Я выразна паглядзела на Далілу і прамовіла.
— І ўвогуле, Валяр’ян Іванавіч ужо ў нас загасьціўся. Думаю, Вам, Валяр’ян Іванавіч, час вярнуцца туды, адкуль прыйшлі.
Даліла зразумела мае словы, зірнула на абраз “Маленьне аб Чашы”, потым на Скаловіча… Панурыла галаву...
Прафесар нясьпешна падышоў да абраза, перахрысьціўся… Вось зараз ён зьнікне за сьцяной у выцьвілыя ружы…
Сапраўды, нават Даліле ясна, што выцягнуць чалавека на семдзясят гадоў наперад, каб ізноў кінуць у шчыльныя абдоймы “ворганаў”, гэта ўжо не па-людску…
Азызлатвары міліцыянт зьвярнуўся да Далілы:
— Ну што, праедземце ў аддзяленьне на прадмет высьвятленьня асобаў?
Я заўважыла, што Скаловіч усё яшчэ стаіць, уважліва назіраючы за падзеямі. І твар ягоны ўсё змрачнее.
Чаму ён не сыходзіць?
Затое прыйшоў яшчэ адзін госьць… Нават ня стукаючыся ў дзьверы, уваліўся па-гаспадарску… Уладальнік суседняй вілы, якога я некалькі разоў бачыла. Немалады сівы дзядзька, падобны да ўсходняга бая, мажны, як бык, у чырвонай кашулі і джынсавай куртачцы. Смуглявая скура на ягоным твары ледзь не трэскалася ад тлушчу. Міліцыянты прывіталі яго амаль па-свойску, я здагадалася, што няйначай ён і ёсьць заяўнік на нашы “оргіі”… Аглядаў сусед Разаліну хату таксама неяк надта па-гаспадарску… І нас з Далілай… па-гаспадарску. Мне здавалася, што ягоны позірк пакідае на мне тлустыя плямы, як ад пальцаў, якімі толькі што елі плоў.
Скаловіч адышоў ад запаветнай сьцяны і ўсеўся на ложак, дэманструючы прафесарскую пагарду. А белабровы, які шнырыў па хаце, нібыта рукі часаліся ўсё тут абшукаць, заўважыў на паліцы шафы стосік дыскаў, на вокладках якіх было напісана “За свабоду”. Дыскаў заставалася пару дзесяткаў — знаёмы рокер папрасіў Едруся параздаваць пасьля канцэртаў.
— Гэта чыё?
— Маё! — адразу ж адгукнуўся Скаловіч, які, хутчэй за ўсё, абсалютова ня ведаў нават, што гэта за канверцікі.
— Адкуль гэта ў вас? — жвава запытаўся белабровы.
— Вы ж самі толькі што адтуль іх дасталі — з шафы.
Цікаўнік пачаў траціць цярпеньне.
— Ну а ў шафу як яны трапілі?
— Калі ёсьць пацьверджаньне, што гэта належыць мне, можна дапусьціць, што я і паклаў.
— А дзе ўзялі, каб пакласьці?
— З шафы і ўзяў.
— Яны што, самі там зьявіліся?
— Гэта ненавуковае дапушчэньне. Думаю, вам дастаткова сьведчаньня, што гэтыя прадметы належаць мне.
— Зьдзекуешся? Нічога, у аддзяленьні разьбярэмся…
Але азызлатвары кінуў на ініцыятыўнага белабровага міліцыянта незадаволены позірк, і той неахвотна паклаў дыскі на месца. Чаго гэта на “крамолу” вырашылі не зважаць?
Я перахапіла позірк прафесара і паказала вачыма на абраз. Скаловіч адмоўна пахітаў галавой. Ён таксама быў спакойны… Што ж, яму не прывыкаць — столькі разоў забіралі…
— Выходзьце, грамадзяне!
Па-за гульнёй-7
Кароткі калідор з відам на закратаванае вакенца. Пафарбаваныя алейнай зялёнай фарбай сьцены.
Зусім як у бальніцы, куды аднойчы я патрапіла з ларынгітам. Жудасна… Я задыхаюся, хапаю паветра, а яно перастрае ў горле, як быццам ваўняныя ніткі… Маці апранае на мяне свой самавязаны сіні швэдар — напэўна, у яе ўяўленьні я задыхаюся ад холаду. А па калідоры да мяне набліжаецца медсястра — белы халат, ад якога на адлегласьці, як марозам, патыхае абыякавасьцю і нават раздражнёнасьцю (Ну чаму “іх” прывозяць сярод ночы?). Пантофлі-саба медсястры глуха стукаюць па каменнай падлозе, а ў руках жалезны падносік са шпрыцамі… Я ня бачу яе твару, я ня чую ўгавораў маці — я назіраю, як да мяне набліжаецца металёвы падносік… Вострая-вострая іголка.
І мне страшна.