— Спадара Валяр’яна адвезьлі ў бальніцу...
Вось, вось, хай сама расказвае... Як невыносны ўпарты Скаловіч цьвеліў міліцыянтаў… Як яго паклікалі на асобную размову ў нейкі кабінет… Як праз нейкі час туды ж увайшлі два дужыя санітары ў белых халатах і доктар… Прафесар жа без дакументаў, і гаворыць на літаратурнай беларускай мове, і яшчэ… Ён геній, але з іншага часу. Ня ведае многіх элементарных для нас рэчаў, як чалавек васемнаццатага веку ня ведаў бы, як можна іначай, чым у ягоным салоне, трактаваць мужчыну з нафарбаванымі вуснамі. Яны ж усе — палітыкі, паэты, філософы, фінансісты, наведнікі салонаў і прыёмаў — фарбавалі вусны, румянілі шчокі, пудрыліся, малявалі сурмою бровы і “мушкі” — чорныя плямкі на твары. Бог яго ведае, што хімік там ляпнуў… Чаго ня змог пазнаць… Мы ж, ідыёты, хавалі ад яго і гістарычныя падзеі і рэаліі сучаснасьці. У выніку нам паведамілі, што дзядзька наш відавочна з праваламі ў памяці, і яго адправяць у бальніцу.
Божа мой, асістэнт Марыі Складоўскай-Кюры, прафесар Сарбонскага універсітэту, дэкан хімічнага факультэту беларускага універсітэту — у менскай “дурцы”! Ды яшчэ пасьля ўсяго перажытага ў Жоўтым Доме! З усімі сваймі шнарамі, ды яшчэ з мілай прывычкай ледзь не штоноч у сьне праз роўныя прамежкі часу паўтараць занудным гучным голасам фразу: “Я не валодаю такой інфармацыяй”. Відаць, вынік “канвеерных” шматдзённых допытаў — праўда, з прафесара каментарыяў ня выцягнулі. Ня любіць, ці ж бачыце, тэму. А Едрусь з-за гэткага “гукавога суправаджэньня” нават начаваць у Разалінай хаце адмовіўся.
Мы сядзелі ў доме ля могілак, нібыта толькі што вярнуліся з пахаваньня. Усе прыгнечана маўчалі. Даліла такая напятая, нібыта чакае, што вось-вось на яе кінецца воўк.
А яна тады яго загрызе. Лёгка.
— Урэшце, па логіцы падзеяў, — разважна загаварыў Макс, — мы можам увогуле выкрасьліць з памяці хіміка. Не было яго — ну і зноў няма. Ну, скажам, падабралі на могілках дзядзьку непрытомнага. Хто такі, адкуль — ня ведаем. Хто ён нам?
— Ах ты, нягоднік! — Генусь ускочыў з зэдліка, сьціснуўшы кулакі. Макс прымірэнча падняў да яго далоні.
— Ціха, ціха… Я проста гіпатэтычна…
— Морду біць за такую гіпатэтычнасьць!
— Ты, дарэчы, і Скаловічу зьбіраўся морду біць, — насьмешна парыраваў Макс. — А каб зрабіў яму па сваіх хакерскіх каналах хоць якое пасьведчаньне, як абяцаў — усё-ткі надзея…
— І яшчэ яму, калі спатрэбіцца, морду наб’ю! — гнеўна адказаў Генусь. — Але набіць морду і кінуць падыхаць у дурдоме — розныя рэчы!
— Ніякай надзеі не было. Ён сам захацеў застацца, хоць мог сысьці, — падала голас Даліла. Нейкі металёва-нежыцьцёвы голас, які мне надта не спадабаўся. — Гэта ягоны выбар.
Паколькі ня ўсе ведалі, што адбылося ў доме раніцай — мне давялося распавядаць.
— Гнюсная гісторыя, — спакойна прамовіў Едрусь. — Спадар Валяр’ян — чалавек, варты ўсіх нас разам узятых. Што вы цяпер, зьбіраецеся апельсіны яму ў Навінкі насіць і тым сумленьне суцяшаць? Супер! Вы як хочаце, а я зраблю ўсё, каб…
— І што ты зробіш? — іранічна спытаў Макс. — Налёт на псіхушку?
— Ну вось што, спадарства, — Даліла нарэшце ачомалася і паднялася. — Заўтра я сама пагавару з міліцыянтамі. Макс, Генусь, пашукайце яшчэ зьвестак пра гісторыю месца, на якім збудаваны гэты дом. Ну ня можа быць, каб болей нічога… Любыя, самыя сумнеўныя гіпотэзы… Чуткі… Паданьні… Усё, што заўгодна. А ты, Руслана…
— Ты ўсё яшчэ лічыш сябе лідэрам тусоўкі? — злосна спытаў Генусь. — Камандуеш? Пасьля ўсяго, што ты натварыла — гэта ж усё з-за цябе, ты прыдумала гэтыя нялюдскія падарожжы, прыцягнула прафесара ў наш час… Ды яшчэ пасьля таго, як я бачыў, як ты са Скаловічам…
— Заткніся! — Даліла крыкнула, нібыта ўдарыла маланкай. — Не твая справа, з кім я і дзе. І ўвогуле — хто ня хоча ратаваць хіміка — валіце…
Генусь павярнуўся да мяне.
— Руслана, скажы ты…
Едрусь і Макс чамусьці таксама павярнуліся ў мой бок з сур’ёзным чаканьнем.
Няўжо кагосьці зацікавала маё меркаваньне?
А Едрусь раптам прамовіў:
— Я веру Руслане. Няхай яна скажа, што рабіць.
Я сустрэлася поглядам з ягонымі шэрымі вачыма і зразумела, што ніхто тут не жартуе. Ім сапраўды важна, што я скажу. Зірнула на Далілу… Мая сяброўка ўсьміхалася неяк крыва… Яе ўсьмешка нечым нагадвала фірмовую ўсьмешку Скаловіча.
Я ўспомніла, як пераможна яна ўсьміхалася, калі зваліла непрытомнага хіміка пад нашы ногі пасьля свайго апошняга падарожжа…
Паўза зацягвалася. Мы тут свае мікраскапічныя амбіцыі вырашаем, а Валяр’ян Скаловіч працягвае ісьці па сваім пекле…
— Варта паразмаўляць і з міліцыянтамі, — сказала я. — Але найперш трэба яшчэ пагаварыць і з гаспадаром суседняга маёнтку. Ясная справа — без яго не абышлося. Увогуле, думаю, налёт на нас — ягоная справа. Праплаціў. Дом забраць хоча… Напэўна, і прафесара ў дурдом запхнуў у якасьці закладніка. І наконт гісторыі… Неадменна нешта на гэтым месцы мусіла здарыцца ў 1933-м годзе. І, можа быць, наш прафесар нейкім чынам да гэтага датычны. Паспрабую знайсьці яго і распытаць. І варта яшчэ раз дом і ўсё вакол дома агледзець. Кожны прадмет. І нам спатрэбяцца грошы. Шмат грошай. Думайце кожны, дзе ўзяць.
І я падышла да абразоў, як гэта рабіў прафесар, і, не зьвяртаючы ўвагі на тых, хто побач, і як яны на гэта рэагуюць, перахрысьцілася і памалілася аб тым, каму зараз дапамога была патрэбная болей за ўсіх.
Мы з Едрусем сядзелі ў бальнічным калідоры. Я не разумею, чаму бальніцы і паліклінікі ў нас абавязкова мусяць быць падобнымі да турмаў, нібыта іх будуюць па адных праектах. Можа, ад таго, што сьцены і там, і там пранізаныя людскім болем, пакутлівым чаканьнем, нянавісьцю?