць было, задавала апошняе пытанне, каб не пакінуць ніякіх сумненняў.
— Я не схацела. Жамойду выбрала. Ат, што было, тое сплыло. У вас хоць усё добра?
— Добра.
— Ну і слава Богу.
Вікця пакарміла сына, паклала зноў у люльку. Падышла да стала, нахілілася, на локці абаперлася. Паліна толькі цяпер убачыла на шыі карычневыя каралі, пахваліла:
— Прыгожыя якія.
— Да канца перазняла? — адвяла гаспадыня гаворку ў ранейшае рэчышча. — Яшчэ будзеш?
— Неа. Мо ў цябе, Вікця, якія ніткі мулінэ непатрэбныя ёсцека? — папыталася госця. — Усё не выберуся ў Еньск з'ездзіць ды купіць. Ездзіў Іцко, на караўкі даваў, ды я празявала.
— А якія трэба?
— Зялёных і карычневых. Мо трошкі жоўтых...
Яна паставіла на стол каробачку.
— Выбірай. Бяры, колькі трэба. У мяне іх шмат. Яшчэ з дзевак засталіся. У вольніцы некалі накупляў... бацька, там шмат вышывала, там і навучылася. А цяпер і часу таго не хапае, то адно, то другое...
— І ў мяне ж так, продыху няма.
Развіталіся ціха і мірна, нічога не тоячы адна на адну. Вікця правяла яе, зачыніла веснікі, вярнулася ў двор.
Доўга стаяла каля дзвярэй, нешта ўспамінала. Ледзьве не сказанула, што тыя ніткі купіў ёй Косцік, калі яна хварэла. Як і каралі. Ведаў, што яна вышывала. І ўзораў розных прынёс з жаночых часопісаў. Аловак, капірку, тканіну. Дзе ўсё дастаў, яна не ведала, а тады не спытала ад радасці, калі ўбачыла перад сабою такое хараство.
Зірнула ў бок Будкоў — другі рукаў вуліцы, што цягнуўся за рачулкай, што схавалася ў чаратах: сонца асядала на дахі дамоў. З каміноў курыўся дым.
«Пара рыхтаваць вячэру, — падумала абыякава, усё яшчэ думаючы пра госцю, пра размову, якую распачалі. Шчыра пашкадавала: — Чаго ж, дурная, за стол не пасадзіла ды наліўкай не пачаставала? З жанок мо першай і прыйшла яна, Паліна, у хату...»
— Ты чаго ж гэта, у лесе жывучы, хаты сабе паставіць не можаш? Ляснік без хаты, што воз без каня, — не раз гаварыў яму ляснічы Карабкоў.
Тады ж, выпісаўшыся з бальніцы, Міхалап адразу падаўся да старшыні райвыканкома, напісаў заяву на лес.
— Вось даўно б так, а то... — адобрыў ляснічы пазней.
— Няўпраўка была, Андрэй Мартынавіч.
— Хай няўпраўка ў смерці будзе, а не ў нас,— хмурыўся ляснічы, раз-пораз міргаў вокам — ад вайны быў нервовы цік, і тут жа на паперы налажыў сваю рэзалюцыю.
Вікцю Косцік сустрэў проці сваёй хаты — ішла з крамы, трымала ў руках сумку. Твар бялявы, як і сонца не бачыла, косы акуратна прычасаныя, перавязаны стужкай. І зайшлося сэрца салодкім болем.
— Што новага ў цябе, Вікця?
— Нічога, сына гадую.
— Здароўе як?