Я страшэнна разгубілася, гледзячы ў ягоныя цёмныя вочы. І чамусьці прашаптала:
— Застаньцеся, калі ласка… Хоць яшчэ на тры дні…
Скаловіч аж галавою закруціў.
— Можна падумаць, што на вас спрацоўвае адзін з комплексаў паводле тэорыі Фройда, і я мушу замяніць вам недахоп бацькоўскага пачатку — альбо сублімаваць яго як аб’ект вашай нянавісьці. Добра. Я звык да нянавісьці.
Хімік дэманстратыўна абыякава падышоў да паліцаў, зьняў томік Купалы (я заўважыла, што гэта быў дзявяты том з апошняга збору твораў — там, дзе сабраныя дакументы, у тым ліку пратаколы допытаў), і ўлёгся на ложак, змахнуўшы з яго на падлогу імправізаваныя вяроўкі.
Гэты дзень быў цяжкі, як праклён. Даліле неадкладна спатрэбілася на працу, і яна пакінула мяне з хімікам у якасьці вартаўніка. За ўвесь гэты час Скаловіч ня вымавіў ні слова, нягледзячы на мае нясьмелыя спробы яго разгаварыць. Ляжаў, чытаў. На адзін том у яго трацілася гадзіна. Усяго да прыходу Далілы ён пасьпеў прачытаць тры тамы.
Даліла вярнулася з пакункамі, напятая, рашучая, нібы камікадзэ перад вылетам.
— Зараз будзем вячэраць. Спадзяюся, спадар прафесар ня хоча замарыць сябе галоднай сьмерцю на знак пратэсту?
Але павячэраць у гэты дзень нам не давялося. У дзьверы пастукалі.
Даліла, нават не пытаючыся, хто там, адчыніла дзьверы.
Іх было трое. Усе ў цывільным. Каржакаваты, які нагадваў стамлёнага бабра. Высокі белабровы, з тварам, як шынка. Галоўны — са звычайным трохі азызлым тварам добрага сем’яніна, з вуснамі, куточкі якіх трохі ўсьміхаліся.
— Дар’я Сямёнаўна Крашынская? Домаўладальніца? Міліцыя… Дазвольце ўвайсьці.
Даліла моўчкі ўпусьціла прыхадняў… І дакументаў не папыталася. Не пазнаю сяброўку…
Свой прыход міліцыянты патлумачылі тым, што былі скаргі суседзяў. На тое, што хату пенсіянеркі Разаліі Іванаўны Самлевіч захапілі падазроныя асобы. Нефармальная моладзевая суполка. Сходкі, оргіі, наркотыкі…
Белабровы затрымаўся позіркам на Едрусевай гітары (адной з трох) — на ёй красавалася налепка з Пагоняй.
Ну і, вядома, праверка дакументаў…
З дакументамі, як вы здагадваецеся, у нас было, як у маскалёў у XVII стагоддзі з тэатрам.
Гэта значыць — ніяк. Нават я забылася студэнцкі білет у заплечніку, з якім звычайна хаджу на заняткі.
Я дзівілася спакою Далілы. Мяне ж усю ажно калаціла… Але ўвага няпрошаных гасьцей была скіраваная на прафесара. Скаловіч зьедліва пасьміхаўся і дэманстраваў вышэйшы пілатаж сафістыкі. Вы, напэўна, ужо заўважылі яго мілую манеру адказваць пытаньнем на пытаньне.
— Як вы добра размаўляеце на беларускай мове… — нібыта між іншым заўважыў азызлатвары. — А да якой партыі належыце?
— А што, валоданьне беларускай мовай зьяўляецца апазнавальным знакам прыналежнасьці да палітычнай партыі? — усё гэтак жа “міла” вымавіў прафесар. — Дазвольце пацікавіцца, шаноўныя, а як бы вы вызначылі мае палітычныя погляды, калі б я пачаў размаўляць з вамі па-ангельску альбо па-французску? Дапускаю, што згодна вашай асабістай логікі мая французская мова сьведчыла б пра тое, што я прадстаўляю палітычную партыю, якая мае на мэце дасягненьне ўлады французаў ва ўсім сьвеце. Як вядома з гісторыі, такой асобай быў Напалеон Буонапарці, не зусім, дарэчы, і француз — да канца жыцьця гаварыў на мове Лафантэна са страшэнным акцэнтам. Мой сябра, слынны сьпецыяліст па псіхіятрыі, распавёў бы вам наконт знаёмстваў са шматлікімі Напалеонамі. Калі я размаўляю з вамі па-беларуску, значыць, я па меншай меры Кастусь Каліноўскі? А чаму вы ня зробіце маленькае дапушчэньне, што калі я размаўляю па-французску, я альбо француз, альбо проста люблю гэтую мову. А калі карыстаюся ў якасьці камунікатыўнай беларускай мовай, я, адпаведна, беларус і люблю мову Купалы? Шкада, што самыя простыя лагічныя сувязі вам несімпатычныя. У выніку — пабудова сілагізму сыходзячы з ілжывых дапушчэньняў.
— Хопіць! Дзе твае дакументы? — зароў раздражнёны слоўнай плыньню спрактыкаванага лектара азызлатвары. А “бабёр” прабурчэў:
— Такога сапраўды ў дурку варта…
Трэба было нешта распавядаць пра насатага цемнавокага дзядзьку, у якога вышэйшая адукацыя была напісаная на высокім лобе рунічнымі пісьмёнамі, відочнымі нават з космасу.
Па складаньні праўдападобных гісторыяў у нас сьпец — Макс. Але яго заўсёды няма менавіта тады, калі ён больш за ўсё патрэбны. Простыя словы, простыя рэчы наконт таго, што дзядзька ёсьць дзядзькам гаспадыні кватэры, не спрацоўвалі. Міліцыянты жадалі падрабязнай споведзі. Прапіска, месца працы, сямейнае становішча… І — праедземце ў аддзяленьне.
Давялося ўсё рабіць самой. Я ж усё-ткі пісьменьніца, хаця й маргінальная. Я трохі павагалася наконт варыянту з амнезіяй… Не, лепей ціснуць на нацыянальнае пытаньне. У маім аповедзе паўставаў трагічны лёс бежанца з Узьбекістану, выкладчыка хіміі ў Харэзмскім палітэхнічным інстытуце (нядаўна глядзела фільм пра вайну харызматычнага Чынгісхана і фанабэрыстага харэзмскага султана). Валяр’ян Іванавіч — дзядзька шаноўнай Дар’і Сымонаўны па бацьку (Няхай шукаюць, каб пацьвердзіць, ейнага бацьку… Маці дзесяць гадоў адшукаць не магла, каб аліменты стрэсьці, дык можа гэтым удасца). Сюжэт разьвіваўся на ўсё больш пашыраных вачах Скаловіча і Далілы. Спадар Валяр’ян змушаны быў пакінуць сваю кватэру ў Харэзьме, бо яе падпалілі узьбекскія нацыяналісты. Потым быў палон у мясцовага бая, зьдзекі, катаваньні, цяжкая праца на прыватных плантацыях бавоўны (трэба ж было неяк патумачыць наяўнасьць шнараў, якія госьці пры пэўных абставінах змогуць заўважыць). Уцёкі, таварныя вагоны, пакутлівы шлях да роднай Беларусі…
— Гэты чалавек прайшоў пешкі дзьве тысячы кіламетраў! — пранікнёна абвесьціла я.
А цяпер ён чакае статусу бежанца і грамадзянства… І праз дні тры ўсе дакументы будуць у парадку. Так што прыходзьце пазьней, спадарства…
Скаловіч слухаў, іранічна прыўзьняўшы бровы. Дзякуй Богу, хаця б не ўздумаў пярэчыць.
Эх, калі б наш хакер не псіхануў, каб хоць якую паперку для пацьверджаньня асобы хіміка здабыў…