І ў хаце такі ж парадак — і посуд складзены на стале, і ложкі акуратна засцелены.
— Рэдка хто ў мяне бывае. Як заклятая я ў Спрымачове.
— Як у цябе чысценька, — не ўтрымалася, пахваліла, аглядаючы ўсё, са сваёй хатай параўноўвала — у яе не так, на многія дробязі не звяртала ўвагі...
— Ды якая то чысціня. Проста навяла невялічкі парадак, бо запусціла ўсё, — аднеквалася гаспадыня. — Будзе ў цябе хата, і табе захочацца давесці ўсё да ладу.
— А нам і ў старой добра. Хіба прыбудоўку Косцік зробіць — кухню.
Узоры былі ў шуфлядзе шафы. Там жа і папера, капірка.
— На во, выбірай, што спадабаецца.
— Ого колькі ў цябе іх! — шчыра падзівілася Паліна — не адводзіла вачэй ад намаляваных кветак.
Села за стол. Рукі ў Паліны моцныя, але рэдка трымалі аловак, грудзі — абаперлася аб стол, перашкаджаюць геразнімаць. Вікця зайздросціла яе здароўю і сіле. Твар гладкі, без ніводнай маршчынкі, хаця, ведала Вікця, яна асабліва і не даглядала сябе.
— Вось гэты — для кофты, тое — для спадніцы.
— А вось гэтая?
— Для чаго хочаш.
— Тады дай я вось гэтую перазніму — наравіцца вельмі.
Вікця паклала на стол аловак, падала паперу. І ўвесь час, як размаўляла, услухоўвалася ў голас госці, прыкмячала пагляд — ці не трымае чаго за душой, ці гаворыць шчыра. І не заўважыла ніякай падробкі, Паліна цёпла глядзела на яе і гаварыла мякка, даверліва. Вікця нават здзівілася, колькі ў ёй непасрэднасці і прастаты.
— Ой, Вікця, штось у мяне не выходзіць, — у голасе вінаватасць і няёмкасць за няўмельства.
У Вікці атрымлівалася акуратна і хутка, як гуляючы. Паліна з захапленнем сачыла, як спраўна ходзіць у яе аловак — і зазубрынкі выводзіць на лісточках, і тонкія, амаль нябачныя лініі. Во, цяпер і ў яе будуць прыгожыя ўзоры, яна іх некалі вышые на сваіх файных абновах...
— Што яшчэ перазняць?
— Во гэтую, і во...
Захапіліся, затлуміліся, не заўважылі, як і час праляцеў. У спальні заплакаў сын. Вікця адразу памкнулася туды, вынесла яго на святло, пачала карміць.
— Як назвала?
— Валікам.
Паліна заканчвала ўжо сама. Заставалася ўсяго дзве кветкі.
— Вікця, папытаць хачу, Што ў войну було паміж Косцікам і Жамойдам? Мо ведаеш...
Вікця маўчала, збіралася з думкамі. Глядзела на малога, які заўзята смактаў з грудзей малако, аж балела.
— А хто іх ведае. Мой не расказвае, не любіць успамінаць — а што ўспамінаць? Як паліцаем быў?
— Любіш Жамойду?
Паліне, мусіць, нешта муляла, не давала спакою — гэта Вікця адчула, здагадалася.
— А Косціка ты... любіла?
«Во, дабралася і да галоўнага, дзеля чаго і прыйшла да мяне, — падумала, але ў душы была спакойнасць і ціхая затоенасць. — Значыць, ёй душа баліць. Прыйшла, каб зняць цяжар...»
— Ды як табе сказаць, Палінка. Ат, якая там любоў. Пацалаваліся разоў колькі ля веснікаў. І ўсе любошчы.