— Ды яны, дзеці, такія. У мяне чацвёра, дык не набрацца ні касцюмаў, ні абутку, — згаджаецца магазіншчыца.
Я слухаю ix i не веру, што магу не толькі падраць, але нават выпацкаць такі чысценькі, з прыемным пахам касцюм. Я не прылягу ў ім, прыйду са школы, зніму яго, вычышчу i павешу ў шафу, дома буду бегаць у старым. Я сёлета пастараюся добра вучыцца, лепш, як летась, каб стаць лётчыкам...
Маці дае магазіншчыцы грошы, знімае з мяне пінжак i азіраецца: у магазін заходзіць высокі вусаты мужчына.
— Ой, якія краслатыя штаны табе, хлопец, купілі, — сур'ёзна кажа ён.— Я такіх краслатых не насіў бы.
Я гляджу на яго, разгубліваюся, адчуваю, што вочы мае туманеюць, бо ў ix збіраюцца слёзы.
— Не слухай яго, хлопчык, дзядзька смяецца, — суцяшае мяне магазіншчыца, бярэ пінжак, штаны, абгортвае ix папераю, звязвае вяровачкаю — Харошанькі касцюмчык... Насі на здароўе i вучыся добра.
Я забываюся ад шчасця сказаць якое добрае слова, толькі калі маці штурхнула ў бок, апомніўся, прамовіў: «Дзінькую».. -
Маці папрасіла магазіншчыцу паказаць блакітную хустку, узяла яе, разгледзела, відаць, хацела купіць, бо доўга не аддавала, але нехаця палажыла на прылавак, апраўдалася:
— Тоненькая вельмі...
Мы развіталіся з магазіншчыцай i вусатым дзядзькам-жартуном i выйшлі на двор. Парыла, было душна i ціха; ніводзін лісточак на бярозах не кратаўся, маўчалі, млосна блішчалі драты, вакол стаяла прыглушаная разамлелая ціш. Я прыклаў руку да грудзей i чуў, як радасна тохкае сэрца.
— Не паспеем мы, Стась, да навальніцы зайсці дадому, — занепакоілася маці, — а пра кніжкі i забыўся, лётчык... Пабеглі хутчэй.
Мы подбегам падаліся ў кнігарню, з яе — у прадуктовую лаўку: трэба купіць булак, цукру, запалак, цукерак маёй сястрычцы — лічы, не быў у мястэчку, калі вярнуўся без гасцінцаў...
Дождж, уліўны, цёплы, грыбасей, дагнаў нас у лесе, абрынуўся як з вядра. Пасвяжэла, пацягнула ветрыкам, пасля бліснула, асляпіла маланка, а за ёю звонка ляснуў гром. Маці зняла з ног туфлі, i мы сышлі з дарогі, сталі пад густой маладою елкай. Увачавідкі змыўся з лесу шэры пыл, вакол усё азелянілася, сабраліся ў спадзінках мутныя ручайкі, падхапілі i панеслі ігліцы, растрэсенае сена.
— Бацька на рабоце, мы гуляем, а сена мокне, — бядуе маці.— Не зусім добра ўсё выйшла... Пападзе нам сёння. Хіба як папяросамі бацьку ўлагодзім, каб не крычаў. Ну, пакажы...
Я падаю ёй пакунак. Яна развязвае матузок, разгортвае паперу i разглядвае.
— Добры касцюмчык! — радуецца маці.— I колер харошы, i падкладачка мякенькая, i моцненькі. Я таго не мела ў твае гады... Шануй толькі.
— Ara, — згаджаюся я.
— Мы адзяём, кормім, а ты вучыся... Цяпер вучыцца можна: хочаш на настаўніка падавайся, хочаш на лётчыка старайся. Ты шчаслівы, што нарадзіцца ведаў калі...— кажа маці, задумваецца i як бы сумуе аб нечым.— Ну, стала далека грымець, то падаліся, сынок. Не з цукру, не растанем.
Мы выйшлі з-пад елкі, пабеглі па сцежцы, цёплых мутных лужынах, i я чуў, як дробна, гулка шалясцяць па маім пакунку празрыстыя чыстыя кроплі дажджу.
1973
МАНЯ
1
Нарэшце перастаў ліць, а пасля імжэць дождж. Неба пачало святлець, пакрысе выблакітнівацца, a невысокія чорна-сінія хмары пасунуліся за Налібацкі лес, i там цяпер злосна крыжавала маланка, бухкаў гром ды абвісала шэрая дажджавая сцяна. Тут жа, у Янковічах, ужо выбліснула сонца, зазіхацела ў кроплях расы на траве i на лісці, у запененых раўчуках i сцішэлых лужынах, прыпарыла — i мокрае наваколле задымілася.
Маня перачакала вялікі лівень i грымоты на лузе ў капе сена разам з вясковымі кабетамі. Як прыбегла дадому, адразу паглядзела, дзе сын. Баялася, каб не напалохаўся: гэтак было сцямнела, а пасля паліла i смаляла. Але Пецькі дома не знайшла: ён, відаць у навальніцу быў у суседзяў, бо цяпер бегаў з іхнім меншым хлопцам на вуліцы па лужынах.
У хаце з пазачынянымі вокнамі i дзвярмі стаяў густы дух, што сабраўся ад напаленай раніцай печы, ад спякоты на дварэ. Ведаючы, што сёння на луг яна ўжо не пойдзе, будзе ля свайго дома, падышла да акна, адкруціла ад цвічка дроцік (кручок вырваўся з падгнілай рамы), піхнула, расчыняючы дзве палавінкі.
Яна затрымала позірк на вуліцы: па ёй ішлі незнаёмыя мужчыны. Двое з ix былі маладыя — высокія, вузкаплечыя, доўгавалосыя i абутыя ў лёгкія сандалі, за плячамі ў ix віселі поўныя сумкі, трэці — пажылы, меншы ростам, але статны ў плячах, у саламяным капелюшы i ў ботах — нёс невялікі чамаданчык. Маладыя не дайшлі да яе хаты, завярнулі ў Янукоў двор, а старэйшы, здаецца, ішоў сюды. Маня ведала: гэтыя людзі — электрыкі i цяпер заходзяць да янкоўцаў i просяцца стаць на кватэру.
Электрыкі прыехалі ў вёску на тым тыдні. Лепш сказаць, спярша паказаліся не яны: спачатку рабочыя прывезлі на машынах, згрузілі i злажылі на выгане доўгія чорныя, прасмаленыя слупы. Потым адключылі святло, абарвалі дрот на старой электралініі, зрэзалі старыя слупы i пачалі выкопваць ямкі, ставілі ў ix цэментаваныя шалі, пасынкі, а да ix прывязвалі новыя высокія слупы.
Тады ўжо заявіліся электрыкі. Яны прыехалі на грузавіку, што вазіў вялікую шпульку тоўстага белага, аж сіняга, дроту, лазілі на слупы, свідравалі ў ix дзюркі i ўкручвалі жалезныя крукі са шклянымі ізалятарамі, пасля нацягвалі i прывязвалі да ix дрот. Жылі першы дзень у тутэйшай школе, самі сабе варылі есці. Але сёння, як гаварылі кабеты на сенакосе, будуць прасіцца ў вяскоўцаў стаць на кватэры.
Маня, як ад агню, адскочыла ад акна: мужчына напраўду ішоў у яе двор. Яна пачала хуценька збіраць i вешаць раскіданае на пасцелі адзенне, выбегла на кухню i паставіла на прыпек чыгуны з зеллем — толькі што збіралася карміць свіней, — зацягнула фіранку. Пачула, як незнаёмец скінуў на ганак лазы i зайшоў у сенцы. Убачыла, што ляжыць на стале нарэзаны хлеб, стаіць міска з кіслым малаком, у малако была накрышана зялёная цыбуля — збіраў сабе есці сын, падсілкаваўся i не прыбраў за сабою. Яна цяпер не паспела нават захінуць гэта газетаю, як незнаемы зайшоў у хату.
—Здарова, гаспадыня! — бойка прывітаўся ён, i яна ўбачыла, што не такі госць пажылы ўжо: проста ходзіць, апусціўшы галаву i згорбіўшыся, няголены, брудны, а так яму недзе гадоў, як i ёй, — за трыццаць. Каб быў светлавалосы, болей дробны на твары, то маладзей выглядаў бы, а то мае буйны нос, вялікі лоб, чорныя валасы, ад таго i старэйшым здаецца.