Галоўнай падзеяй другога дня вяселля былі, вядома, маршы. Кожнаму капэла іграла — па яго ж выбару — адну або дзве мелодыі. Адзін хоча «Зорку Венеру», другі «Паланез» Агінскага, трэцяму падай «девчонку», да якой вернецца салдат, чацвёртаму — літоўскую застольную «Клюку, клюку, клюку, гярсім по сцеклюку», пяты патрабуе польскую «Мазурку Дамброўскага». І музыкі былі на вышыні, толькі пры «Верасах» крыху замяліся. Затое і кідалі ім густа. Хто па дзесятцы, а сваты і па дваццацьпятцы. З дамоўленай сумы ў чатырыста рублёў маладым прыйшлося даплаціць нешта рублёў пятнаццаць. У месяц тры-чатыры вяселлі…
— І чаму гэта мы не завядзём такіх сваіх музыкаў? — дзівуецца адзін з сватоў. — Усё на Літве наймаем.
— У раённым жа клубе ёсць. Учора маладым ігралі.
— Мала што там ёсць. А хто па вёсках іграць будзе?
— І нашы так не патрафяць. Нашы болей жаласліва іграюць.
— Цяпер то не так жаласліва. Калісьці ж, здаецца, — аж за сэрца бярэ.
І да мяне, праз стол:
— Хочаш, сваток, ціхенька заспяваю старую. Такіх ужо не пяюць:
Надрыўны, грудны голас мацнеў, перакрываў застольную гаворку. Паступова ўсё сцішалася. Заслухаліся музыкі. І ўжо не было нічога, апрача песні. А песня жалілася:
К вечару ўсё часцей пачыналі песню «Бывайце здаровы». То адны госці, то другія спяшаліся на цягнік, на аўтобус, да гаспадаркі. Кожны адыходзіў з ладным кавалкам торта, з бутэлькай у сумцы. «Гэта вам на дарогу васэльнай кіслі», — гаварыла, уручаючы пачастункі, гаспадыня. Узняліся да свайго заказнога аўтобуса і вільнюскія госці.
— Куды вам, яшчэ даедзеце, сонца яшчэ высока, — супакойваў іх Козіч.
— Дарога немалая, сорак кіламетраў.
— А як мы калісьці пехатой хадзілі? — умяшаўся стары сват. — Выйдзеш на світанні, а пасля абеду ўжо ў Вільні. На кірмаш, у суд, з працэсіяй у Кальварыю, каб у бога дажджу выпрасіць.
— Ну і як, дождж быў?
— Калі быў, а калі і не.
— Ну-то няхай у вас цяпер дождж заўсёды ў пару будзе. Вісу гяро! Усяго добрага! Вшысткего найлепшэго! Саламея, не марудзь тут, хутчэй у Вільнюс прыязджай! Імя ж у цябе — як у нашай Саламеі Нерыс.
Дзядзька Тамаш па-ранейшаму сядзеў, прыкрыўшыся, на ганку, праводзіў усіх затуманенымі слязой вачыма.
— Цяпер на аўтобусе што. Калісьці мы са сваей Стасяй да шлюбу коньмі ехалі. Коні слабыя былі, дак чвяртку водкі ў вуха ўльеш, каб панеслі. Хацелася паказаць форс.
— Шчасліва заставацца! Цяпер-то, можа, праз год які на хрэсьбінах у Салюні ўвідзімся.
— Куды мне ўжо. Пясэцкі мяне ў госці чакае. Пажыў, дзяцей упарадкаваў, унукаў каторых…
Праз тыдзень дзядзька Тамаш сканаў. Труну паставілі ў апусцелай задворніцкай хаце, якую ён сам склаў з абчасаных бярвенняў. З пахаваннем надчэквалі дні з тры, бо хацелі, каб з Польшчы паспеў Мар’ян. Да позняй ночы ля труны сядзелі спевакі. Прыходзілі людзі з суседніх вёсак. Сваякі прыносілі вянкі. Меўся прыехаць з Мінска даўні сябар нябожчыка Фёдар Мікалаевіч Івендзікаў. Але падвяла машына.
Нарэшце на таксі з’яўляецца стомлены дарогай Мар’ян. Робіцца апошні аматарскі здымак. На машыну засцілаюць самаробны дыван, ставяць труну. Стары Мялешка бярэ міску з жытам, нібы сейбіт, абыходзіць навокал. Цяжкое зерне гучна б’е ў дубовыя дошкі.
На могілкі ішла ўся вёска. Пах сырога пяску, што жаўцеў вакол ямы, зліваўся з пахам ігліцы, ранняга бэзу і паленых зёлак. Калі апускалі труну, зусім блізка двойчы закукавала і папярхнулася зязюля. А недзе ўдалечыні прагрымеў першы пасля доўгай сушы веснавы гром.
З могілак усе вярнуліся зноў у дом. Цяпер ён застаўлены сталамі. Ведаю, многія супраць таго, каб услед за пахаваннем ішоў пачастунак. Але старадаўнія славянскія памінкі, па-мойму, добры звычай. Клопаты аб самых звычайных рэчах не дазваляюць, не даюць часу блізкім застацца ў адзіноце, сам-насам з горам. Зноў жа, многія сваякі прыйшлі здалёку, з другіх вёсак, прагаладаліся. За жалобным сталом людзі засяроджваюцца, успамінаюць нябожчыка, яго справы. П’яных звычайна не бывае. Але пасля першай чаркі ажыўляецца гаворка:
— Глядзі ты, памёр у маі, як і яго Стася.
— Але, усе там будзем. не на васэля едзем, а ўжо з васэля.
— Не ўвідзеў, як яго яблыні зацвілі. Дагледжаныя ўсе, пабеленыя.
— Стараўся да канца. Як кажуць, у магілу збірайся, а жыта сей!
— Хай яму зямля лёгкай будзе! Быў чалавек, і няма…
— Ад кужнага чалавека нешта застаецца. То дом, то сад, то дзеці.