Душа адляціць, а ты будзеш ляжаць - нерухомы, з задзёртай калашыной, і калі цень ад таполі перапаўзе зь сіняй лыткі да загарэлага плеху, на ходніку спыніцца сухарлявая бабуля. Бабуля стане на дыбкі, заклапочана страсяне пустой сумкай, а каржакаваты, зьлёгку падпіты дзядзька, які будзе ісьці міма, сіпла зазначыць:
- Зараз мянты абудзяць.
«Мянты» зьявяцца адвячоркам, калі памутнелае сонца схаваецца за дахам суседняга дома. Малады міліцыянт рашуча схопіцца за сінюю лытку, потым адхінецца, зачапіўшыся фуражкай за вецьце. Вакол дрэва пачнуць зьбірацца людзі, і чырвонатвары сяржант, нядобра зырнуўшы на натоўп, кароткім мацюгом канстатуе:
- Канец.
Быў момант, калі Макар ужо зьбіраўся паваліцца пад куст, бо сьвет хітнуўся ў вачох і слых напоўніўся замарачным шумам, але, угледзеўшы пасярод небясьпечна нахіленай вуліцы двух хлопцаў з піўнымі торбамі, роспачна крыкнуў:
- Дзе даюць?!
- У «камсе»! - адказалі хлопцы й Макар, змахнуўшы ліпкі пот з лоба, зразумеў: ад сьмерці яго можа ўратаваць глыток халоднага піва.
У двары ўнівэрмага «Камсамольскі» было як ніколі шматлюдна. Рабацягі з навакольных дамоў (усе скрозь у лінялых «спарціўках»); вайсковыя пэнсіянэры (у тэпцях на голую нагу і ў пакамечаных капронавых капелюшах); хлопцы-пэтэвушнікі (іхныя стрыжаныя патыліцы прыкметна вылучаліся на тле загарэлых лысін) і, нарэшце, мясцовыя алкашы (з тварамі, такімі ж шэрымі, як хлапечыя патыліцы і такімі ж пакамечанымі, як капелюшы) шчыльным кальцом атачалі піўную бочку. У паветры пахла нейкай брыдой - ці то прэлымі шкарпэткамі, ці то кашэчымі сцакамі, і ад таго паху ў прадоньні Макаравай душы зварухнулася сьвярблівае жаданьне - шпурнуць у натоўп гранату, ці, у крайнім выпадку, заехаць якому алкашу кулаком між вачэй. Жаданьне было такім палкім, што Макар скрыгатнуў зубамі і пацёр параносьсе, згадваючы - куды ён падзеў падораную прапаршчыкам Базылём "лімонку" Ф-2, а суняўшы шал, выцягнуў шыю і пашукаў у натоўпе сяброў.
Натоўп бязладна гаманіў, варушыўся і дзесьці ў самых нетрах ягоных чуўся прарэзьлівы голас алькагалічкі Нінкі-Пятлюры.
- Ніна! - крыкнуў Макар, склаўшы рупарам далоні, але тая, да каго ён зьвяртаўся, не пачула.
Краем вока Макар згледзеў у канцы двара драцяную скрыню, на якой сядзеў сівы дзядок і, падышоўшы да старога, падняў таго за плечы.
- Нінка, йо..! - крыкнуў Макар другім разам, глянуўшы на натоўп з вышыні драцяной скрыні і Нінка, міргнуўшы падбітым вокам, незадаволена адгукнулася:
- Ну шчо тобі?
Макар мацюкнуўся, дэманструючы недарэчнасьць такога пытаньня й разьвёў рукамі.
У нетрах таўпені захваляваліся. Хтосьці здушана войкнуў, зь нечай лысай галавы зьляцеў капялюш, і Нінка, віскнуўшы, як цыркулярка, скаланула абшар гаўклівым воклічам:
- Што ты став, як хер моржовы?! Грошы давай.
Паперка з чырвоным зубрам паплыла над галовамі, Макар праводзіў яе ўстрывожаным позіркам, нэрвовай хадою прайшоўся ў бок унівэрмагу, сьцепанаючыся ад кожнага мацюга, што вырываўся з натоўпу. Мацюгі тыя з кожнай хвіляй рабіліся ўсё больш рашучымі й гістэрычнымі.
- Ну куды, куды лезеш хахляра?!
- Заткні ляпу, йіврэй!
Пасьля такога дыялёгу з лысай галавы ізноў зьляцеў капялюш, уладальнік капелюша тузануўся, штосьці крыкнуў, але, атрымаўшы пустой поліэтыленавай каністрай па лобе, суціх і зьнік зь відавоку.
Нінка вылезла з натоўпу хвілін празь пяць. Трымаючы на ўзьнятых руках торбу з півам, яна ніяк не магла супакоіцца й мацюкалася, пасылаючы праклёны паўзьверх людзкіх галоў. Каб суняць мацюкальніцу, Макар піхнуў ёй у рот цыгарэту, пстрыкнуў запальнічкай, але й захлынуўшыся дымам, Нінка не супакойвалася і сіплым голасам абяцала начысьціць рэпу «старому йіврэю».
Торба была паўнюткай - піва халадзіла руку, варушылася на далоні. Уеўшыся зубамі ў поліэтылен, Макар цэдзіў гаючы напой, не пераводзячы дыху. Піва лілося ў нос, залівала вушы і калі б можна было патануць у ім, пахмельны пакутнік зрабіў бы гэта зь вялікай ахвотай. Заглынуўшы добрых тры літры, вернуты да жыцьця пакутнік плюхнуўся на драцяную скрыню, зморана і ўадначас задаволена выдыхнуў:
- Ой, бля-а...
Галава ўмэнт праясьнела, сьвет набыў натуральныя фарбы й Макар, прымружыўшыся, разгледзеў колер трусоў, што віселі на Тамарчыным гаўбцы. Пару хвілін ён ачмурэла глядзеў на чырвона-зялёныя трусы, а сёрбнуўшы з торбы, уголас прашаптаў:
- Можа і сапраўды ўзяць гэтага ёлупня?
Макар падхапіўся на ногі, аддаў торбу з рэштай пітва дзядку, якога кагадзе сагнаў са скрыні, парывістым крокам рушыў па ходніку.
Хоць Тамарка і жыла непадалёку - «хрушчоба» ейная стаяла на другім канцы вуліцы, - бываць у сястры даводзілася рэдка. Сёлета, прыкладам, толькі раз і заходзіў, калі сястра папрасіла павесіць дыван на сьценку. І то, перад тым, як прыйсьці, пяць разоў перапытаў - ці будзе мужык дома? Не хацеў са шваграм сустракацца, бо паміж імі, яшчэ за даўнім часам, прабегла, узьняўшы хваста, чорная кошка. Шыбуючы па ходніку, Макар прымружыў левае вока, зварухнуў - спачатку вуснамі, потым пальцамі, - а налічыўшы сямнаццаць гадоў, уражана пачухаў падбародзьдзе.
Дажджыстым лістападам, адседзеўшы тыдзень на гарнізоннай «губе», Макар ехаў пасьля службы дахаты. І ехаў не адзін, а з сябруком - Васькам Замундаліным.
Прымасьціўшыся на скрыні для сьмецьця - якраз насупраць вагоннай прыбіральні, - сябры пілі нагбом агіднае літоўскае «чарніла», смалілі пяршывыя цыгарэты й нахабнымі вачыма паглядалі на дзяўчын, якія сноўдалі па вагону. Дзяўчынам карцела зайсьці ў прыбіральню, але, пабачыўшы падпітых дэмбелюкоў, яны паварочвалі назад, альбо ішлі ў іншы вагон.
- Нішця-ак... яшчэ сюды вернемся... - мармытаў паміж зацяжкамі туляк Васька Замундалін, мацаючы шнар на верхняй губе.