— Я за ix не хачу ісці замуж, — сказала Камця.
— Чаму? — абрадавана спытаў я.
— Яны б'юцца, за валасы цягаюць, — прызналася яна, — я не хачу з імі дружыць. А ты не б'ешся, за нас, крычатоўцаў, заступаешся. Ці i ты будзеш насміхацца?
— Не, — запэўніў я.
— Але ты мяне ўсё роўна не возьмеш, — сказала з жалем Камця.
— Чаму? — я ледзь не пакрыўдзіўся.
— З вашай вёскі нашых не бяруць, — прамовіла яна.— Вы — местачкоўцы... А мы... Мы — казіне...
— Я вазьму цябе.
— Праўда? — узрадавалася i яна.— I бацькі баяцца не будзеш?
— Не, — зноў запэўніў я i захваляваўся: бацькі я пабойваўся.Ён не крычаў так многа, не бедаваў, як маці («О божа! Нашто мне гэта гора на галаву!»), калі я рабіў блага, a гаварыў разок і, калі было не па яго, браўся за папружку... Вось i думаў я, ці дазволіць ён мне ажаніцца з крычатоўкаю Камцяю, бо сапраўды дасюль з нашай вёскі ніхто з імі не парадніўся...— Калі тата не дазволіць, то я маму папрашу. Яна добрая...
— Мы будзем жыць у нас, — сказала Камця.— Я прывыкла тут.
— I я прывык да сваіх Янковіч, — прамовіў я, i мне стала шкода роднай вёскі.
— А як пажэнімся, будзем разам гуляць? Ці ты захочаш камандаваць мною?
— Не, — сказаў я i адчуў на сваім твары цень.
Падняў галаву: перад намі стаяў Гаптар — Камцін бацька — малы, няголены, злосны. Ступіў i патаптаў сваімі ботамі нашыя «хаткі».
— Дык вось чаго сюды ходзіць пан местачковец...— сказаў ён, i я ўбачыў, што ён п'яны, стаіць i хістаецца, не можа ўтрымацца на нагах. Рэдкія валасы яго апалі на лоб, рукі ён трымаў у кішэнях штаноў i растапырваў ix у бакі. Час ад часу ён ікаў, плюскаў вачамі.
Я ўскочыў.
— Вы... Каб нагі тваёй тут не было, — ён зноў ікнуў, аж трасянуўся.— Мне вы... Пасміхаецеся век... Вон, — ступіў, пагразіў рукою, — вон, не магу бачыць.
Я сарваўся з месца i куляю памчаўся дадому.
— Дзе ты гэта бываеш? — накінулася на мяне маці, калі ўбачыла задыханага ў двары.
Я не сказаў, дзе быў.
— Гойсае недзе, а тут хоць разарвіся: дзіця плача, з рук не злазіць, нешта трэба зрабіць па гаспадарцы, свінні развярнулі загарадку i вылезлі... Ды ў школе людзей збіраюць, відаць, будуць у калгас запісвацца, то трэба схадзіць.
— Мама, — калі яна крыху паспакайнела, спытаў я, — чаму крычатоўцы горшыя за нас?
— Чаго гэта яны горшыя? — здзівілася яна.— Людзі як людзі.
— А чаму з ix смяюцца? — спытаў я.
— Смяецца той, хто розуму не мае, — сказала маці.— Гэта ўсё з некаляшняга... Тады, за панамі, яны бяднейшыя былі, меней зямлі мелі. Цяпер усе роўныя... I яны, i мы скора будзем калгаснікамі.
— А ты не будзеш смяяцца з ix? — хвалюючыся, запытаў я.
— Я ніколі, сынок, не смяялася, бо i сама такая была, ні капелькі не багацейшая, — сказала маці, i я зарадаваўся: значыць, i з Камці не будзе пакепліваць, дазволіць, каб мы пажаніліся.
Мне вельмі хацелася схадзіць у Крычаты, сустрэцца з Камцяю i расказаць ёй пра гэта. Але я баяўся яе бацькі, які нечага неўзлюбіў мяне, i не пайшоў. Сумаваў, кожнага дня хацеў убачыць Камцю.
4