Губу Ваську разьбілі лабусы. На кастрычніцкія сьвяты сябры зьбеглі ў самаволку: туляк хацеў набыць перад дэмобай газавую запальнічку, а Макар - падарунак сястры, якая выходзіла замуж. Паблукаўшы па горадзе, дружбакі зазірнулі ў піўніцу, выпілі па чатыры кухлі густога біржайскага піва, пабіліся з лабусамі, а калі, сплёўваючы крывавую пену з губы, завярнулі ў цёмны кут і сталі паліваць касьцельны мур, за сьпінамі іхнымі ўжо стаяў вайсковы патруль.
Сядзеньне на гаўптвахце, ды яшчэ прыканцы службы, пякло азадак і даставала вантробы. Да таго ж Макара чакалі на сестрыным вясельлі, таму давялося прасіць канваіра, каб той адбіў тэлеграму: «Затрымліваюся на манэўрах».
Туляку адседка таксама далася ў знакі. Вярнуўшыся пасьля «губы» ў казарму, ён не знайшоў у тумбачцы дэмбельскага альбома. Апытаўшы салаг, Васька ляпнуў кулаком па далоні і паабяцаўшы замачыць ня толькі шаўляйскіх лабусаў, але й адэсіта Базылевіча. Базылевічава тумбачка стаяла поруч з Васьчыным ложкам, таму туляк і вырашыў, што гэта адэсіт прыхапіў альбом, калі зьяжджаў дахаты. У наступныя дні Васька зблажэў, зьехаў з твару і раз-пораз пырскаў сьлінай, абяцаючы ўтапіць хахляру Базылевіча ў Чорным моры...
На станцыі Даўгаўпілс сябрукі ўзялі на апошнія грошы дзьве пляшкі піва, пагаманілі з грудастай правадніцай, надрапалі на вагоннай сьцяне запаветныя літары «ДМБ-76» і праз паўгадзіны ўжо спалі, наваліўшыся на вагонны столік і бязвольна матляючы стрыжанымі галовамі.
Позьнім вечарам грудастая правадніца стала трэсьці Макара за плячук, Макар пускаў сьліну, штосьці мармытаў спрасонку і абудзіўся толькі тады, калі ў суседнім купэ грукнулі кірзачы й нейкі дзяцюк жартам галёкнуў:
- Рота-а, пад'ём!
Макар зірнуў у вакно, убачыў за мокрай шыбай будынак віцебскага вакзала і адчайным позехам вітаў родную зямлю.
Ён хацеў сыйсці ціха, не абудзіўшы сябра, але ў апошні момант перадумаў - ляпнуў Ваську па карку.
Яны выйшлі на пэрон, выпалілі па цыгарэце й Макар, каторым ужо разам, прапанаваў сябру паехаць зь ім у Азярышча.
- Гульнём на вясельлі, гарэлкі вып'ем, зь дзеўкамі пазнаёмімся, - казаў Макар, туляк мармытаў штосьці пра адсутнасьць грошаў, але, пачуўшы, што ў Макара ў Віцебску жыве аднакашнік, у якога можна апахмяліцца, сплюнуў густую сьліну і пабег у вагон за рэчторбай.
Аднакашнік, Толік Манькін, жыў на Маркаўшчыне, у шматсямейным інтэрнаце. Дабраліся туды проці ночы, доўга блукалі па цёмных калідорах ды чыркалі запалкамі, выглядаючы нумары на дзьвярох, а калі, нарэшце, знайшлі патрэбную кватэру, туляк нясьмела прамармытаў:
- А можа ня варта? Позна ўжо.
Але Макар націснуў на званок - раз, потым другі, і ў асьветленай пройме паўстаў Толік - у трусах, у салатавай майцы і з перакрыўленым ад зыркага сьвятла тварам. Аднакашнік доўга мружыўся, чухаў пахвіньне, а пачуўшы зьвяглівы жаночы голас, што прагучаў за сьпінай, азірнуўся і люта рыкнуў:
- Ды змоўкні ты, с-сука!
Тут ужо і Макар пашкадаваў, што прыцёгся да Манькіна, ды нечакана той схамянуўся, з адчаем раскрыліў рукі:
- Макарка! Дэмбельнуўся!
Яны ўбіліся ў цесную кухню, селі ўкол стала, пагаманілі напаўголасу; неўзабаве гаспадар пабег некуды і вярнуўся зь літровым слоікам у руках.
- У Міронаўны ўзяў. Толькі што выгнала, - паведаміў гаспадар, паставіўшы перад гасьцямі слоік з самагонкай.
Пяршак быў яшчэ цёплым, тхнуў карбідам, да таго ж піць давялося прыхапкам, бо Толікава жонка штохвілі грукала ў сьценку і здушана лаялася. Кульнуўшы пару кілішкаў, Макар захмялеў, кінуў на падлогу шынель, расьцягнуўся пасярод кухні, прыціснуўшыся скроньню да газавай пліты. Туляк з Манькіным яшчэ колькі часу гаманілі, потым пачалі дужацца рукамі, скінулі на падлогу слоік з самагонкай і на кухню прыбегла гаспадарава жонка. Прыкусіўшы ніжнюю губу, жонка стала цягаць мужа за валасы, гарлаць: «Заб'ю, п'янтосіна!», але Макар нічога гэтага ня чуў і ня бачыў, панурыўшыся ў цяжкі беспрабудны сон.
Раніцаю трэба было ўставаць а сёмай, каб пасьпець на «дызель», Макар жа прачнуўся а дзевятай - з хворай галавой, з ламотай у касьцях і з рэзьзю на доле жывата. І абудзіла яго гучнае вяканьне, якое далятала з ваннай. Ваську ванітавала і гэта наводзіла на думку, што самагон і сапраўды быў з карбідам. Той хвіляй Макара таксама пацягнула на ваніты, але ён страсянуў галавой, падняўся на ногі і піхнуў хворую галаву пад кран з халоднай вадой.
...Праз тры гадзіны, вылезшы з вагону, Макар з прытоенай радасьцю ўбачыў: на азярышчанскай станцыі нічога не зьмянілася. Усё так жа шумелі на ветры згалелыя таполі, на таполях сядзелі тыя ж самыя гракі, плякат на агароджы («Не ходите по путям!») гэтак жа, як і два гады таму, ляпаў праржавелай бляхай і толькі прыстанцыйная прыбіральня, што стаяла ў канцы пляцформы, рэзала вока новай афарбоўкай. Зь белай прыбіральня ператварылася ў цёмна-брунатную і старыя надпісы на яе сьценах выразна прабіваліся скрозь новую фарбу.
Унутры, аднак, сьцены не фарбавалі. Макар, стаўшы над цёмнай адтулінай, стаў разглядаць колішнія свае малюнкі, ды тут сьвет паплыў уваччу і ён вымушаны быў змахнуць рукавом няпрошаную сьлязіну. Плакаў, зморана аддзімаючыся, і Васька Замундалін: у прыбіральні сьмярдзела хлёркай і смурод гэты праймаў да сьлёз. Не абабіўшы апошніх кропляў, Макар выбег на пляцформу і адразу ж патрапіў у матчыны абдоймы.
- А Макарка ж ты мо-ой... А чаму ж цябе не адпускалі-і... - загаласіла маці і ад таго ляманту ўсхадзіліся гракі на дрэвах, а сябар Васька застыў у дзьвярох прыбіральні, не зашпіліўшы прарэху.
- Кожны дзянёчак да поезду бегаю, - галасіла маці і супакоілася толькі тады, як Макар закрыў ёй твар вушанкаю.
Расьпісвалася сяструха праз паўгадзіны, але ісьці ў загс не выпадала - трэба было памыцца, пераапрануцца і наогул прывесьці сябе ў парадак. Пагатоў на вясельле, як сказала маці, прыехалі сталічныя дзеўкі і мальцы.
- Акуратны, непітушчы... летась інстытут скончыў, - лапатала маці, шыбуючы поруч і пры гэтым запабежліва паглядала ў сынавы вочы - спадзявалася, што ў вачах мільгане спагада.
Макар ішоў па гразкай вуліцы, кіўком галавы падганяў сябра і стоена ўздыхаў. Ён не любіў інтэлігентаў.
Вясельле гралі ў леспрамгасаўскай сталоўцы. Суседка іхная, цётка Дуся, працавала ў леспрамгасе бугальтарам - яна і парупілася пра памяшканьне. Зь цёткай той хлопцы і рушылі ў сталоўку. І йшлі ня проста так, а зь медніцай вінегрэту - яе нёс на галаве Васька Замундалін, - і зь цяжкою сумкай, у якой зацята бразгалі бутэлькі.
Два гады ня быў Макар у кампаніях і таму, заўважыўшы людзкі збой на ганку сталовай, замарудзіў хаду, перакінуў з рукі ў руку цяжкую сумку і пацёр навярэджанай даланёю тое месца, дзе білася ўсхваляванае сэрца.
Мальцы, якія стаялі на ганку, былі нетутэйшыя, усе скрозь у крымпленавых пінжаках, вышываных кашулях і, што самае дзіўнае, усе яны гаманілі па-беларуску.