Думаеце, мала нянавісьці ў той жа раённай паліклініцы? А вы хоць раз сядзелі ў чарзе на прыём да ўчастковага ўрача? Калі перад табой — чалавек дваццаць, палова — з талончыкамі, палова — па жывой чарзе, а яшчэ прыкульгваюць ветэраны, якія ідуць без чаргі, і абавязкова якая-небудзь бабулька з кульбачкай, якую прыводзяць пад рукі з кабінета галоўурача, таму што яна нічога ня памятае, але ёй таксама кепска, таксама баліць… А яшчэ тры-чатыры бабулькі, якія ходзяць сюды, бо больш няма куды ісьці, бо толькі тут можна пасядзець між людзямі, паскардзіцца, паўспамінаць, і цябе выслухаюць.
А тут, дзе мы сядзелі, было псіхіятрычнае аддзяленьне… Воля ваша, але я веру, што псіхічныя хваробы заразныя. Помню, як у кавярні “Вясна”, дзе цяпер нейкая іспанская рэстарацыя, працавала пасудамыйшчыцай паэтка, выпускніца маскоўскага інстытуту… Яна любіла хадзіць па прасьпекце ў вязанай шапачцы, са сшыткам, і на хаду запісвала вершы.
Аднойчы я доўга ішла за ёю, назірала… Ну як жа, абавязак літаратара — вывучаць фактуру! А потым, вярнуўшыся дадому, ніяк не магла прывесьці ў парадак думкі, якія разьбягаліся спалохана, як дзеці ад Фрэдзі Кругера, і мне здавалася, зараз з маіх вуснаў сарвецца таксама няўцямны блёкат, вершаваныя радкі, скажоныя да непазнавальнасьці, як пусты скамечаны пачак ад чыпсаў.
Сказаць, што мне было няўтульна між гэтых брудна-зялёных сьценаў — значыць сказаць пра матылька, што яму цёпла ў вогнішчы. Мне было жудасна, страшна, тужліва…
А Едрусь толькі жмурыў свае шэрыя вочы, нібыта сьвятло лямпачкі ў жалезнай клетцы яго сьляпіла. Хаця насамрэч было яно цьмянае, як лекцыя па сацыяльна-палітычнай філософіі, прачытаная цёткай марксістскага ўзросту па кансьпекце дваццацігадовай даўнасьці.
Каржакаваты руды санітар, які прыняў Едрусевы даляры, зьявіўся з-за жалезных дзьвярэй, нібыта захавальнік атамнай бомбы. Пасьля доўгіх перамоваў санітар пагадзіўся ўсё-ткі правесьці на “падпольнае” спатканьне мяне адну. Едрусь у сваім чорным “прыкідзе” — скураной куртцы, высокіх чаравіках-камелотах ды з доўгім бялявым хвастом выглядаў занадта падазрона. А мне быў выдадзены белы халат і шапачка, а таксама ліквідаваная завушніца ў губе.
Рокер агледзеў мяне і падняў вялікі палец: маўляў, класна выглядаеш, малая. Чыста медсястра.
— Няўжо камусьці ў ахвоту размаўляць з гэтым тыпам? — мармытнуў санітар, калі праводзіў мяне ў пакой для спатканьняў. Я зразумела, што прафесар са сваім “анёльскім” характарам пасьпеў дастаць нават супрацоўнікаў псіхушкі.
У гэтым пакоі зусім не было вокнаў. На зялёных сьценах (зноў усюдыісны практычны колер!) замест карцін віселі, прымацаваныя скотчам, карысныя плакаты пра тое, як захоўвацца ад СНІДу, пра шкоду наркаманіі і карысьць фізкультуры. Бравы лыжнік у сіняй шапачцы набакір заклікаў далучацца да здаровага ладу жыцьця, з-пад ягоных лыжаў фантанам вылятаў сьнег, а над правым плячом, як быццам матэрыялізаваны дух продка, грувасьціліся слупкі парад па правільным харчаваньні. Злакавыя, садавіна, адварная ялавічына, кефір… Лямпа гарэла люмінесцэнтная, пад стольлю, ненатуральна яркая. Мяне пасадзілі за шырокі пісьмовы стол, які звычайна купляюць для бедных дзяржаўных кантор. Дзьверы насупраць адчыніліся, і ўвайшоў Валяр’ян Скаловіч у сіняй піжаме, які сеў на крэсла па той бок стала. Санітар прыладкаваўся наводдаль, каб бачыць нас…
Мне было ўсё роўна, я глядзела на прафесара. Ня ведаю, што спадзявалася ўбачыць — быццам суткі ў псіхушцы могуць зьмяніць чалавека да непазнавальнасьці. Прынамсі, даводзілася назіраць Скаловіча куды ў горшым стане. Ды і сіняя выцьвілая піжама выглядала ўсё-ткі больш па-мужчынску, чым Разалін халат у жоўтыя зайчыкі.
Скаловіч па-ранейшаму пазіраў ганарыста, хаця хударлявы гарбаносы твар стомлены, і яшчэ мне чамусьці падалося, што прафесар чакаў замест мяне ўбачыць кагосьці іншага. Нейкая жарынка расчараваньня загарэлася і згасла ў ягоных цёмных вачах. Але тон ягоны ні на каліўца не зьмяніўся.
— Нарэшце вы выглядаеце, як прыстойная дзяўчына.
Што ў перакладзе на звычайную мову, напэўна, можна было ўспрыняць як “Прывітаньне, Руслана, рады цябе бачыць”.
— Добры вечар, спадар Валяр’ян.
— На жаль, мне пасьля конскай порцыі брому цяжка зразумець, вечар альбо раніца. Але, прынамсі, гэта ўсё яшчэ стары добры бром.
Не было калі траціць час на спачуваньні і роспыты “Як вас кормяць?” ды “Ці ня крыўдзяць?”.
Таму я адразу, паўшэптам, каб ня чуў санітар, распавяла пра нашыя планы, у тым ліку спадзевы адкрыць сакрэт Разалінага дамка.
— Успомніце, калі ласка, у трыццаць трэцім годзе вы былі на гэтых могілках, паблізу ад дому Разаліі Іванаўны? Ці, можа, чулі што-небудзь пра гэтае месца?
Прафесар задумаўся. Зморшчына між броваў паглыбілася, і вочы, цёмна-зялёныя, як вада ў віры, зірнулі на мяне цалкам сур’ёзна. Вось табе на… Калі ў гэтых вачах няма насьмешкі, мне, аказваецца, чамусьці трывожна ў іх глядзець… Як з вакна высокага паверху. І прыцягвае, і баішся ўпасьці. Потым позірк прафесара ўпёрся ў сасновую паверхню стала, у якой, аднак, не было нічога цікавага — бо гэта не натуральнае дрэва, а пліта з пілавіньня і клею, з плёнкай, што імітуе драўніну. Без сучкоў, без незвычайных разводаў, у якіх пры жаданьні можна ўбачыць нейкія вобразы. Нават нічога не надрапалі на гэтай мёртвай паверхні. Толькі яна нібыта памутнела ды пакрылася плямамі ад усхваляванага дыханьня ды мноства цяжкіх адчайных позіркаў.
Скаловіч ціха загаварыў.
— Мяне забралі амаль адразу пасьля таго, як памерла Антаніна. Яе муж са сваім сябруком Андрэем прыходзілі мяне дапытваць. Праўда, у адрозьненьне ад згаданага Андрэя, які займаў пасаду інструктара па допытах — на яе бралі асабліва спрактыкаваных і фізічна дужых, таварыш камсорг быў аматарам. Але затое зацятым. А я… Я і бяз крыкаў камсорга быў упэўнены, што стаўся прычынай сьмерці ягонай жонкі. І… лічыў, што ён, напэўна, мае права рабіць са мною тое, што… рабіў. Я тады сам сябе гатовы быў закатаваць. Карацей, гэта не былі самыя лёгкія дні ў маім жыцьці. Трэба згадаць, што ў мяне мелася прывілея — ніколі ня білі па твары і галаве. І кісьці рук не чапалі. Чаму? Здагадайцеся… Калі ў турме тысячы людзей са спухлымі, зьбітымі абліччамі, з крывавымі язвамі на галовах — там, дзе вырывалі валасы, з раструшчанымі пальцамі, як мусіць успрымацца нечапаны твар? Таму даведзеныя да паўжывёльнага стану мае знаёмыя і кідаліся на мяне. Адзін, калі сілаў ударыць у яго не было, пачаў мяне кусаць і драпаць… Бядак… Так што прывілея адносная. Тым болей калі ў нос гадзінамі льюць ваду і нашатыр, гэта не лягчэй, чым калі выдзіраюць валасы. Апошняе новаўвядзеньне, з нашатыром, якраз змагары з кантррэвалюцыяй маглі выпрабаваць на чарговай порцыі вязьняў. Пачынаўся працэс “Беларускай народнай грамады”. Гэта меркаваўся працяг справы пра “кантррэвалюцыйны “Саюз вызваленьня беларускага народу”, які адыграўся трыма гадамі раней. Запэўніваю вас — такая ж містыфікацыя. Было ўжо дастаткова людзей, якія пачыналі разумець усе “вабноты” гэтай улады. Але сярод арыштаваных, напэўна, ня мелася ніводнага, прынамсі, я такіх ня ведаў, хто быў бы гатовы са зброяй у руках зьвяргаць Саветы, забіваць камісараў… Арышту падлягалі навукоўцы, пісьменьнікі, сьвятары, настаўнікі. У 1930-м па справе гэтага “Саюзу” хапанулі чалавек за сто. Сярод іх — найлепшыя пісьменьнікі. Дубоўка, Пушча, Антон Адамовіч, Жылка, Гарэцкі, Бабарэка, Гурло, Шашалевіч… Усіх не пералічу. Янку Купалу цягалі. Пасьля гэтага ён разрэзаў сабе сьцізорыкам жывот. Многіх выслалі, некаторых і адпусьцілі — пад нагляд, на перавыхаваньне. Тады я яшчэ не спаткаўся з Крэчатам і з таварышам Касіянавым. З маёй кафедры забралі чатыры чалавекі. Вядома, мы спрабавалі нешта зрабіць… Мы ж усе верылі, што адбываюцца памылкі. Пісалі лісты, зьбіралі подпісы… З апошнім было цяжка. Вось калі я зрабіўся “штатным здраднікам”, да мяне часам самі падыходзілі, каб папрасіць аб заступніцтве. А яшчэ сьмешна было сустракацца з некаторымі з тых, хто ўдзельнічаў у эксьперыментах Касіянава. Бачу на калідоры універсітэту чалавека, якога пераканалі, што я яго здаў, і які біў мяне за гэта ў кабінеце НКВД, а пасьля рыдаў ад шчасьця і замілаваньня ў абдоймах сьледчага… І ён глядзіць на мяне, як гусь на бліскавіцу, вітаецца і без усякіх эмоцыяў ідзе далей. І мы — нібыта багатыя кліенты бардэлю для вычварэнцаў, што ў паўсядзённым жыцьці нават знакам не намякнуць адзін аднаму, дзе разам бавілі час. Вядома, той-сёй, ачуняўшы, зразумеў, у якой інсцэніроўцы ўдзельнічаў… Але што яны маглі перайначыць, калі страх пасяліўся ў сэрцы? Каб вы бачылі, як гэта страшна — чалавек, які быў разумным, дасьціпным, з нашым улюбёным інтэлігенцкім скепсісам, глядзіць на цябе пустымі вачыма, нібыта на дно іх наліта волава, і ўсяго яго расьпірае ад жаданьня служыць савецкай уладзе, даводзіць, які ён адданы ёй, як шчыра яе любіць… Як ён удзячны, што яна, Вялікая Маці, пад наглядам Вялікага правадыра, не адкінула, а перавыхавала, ачысьціла, дазволіла слугаваць… Ён лёгка аддасьць жыцьцё ці заб’е. Ён выказваецца толькі ўрыўкамі з газетных артыкулаў. І нават не хавае, што і гэтую нашу сустрэчу апіша ў “адчоце”.
Ён нават і мне, здрадніку, удзячны — бо я ж цяпер у ягоных вачах ня здраднік, а патрыёт, такі ж, якім зрабіўся ён.
Вы пытаеце, ці быў я на гэтых могілках у трыццаць трэцім? Я ня ўпэўнены. Але вы прасілі — любыя здагадкі… Магу распавесьці адзін выпадак. Падчас маёй апошняй адсідкі неяк уночы мяне вывелі з камеры, пераапранулі ў чыстае… Я апынуўся ў добра знаёмым мне “Фордзе” разам з Мадэстам Касіянавым. Верх аўто быў падняты, горад асьвятляўся ня так, як цяпер, дый кеміў я на той момант марудна, таму нават уяўленьня, куды мяне вязуць і навошта, ня меў. Зрэшты, якая розьніца? Калі мяне змусілі выйсьці нібыта ў нейкім гаі, і я ў зыркім сьвятле фараў пабачыў сьвежавыкапаную яміну — у мяне ўнутры салаўі засьпявалі. Божухна, няўжо нарэшце Ты даеш згоду мне сысьці адсюль? Я агледзеўся: дзе мне давядзецца спачыць? Непадалёк збліснулі крыжы… Могілкі. Выдатна! Нават не ў якой лясной глушы, не ў балаціне…
Але магіла, глыбінёй дзесьці з метр, капалася ня мне. З другой машыны, з закрытым кузавам, у Менску называлі яе “варанок”, выцягнулі нешта доўгае і цяжкое… Мне ня трэба было здагадвацца, што — нагледзеўся… Двое ў пальчатках, з марлевымі павязкамі на тварах кінулі нябожчыка ў яміну. Адзін з катаў пасьвяціў уніз ліхтарыкам. Касіянаў жэстам загадаў мне палюбавацца. Я нахіліўся над апошнім прытулкам няшчаснага, які ляжаў тварам уверх, да чорнага неба…
Я ведаў гэтага чалавека.
Незадоўга да майго зьняволеньня да мяне прыйшла бабуля Леакадзія.
Так, яна яшчэ жыла… Хаця й зусім старэнькая — пад дзевяноста.
Не глядзіце на мяне так. Я адразу па вяртаньні з Францыі яе наведаў… Але яна мяне й на ганак не пусьціла. Слуга шатану, які прыехаў слугаваць слугам шатану.
Сьляды бацькоў маіх згубіліся на пачатку вайны — здаецца, у Бесарабіі, куды балаган зьехаў бліжэй да цяпла і далей ад рэвалюцыйных выбухаў. Леакадзія Пятроўна засталася адзіным маім родным чалавекам. Але прадукты з акадэмічнага пайка, якія ёй пасылаў, адразу ж вяртала. З настойлівай просьбай забыцца на ейнае існаваньне.
Карацей, калі яна прыйшла да мяне, я ня бачыў яе сем гадоў.