— Ад цябе заграбеш. Прап’еш усё і абліжашся.
— Не за свае п’ю, успакойся!
— Тваё здароўе, Салюня, усе мы за тваімі сталамі ў «Ёлачцы» гадаваліся!
— Ты не падмеціла, кума, якой нагой Салюня парог пераступала? Правай ці левай?
— Усё роўна якой. Хай будуць шчаслівыя. Нешта водка горкая, каб яе халерыя, стала. Пара зноў падсаладзіць!
— Го-о-рка!
— Давай і мы з табой, свацютка, буську зробім!
— Іш чаго, стары корч, захацеў! Па табе ўжо магільнік плача.
— Гы-гы-гы, стары конь…
— А недзе ў славакаў маладыя, глядзела я па цілівізару, кусок цукру папалам дзеляць, каб салодка ўсё жыццё было.
— Ну і пышнае васэля Козічы справілі. Вы не ведаеце, колькі грошай пайшло?
— А табе што да таго? Сваіх пайшло, не тваіх. Запрасілі, то і сядзі.
— Маладым болей у памяці застанецца.
— Нешта Рынкевіча няма. Абяцаўся хоць вечарам пад’ехаць, калі дараваць маладых будуць. Ужо ж скора.
— То ў вас, свацютка, каравай вечарам дзеляць?
— Які там каравай. У нас каравай не прынята. Дораць так.
— Пасуньцеся, сваткі, вылезці трэба.
За сталом застаюцца толькі Саламея і Сцяпан, першыя дружкі. У куце займаюць месца вясковыя спявачкі. Жаласліва і працяжна, у адзін голас, пачынаюць даравальную:
Потым замест «матачкі» і «сваточкаў» ідуць «цёценька», «дзядзечка», «залоўка», «мільянер». На стале вырастае стос кап, сурвэт, гадзіннікаў, лялек і іншых патрэбных і непатрэбных рэчаў. Многія дораць грашыма — хай будзе маладым на першыя крокі. Урэшце свацці звязваюць падарункі ў посцілку. Спявачак саджаюць за стол і частуюць.
— У каго свярбяць ногі, хай ідзе на танцы! — заклікае сват.
Танцуюць у нанятай хаце ў другім канцы вёскі. Клуба ў Ліпнішках няма. А хто багацей жыве, у каго мэбля паліраваная ды падлога маляваная, той не хоча пусціць. Таму музыкі перавандравалі ў самую неахайную ў вёсцы хату, дзе маладзіца толькі па суседках лётае.
— Не можа ваш старшыня раскашэліцца і збудаваць якую брыгадную хату, — гавораць, прахалоджваючыся пасля агністай полькі, вільнюскія госці.
— Да хрэсьбін, можа, і збудуе, — жартам адказваюць мясцовыя. Тут ім, відаць, крыху і сорамна за Ліпнішкі.
— А што, не агледзішся, як Бранюк дзедам стане.
— Даўно ж гэта, здаецца, сам жаніўся. З Задворнік Маню прывёз.
— Мае гонар стары Тамаш за сваіх дзяцей. Усе работы не баяцца.
— Толькі нешта паслабеў ён сам.
— Не, ішчэ нічога. Чарку перакуліў. Закусіў са смакам.
— Чым у гэтай духаце да цеснаце танцаваць, пойдзем лепей, сват, месца на сон шукаць. Бо потым усё зоймуць.
Але ў тую ноч на саломе засталося многа свабодных месц, бо найбольш вынослівыя так і не клаліся спаць, хіба што трохі прыдрамнулі за сталом. Чуць світала — яны ўжо ішлі «лячыць галовы» тым, хто адаспаўся. Усе распытвалі, дзе і як правялі ноч маладыя. Сцёпа ў адказ таямніча ўсміхаўся. Хоць гэта на ўласным вяселлі, здаецца, і няможна, узяў у рукі баян і зайграў такую празрыстую мелодыю, што ўсе канчаткова зразумелі, чаму Салюня выбрала менавіта гэтага невысокага, сціплага хлопца з роўным праборам кароткіх валасоў.